Свята сустракай – пра бяспеку не забывай
У навагоднюю ноч пасля бою курантаў дарогі многіх шчучынцаў і іх гасцей сыходзяцца ля гарадской ёлкі, дзе можна “уплесці” свой добры настрой у агульны клубок весялосці і радасці. Каб час, праведзены ў грамадскім месцы і вялікай кампаніі, застаўся цёплым успамінам, варта ведаць і захоўваць правілы бяспечных паводзін. Пра іх нагадвае начальнік Шчучынскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Сяргей Мікалаевіч СЫЦЭВІЧ:
– Дзеля бяспекі людзей, папярэджання правапарушэнняў і злачынстваў супрацоўнікі міліцыі будуць несці дзяжурства ў навагоднюю ноч ва ўсіх месцах, дзе праводзяцца масавыя культурна-забаўляльныя мерапрыемствы. Мяркуецца, сёлета навагодні карнавал і дыскатэка пад адкрытым небам адбудуцца на пляцоўцы ля Цэнтра культуры ў аграгарадку Васілішкі, а таксама па традыцыі на плошчы Свабоды ў Шчучыне. Гэтыя месцы па перыметры будуць абнесены турнікетамі, а праход да іх арганізаваны праз КПП. У Васілішках за парадкам будуць сачыць і дружыннікі.
На навагоднія мерапрыемствы з удзелам вялікай колькасці людзей нельга прыходзіць у стадыі ап’янення. Забараняецца прыносіць з сабой пад ёлку алкагольныя, слабаалкагольныя напіткі і піва, петарды, колючыя і рэжучыя прадметы. Тым, хто перабраў лішку за навагоднім сталом, лепш застацца дома. Выходзячы ў людныя месцы, пакіньце малых дзяцей пад наглядам радні: для іх бяспечна, для бацькоў спакойна.
У навагоднюю ноч пільнасці і асцярожнасці не трэба страчваць нікому. Мацней трымайце сумачкі і барсеткі, не пакідайце рэчы без нагляду, у прысутнасці чужых людзей не раскрывайце шырока кашалькі. Здымаючы грошы ў банкамаце, сачыце, каб побач не аказалася занадта цікаўных да пін-кода вачэй. Разлічваючыся на касе, звярніце ўвагу, ці не з’явіліся ў навагоднім чэку дадатковыя “пакупкі”. Не верце безаглядна ў паведамленні, што вам пашанцавала стаць пераможцам нейкай рэкламнай гульні, а каб атрымаць “падарунак лёсу”, дастаткова пералічыць невялікую суму... Часта гэта “кручок”, які закідваюць аферысты.
Рэалізацыя спіртных напояў дазваляецца толькі ў кафэ і рэстаранах, якія маюць права на гандаль у адпаведнасці з законам.
Не сустракайце Новы год у кампаніі малазнаёмых людзей: ужыты алкаголь хутка ператварае прыстойнага з віду чалавека ў грубіяна і дэбашыра. Не ўпускайце ў кватэры Дзядоў Марозаў і Снягурак, якія прыйшлі з віншаваннямі ад быццам бы вашых сяброў ці калег.
У навагоднюю ноч пры магчымасці не сядайце за руль, нават калі вы цвярозыя: на вашым шляху могуць аказацца і пешаходы “пад мухай”, і “смелыя” вадзіцелі. Дарэчы, на прылеглых да месцаў масавых навагодніх гулянняў вуліцах рух транспарту будзе абмежаваны.
Праявіце асцярожнасць пры запуску піратэхнікі. Не палянуйцеся ўважліва прачытаць інструкцыю.
Слушныя парады занатавала Таццяна ПАЛУБЯТКА.