Футбол аб’ядноўвае. На базе СШ № 2 прайшлі спаборніцтвы ў рамках сацыяльна-спартыўнага праекта “Мой школьны футбольны клуб” (+відэа)
У рамках праекта “Мой школьны футбольны клуб” Шчучын наведалі прадстаўнікі Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Віталь Валасюк і Вячаслаў Антоненка.
На базе СШ № 2 яны правялі майстар-клас па арганізацыі спаборніцтваў для дзяцей 3-4 класаў з розным узроўнем футбольнай падрыхтоўкі. Спартыўнае мерапрыемства сабрала хлопчыкаў і дзяўчынак са Шчучынскага, Лідскага і Дзятлаўскага раёнаў.
Падчас конкурсу юных футбалістаў чакалі пяць практыкаванняў, якія мелі на мэце знаёмства з асноўнымі элементамі гульні. Так дзеці вучыліся кантролю мяча, кароткаму пасу, навесам, ударам па розных сектарах варот.
Па выніках спаборніцтваў першае месца сярод хлопчыкаў заняў Вадзім Набокаў з СШ № 3 горада Шчучына, срэбра дасталося Арцёму Бартэлю са шчучынскай гімназіі, а замыкаў прызавую тройку яшчэ адзін вучань гімназіі Мікіта Макей. Сярод дзяўчынак першае і другое месца занялі футбалісткі з Дзятлаўскага раёна Аляксандра Барысевіч і Вікторыя Аўгусціновіч, бронзавым прызёрам стала Ксенія Гарбачэнка з СШ № 3 горада Шчучына.
Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі падарункі: каляндарыкі і дыпломы з аўтографамі гульцоў нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе. Прызёры былі ўзнагароджаны медалямі, а пераможцы яшчэ і памятнымі статуэткамі.
Таксама госці з АБФФ прывезлі інвентар, які перадалі СШ № 2 горада Шчучына. Фішкі, конусы, манішкі, вароты і аблегчаныя мячы, якія памяншаюць рызыку атрымання дзіцячых траўмаў – усё гэта будзе выкарыстана для заняткаў з вучнямі пачатковых класаў.
Пра місію і задачы сацыяльна-спартыўнага праекта “Мой школьны футбольны клуб” расказаў яго кіраўнік Вячаслаў Антоненка:
– Мы выконваем місію па перадачы спартыўнага інвентару для таго, каб дзеці маглі на базе сваёй установы адукацыі займацца футболам і мелі магчымасць наведваць трэніроўкі кожны тыдзень. Асноўная мэта праекта – папулярызацыя футбола як віду спорту. Не мае розніцы, якія здольнасці і ўзровень падрыхтоўкі ў розных дзяцей, галоўнае, каб юныя футбалісты любілі актыўны адпачынак і гулялі разам са сваімі аднакласнікамі, настаўнікамі і бацькамі. Таксама мы вучым настаўнікаў фізічнай культуры, як арганізоўваць цікавыя заняткі з футбольнай тэматыкай. Яшчэ адной нашай мэтай з’яўляецца пошук адораных дзяцей, якія ў будучым могуць звязаць сваё жыццё з гульнёй нумар адзін. Такім чынам мы выконваем ролю своеасаблівага падмурка для спартыўных школ.
Таксама сваімі думкамі з намі падзяліўся настаўнік фізічнай культуры СШ № 2 горада Шчучына Іван Чулкоў:
– “Мой школьны футбольны клуб” вельмі добры праект для папулярызацыі футбола, які карысны яшчэ і тым, што дапамагае сабрацца дзецям у вольны ад заняткаў час. У гэтым годзе наша школа далучылася да праекта і стала апорнай установай адукацыі раёна па развіцці масавага футбола. Спадзяваюся, што гэтая ініцыятыва будзе развівацца і далей.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.