“Вясёлкавыя ніці”. Выстава пад такой назвай зараз праходзіць у Шчучынскім цэнтры культуры і народнай творчасці. Наведайце: не пашкадуеце!

 

У наш час людзі вышываюць не таму, што ёсць такая неабходнасць, а для душы. Гэта ў мінулыя стагоддзі вышыўка патрабавалася для ўпрыгажэння адзення і дома. Бо як інакш было стварыць уборы да свята і зрабіць жытло ўтульным? Да таго ж кабета, якая не вышывала, лічылася… дрэннай гаспадыняй.

 

Вышыванне было традыцыяй і неад'емнай часткай жыцця кожнай жанчыны. У наш час гэта хобі, якое прыносіць станоўчыя эмоцыі і ў рэдкіх выпадках дадатковы заробак. Вось і супрацоўнікі аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва РЦКіНТ вырашылі арганізаваць выстаўку майстрых па вышыўцы  Шчучынскага раёна пад прыгожай назвай “Радужная нить”. Трэба сказаць, што наш край вельмі багаты на таленавітых людзей. Але не многія гатовы расказаць аб сваіх захапленнях і поспехах, што вельмі шкада. Сціплыя ў нас людзі.

 

 

І ўсё ж знайшліся энтузіясты, якія даверылі свае любімыя вырабы і перадалі іх на ўсеагульны агляд. На выставе ў фае раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прадстаўлены работы такіх вышывальшчыц як Вольга Смірнова і Кацярына Васілюк са Шчучына, Яніна Сяргей з аграгарадка Васілішкі, Наталля Хурс з гарадскога пасёлка Астрына.

 

Знаёмства з вышыўкай адбылося ў многіх з нас, а вось як хобі на ўсё жыццё гэты від творчасці становіцца толькі для абраных. Пэўна, трэба мець асаблівае цярпенне, пачуццё прыгажосці, добры густ і спрытныя рукі, а яшчэ -- быць у душы мастаком. Многія майстрыхі сыходзяцца ў меркаванні, што вышыўка супакойвае, прыносіць адчуванне шчасця і гармоніі, здымае стомленасць пасля напружанай працы.  А яшчэ цікавы занятак дазваляе мець стасункі з аднадумцамі і заводзіць новыя знаёмствы. Многім падабаецца працэс стварэння прыгажосці, калі з простых матэрыялаў атрымліваецца маленькі шэдэўр.

 

 

Кожны, хто наведае вернісаж “Радужная нить”, несумненна, атрымае асалоду ад прагляду цудоўных работ нашых таленавітых вышывальшчыц. Яшчэ ёсць час, каб наведацца да нас у Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, дзе на другім паверсе і праходзіць выстаўка.

 

 

Вольга КАРАНКЕВІЧ, загадчыца аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва Шчучынскага РЦКіНТ.

Фота Таццяны СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!