Традыцыйна ў Міжнародны дзень роднай мовы на Гродзеншчыне праводзіцца абласная дыктоўка, удзел у якой прымаюць усе жадаючыя. Супрацоўнікі аблвыканкама падтрымліваюць гэтую традыцыю штогод. Як і заўсёды, атмасфера ў зале была своеасаблівая і нагадвала сапраўдны школьны дыктант. Гэта і не дзіўна: тэкст чытала сапраўдны настаўнік беларускай мовы.
Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык, сённяшняе мерапрыемства – гэта магчымасць яшчэ раз заявіць пра важнасць захавання роднай мовы.
– Гэта агульнанацыянальны дыктант, які сёння будзе праходзіць у розных установах і аб’яднае ўсіх, хто неабыякавы да роднай мовы. Я ўпэўнены, што тысячы людзей, якія падключацца да гэтай ініцыятывы, імкнуцца да захавання суверэнітэту і самастойнасці нашай краіны. Дыктант заўсёды прысвечаны актуальным тэмам. У гэтым годзе мы будзем пісаць тэкст, які звязаны з Годам міру і стварэння. Ён будзе прысвечаны адкрыццю знакавага аб’екту горада Гродна: экспазіцыі Старога замка. У тэксце будуць апісаны дасягненні беларускага народа, яго стваральнай працы, а таксама дзейнасць нашага народа ў аднаўленні і захаванні сваёй гістарычнай памяці. 21 лютага – Дзень роднай мовы для ўсіх жыхароў нашай планеты. Таму вельмі важна, каб усе народы мелі роўныя правы на захаванне сваёй адметнасці. Для таго, каб кожны народ мог развівацца ў тым накірунку, які для яго ўласна значны, каб захаваць сваю культуру, традыцыі і асаблівасці, а пасля перадаць іх наступнаму пакаленню, – сказаў Руслан Абрамчык.
Начальнік аддзела прафесійнай адукацыі аблвыканкама Андрэй Батура расказаў, што ўдзел у гэтай маштабнай акцыі прымае ўжо другі раз. Па яго словах, ведаць беларускую мову важна і неабходна прадстаўнікам любой прафесіі.
– Сёння ў нас ёсць добрая магчымасць успомніць школьныя гады, урокі, а таксама ўзнавіць пэўныя веды ў правілах беларускай мовы. Гэта дапаможа нам палепшыць узровень сваёй роднай мовы, каб карыстацца ёй далей у нашым паўсядзённым жыцці, – адзначыў Андрэй Батура.
Чытае дыктоўку ўжо чацверты год настаўніца беларускай мовы і літаратуры гродзенскай гімназіі №10 імя Мітрапаліта Філарэта Вахрамеева Ірына Мялешка.