Перамога з характарам. Шчучынцы эфектна пачалі чэмпіянат вобласці па валейболе

 

На выхадных для нашага раёна распачаўся чэмпіянат Гродзенскай вобласці па валейболу. Суботнім вечарам у сценах спартыўнага комплексу па вуліцы Авіятараў шчучынская каманда прымала гасцей з Абухава. Першая гульня сезона прынесла масу эмоцый гледачам, бо каб вызначыць мацнейшага камандам прыйшлося згуляць пяць партый.

 

У пачатку сустрэчы мацнейшымі былі госці. Валейбалісты з Абухава пачалі з доўгай серыі выніковых падач, чым забяспечылі сабе вялікую перавагу. Шчучынцы ж не змаглі даць паўнавартасны адказ на дзеянні саперніка. Шмат чаго ў нашых хлопцаў не атрымлівалася. Таму ў першай партыі з вялікай перавагай і лікам 16:25 мацнейшымі былі Абухаўцы.

 

 

Другая партыя поспеху нашай камандзе таксама не прынесла: абухаўскія валейбалісты навязвалі хуткі тэмп і кантралявалі гульню. Лік на табло пасля другога сэта быў 14:25 на карысць гасцей, якім для перамогі ў матчы заставалася выйграць яшчэ адну партыю.

 

Было бачна, што шчучынцы не хацелі так проста аддаваць перамогу гасцям, тым больш, што каманду падтрымлівалі родныя трыбуны. У трэцяй партыі сітуацыя на валейбольнай пляцоўцы значна памянялася. З самага пачатку нашы хлопцы пачалі адказваць на паспяховыя дзеянні гасцей. Доўгі час каманды ішлі ачко ў ачко, аднак, пасля працяглай барацьбы шчучынская каманда такі выйшла наперад і перамагла ў партыі з лікам 25:18. Такім чынам паспяховы бліцкрыг гасцей быў спынены, а маральны дух нашай каманды падняўся.

 

 

У чацвёртай партыі госці зноў не змаглі спыніць нашых валейбалістаў. На працягу ўсяго сэта каманды ішлі па ачках даволі роўна, але больш трапнымі аказаліся шчучынцы, якія перамаглі ў партыі з перавагай у 3 ачкі 25:22. Атрымалася так, што пасля няўдалага пачатку наша каманда авалодала ініцыятывай і працягнула гульню да пятай партыі, у якой мусіў вырашыцца лёс усяго матчу.

 

Заключная партыя пачалася з добрых атак Абухава. Госці вялі з лікам 1:4, аднак паступова шчучынцы зраўнялі лік на табло 6:6. Пасля непрацяглага парытэту па ачках наперад зноў выйшлі госці, павялічыўшы перавагу на тры (6:9), а потым на чатыры (7:11) ачкі. Аднак шчучынскія заўзятары верылі ў перамогу сваёй каманды і зараджалі валейбалістаў энергіяй для атак. Гэта дало свой плён і гаспадары пляцоўкі хутка зраўнялі лік на табло, а потым давялі партыю да перамогі з лікам 15:13. Такім чынам, пасля няўдалага пачатку сустрэчы шчучынцы змаглі вярнуцца ў гульню і вырваць перамогу ў самай канцоўцы матча.

 

Вынікі сустрэчы падвёў гуляючы трэнер шчучынскай валейбольнай каманды Валянцін Галамбоўскі:

 

– Баявая гульня, каманды па сіле даволі раўназначныя сёння былі, адно толькі першыя дзве партыі мы прайгралі з буйным лікам. Справа ў тым, што ў гэтым сезоне мы ўвялі некалькі новых чалавек у каманду, таму хлопцы былі не зусім згуляныя. Трэба было разабрацца з пазіцыямі на пляцоўцы, наладзіць прыём, пас і пасля гэтага гульня пайшла. Яшчэ некалькі нашых моцных гульцоў не змаглі сёння прыняць удзел у сустрэчы. Гэта першая гульня, пачатак сезона, таму спадзяваюся, што далей каманда будзе больш згулянай. Сёлета пастараемся не толькі паўтарыць, але і пераўзысці вынік мінулага года, калі наша каманда заняла другое месца на чэмпіянаце вобласці. Хачу таксама падзякаваць нашым заўзятарам, іх падтрымка адчувалася на працягу ўсяго матча і моцна дапамагла нам. 

 

 

Сёлета ў чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па валейболе бяруць удзел 15 каманд, якія ў сваю чаргу падзелены на 4 групы. У адной групе са шчучынскімі валейбалістамі за выхад у плэй-офф будуць змагацца каманда з Абухава, аб’яднаны калектыў універсітэта і мытні з Гродна, а таксама зборная Гродзенскага раёна.

 

Наступную гульню шчучынцы правядуць 26 лютага на выездзе ў Гродне супраць каманды ўніверсітэта і мытні.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!