Новы імідж школы, падарункі ад упраўлення ДАІ Гродзенскага аблвыканкама і ўрок гісторыі з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь – насычана прайшоў Дзень ведаў у Ражанкаўскім дз/с-СШ

 

Першага верасня – свята першага школьнага званка не толькі для педагогаў і вучняў Ражанкаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Гэта асаблівы дзень для ўсіх мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый. Менавіта таму іх кіраўнікі і прадстаўнікі абавязкова прымаюць удзел ва ўрачыстай лінейцы, віншуюць з пачаткам навучальнага года дзяцей і дарослых, якія вучацца і працуюць у гэтай навучальнай установе.

 

На гэты раз урачыстасць, як заўсёды, праходзіла ў цёплай, сяброўскай атмасферы. Удзел у ёй прымаў начальнік упраўлення ДАІ Гродзенскага аблвыканкама Генадзій Бяляўскі, для якога візіт на Шчучыншчыну мае асаблівае значэнне – ён наш зямляк, нарадзіўся і вырас у Шчучыне. Раздзяліць радасць моманту прыехала і Святлана Вараніца – намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА "Белая Русь".

 

 

Ва ўнутраным дворыку школы сабраліся вучні, іх бацькі, педагогі… З выдатным настроем яны пачынаюць новы навучальны год. Асаблівы гэты дзень для першакласнікаў, якія толькі-толькі пераступілі школьны парог. Апладысментамі сустракалі самых маленькіх вучняў іх старэйшыя сябры. Урачыста знаменная група ўносіць на лінейку сцяг рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Над школьным дворыкам узвіваецца сцяг Рэспублікі Беларусь. Пад гукі Дзяржаўнага гімна, які з асаблівым пачуццём гонару за родную краіну ўсе разам выконваюць дарослыя і дзеці, яго ўздымаюць вучаніцы 11 класа Вераніка Мікалайчык і Дзіяна Астаповіч. 

 

 

З самымі шчырымі словамі віншаванняў і пажаданнямі поспехаў у новым навучальным годзе звярнулася да ўдзельнікаў урачыстай лінейкі дырэктар Ражанкаўскага дз/с-СШ Ала Цівінская.

 

– Школа – гэта вялікая сям'я, а ў сям'і вельмі любяць сваіх дзяцей, акружаюць іх дабрынёй і павагай,  – заўважыла Ала Тадэвушаўна. – Мы таксама любім усіх сваіх вучняў. Сёлета школа сустракае хлопчыкаў і дзяўчынак абноўленай, з новым іміджам. Вялікія школьныя калідоры напоўніліся інтэрнэт-бібліятэкай, грыфельныя дошкі дапамогуць рашаць складаныя задачы, адкрыты новыя прасторы для зносін. Мы робім усё магчымае, каб вам было ўтульна і камфортна, каб вы імкнуліся атрымліваць новыя веды.

 

Ала Тадэвушаўна падзякавала Шчучынскаму райвыканкаму за выдзеленыя 60 тысяч рублёў на рамонт даху, а таксама ўсім партнёрам, якія заўсёды гатовы дапамагчы ў вырашэнні самых розных пытанняў. Сёлета дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з ААТ "Шчучынаграпрадукт" і яго кіраўніком Вольгай Патапчык чацвёра выпускнікоў аграрнага класа выбралі аграрныя спецыяльнасці, а трое з іх атрымалі мэтавыя накіраванні.

 

 

З пачаткам новага навучальнага года павіншаваў усіх Генадзій Бяляўскі. Ён пажадаў вучням поспехаў у вучобе, настаўнікам – новых дасягненняў, а бацькам – цярпення і вытрымкі. Здароўя, здзяйснення ўсіх мар, новых грунтоўных ведаў пажадала ўсім Святлана Вараніца. І заўсёды памятаць аб тым, што ў іх ёсць іх родная Беларусь.

 

Генадзій Дзіянізавіч і Святлана Уладзіміраўна ўручылі падарункі выпускнікам і першакласнікам. А дырэктар школы ўзнагародзіла лепшых вучняў за пэўныя поспехі ў мінулым годзе: лепшым спартсменам школы яна ўручыла бронзавыя значкі "Спартыўная змена",  а дыпломы – прызёрам раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Свой галоўны падарунак у гэты дзень атрымалі і першакласнікі: ганаровыя госці свята ўручылі хлопчыкам і дзяўчынкам іх першы падручнік "Беларусь – наша Радзіма" – спецыяльны падарунак ад Прэзідэнта нашай краіны  А словы на дарогу і самыя лепшыя пажаданні адрасавалі самым маленькім вучням школы іх бацькі.

 

 

Асаблівым стаў гэты дзень і для выпускнікоў, якія праз год развітаюцца са школай. У шчырай любові да сваёй альма-матэр прызнаваліся ўжо такія дарослыя хлопцы і дзяўчаты, а сваім маленькім сябрам яны далі асаблівы наказ і ўручылі падарункі.

 

Урачыста прагучаў першы ў гэтым навучальным годзе школьны званок, права даць які атрымалі адзінаццацікласнік Яўгеній Конан і першакласніца Валерыя Захарчук. Ён заклікаў школьнікаў на першы ўрок, тэма якога – "Гістарычная памяць – дарога ў будучыню".

 

А вось першы ўрок для старшакласнікаў правёў у гэтым навучальным годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Вучні 10-11 класаў Ражанкаўскага дз/с-СШ, а таксама госці свята сабраліся ў камп'ютарным класе, каб у рэжыме онлайн прыняць удзел у такім эксклюзіўным мерапрыемстве. Гэта быў для іх вельмі хвалюючы момант: кіраўнік нашай краіны звяртаўся менавіта да іх, маладых людзей, якім праз некалькі год прадстаіць будаваць будучае нашай краіны.   

 

 

– З вялікай увагай, каб не прапусціць ніводнага слова, слухала Прэзідэнта нашай краіны, – дзеліцца сваім уражаннем адзінаццацікласніца Дзіяна Астаповіч. – Гэты асаблівы для мяне ўрок запомніцца на ўсё жыццё. Я вельмі рада, што жыву ў нашай любай свабоднай Беларусі, якая ідзе шляхам развіцця, дзякуючы палітыцы, абранай Аляксандрам  Рыгоравічам Лукашэнкам. Слухаючы Прэзідэнта, злавіла сябе на думцы, што мы, моладзь, проста абавязаны апраўдаць давер кіраўніка нашай дзяржавы – у нашых руках будучае нашай Беларусі. А пабудаваць яго мы зможам толькі шануючы мінулае.

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!