Стагоддзі, звязаныя ніткамі. “Дзянніца” пазнаёмілася з традыцыямі вышыўкі вёскі Шайбакі

Сёння вышыўка з’яўляецца даволі распаўсюджаным хобі. Існуе вялікае мноства тэхнік гэтага рукадзелля, з дапамогай якіх гаспадыні ствараюць упрыгажэнні для адзення і інтэр’еру. Аднак не кожную вышыўку можна лічыць творам мастацтва. А вось вырабы Караліны Машкала з вёскі Шайбакі, на наш погляд, можна назваць сапраўднымі шэдэўрамі, якія да таго ж бяруць свой пачатак у сямейных традыцыях.
Караліна Рудольфаўна ўжо на пенсіі, але і сёння памятае, як яшчэ маленькай дзяўчынкай вучылася вышываць. Пераймала яна досвед ад бабулі і маці.
– Мама працавала даяркай, – кажа спадарыня Караліна. – Але, акрамя гэтага, была яшчэ і выдатнай краўчыхай. Вельмі добра вышывала, дык яшчэ і па гаспадарцы паспявала ўсё рабіць. Мала таго, што касцюмы і сукенкі шыла, то яна яшчэ буркамі, паліто і курткамі займалася. Таму тады я была на вёсцы па абноўках самай першай дзяўчынай.


У хаце Караліны Рудольфаўны дагэтуль захоўваецца вышыўка маці і бабулі. Гэтыя вырабы сталі своеасаблівай сямейнай рэліквіяй. І сапраўды, ганарыцца ёсць чым, тым больш што найстарэйшую посцілку з гэтай калекцыі бабуля Караліны Машкала вышыла прыкладна сто гадоў таму.
Асноўныя сюжэты сямейнай вышыўкі – гэта прырода. Часта на старых вырабах можна заўважыць ініцыялы. Раней так часта рабілі, асабліва калі вышыўка дарылася. З аднаго боку пісаліся ініцыялы таго, каму прызначаецца падарунак, а з другога – аўтара падарунка.
Любімая тэхніка маёй суразмоўцы – вышыўка гладдзю. Калі летам працы хапае, то доўгімі зімовымі вечарамі паратунак ад суму жанчына знаходзіць у вышыўцы. Караліна Рудольфаўна вышывае посцілкі, навалачкі, абрусы, ручнікі, адзенне, аднак самыя цікавыя яе творы – гэта абразы, якія яна пачала рабіць адносна нядаўна.
– Калі пачалася эпідэмія кавіду, то я вырашыла рабіць абразы. Гэтая вышыўка стала маім своеасаблівым ахвяраваннем Богу, каб як мага менш людзей цярпелі ад гэтай страшнай хваробы. За аснову для сваіх вырабаў я бяру сапраўдныя іконы маленькага памеру. Пробашч нашай парафіі Збігнеў Драгула спецыяльна раздрукаваў для мяне іх копіі ў павялічаным фармаце, каб зручна было працаваць. Таксама мне дапамагае мой пляменнік са Шчучына, які малюе эскізы абразоў на тканіне, а я паверх гэтых малюнкаў вышываю ніткамі мулінэ.

Вышыўка абразоў – справа нялёгкая. На адзін такі твор ідзе даволі шмат часу, бо трэба добра адлюстроўваць колеры і іх адценні, асабліва цяжка вышываць лікі. На сёння ў Караліны Машкала вышытыя два абразы з Маці Божай і Ісусам Хрыстом. А ў працэсе зараз знаходзіцца яшчэ адзін абраз Маці Божай.
На развітанне спадарыня Караліна расказала аб гаспадарцы, якую яна трымае разам з сынам з Васілішак. Гадуюць яны курэй, коней і авечак, а нядаўна з’явілася папаўненне – маленькія ягняты, аднаго з іх жанчына нам паказала. Вось такая гаспадыня жыве ў вёсцы Шайбакі.
Будзем спадзявацца, што Караліна Машкала вышые яшчэ шмат абразоў, якія стануць мастацкай разынкай як Васілішкаўскага краю, так і ўсёй Шчучыншчыны. Бо творы гэтыя ўнікальныя і, безумоўна, заслугоўваюць увагі.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.
