Першы ў раёне і вобласці: Дзмітрый Тарасевіч з ААТ “Васілішкі” на айчынным камбайне “КЗС-1624” намалаціў 2000 тон збожжа
Механізатар ААТ “Васілішкі” Дзмітрый Тарасевіч хутчэй за ўсіх у раёне намалаціў 2000 тон збожжа. Вельмі важна, што наш зямляк яшчэ і першым у вобласці дасягнуў гэтага высокага рубяжа на камбайне айчыннай вытворчасці “КЗС-1624”.
З гэтай нагоды – адзначыць высокія вынікі працы Дзмітрыя прыехалі прадстаўнікі ААТ “Гомсельмаш”, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Генрых Юрэвіч і кіраўніцтва ААТ “Васілішкі”.
Па словах намесніка дырэктара цэнтра продажу і сэрвісу ААТ “Гомсельмаш” Васіля Абрамовіча, у гэтым годзе прадпрыемства праводзіць спаборніцтва сярод механізатараў, якія працуюць на гомельскіх камбайнах. Падарункі атрымліваюць аграрыі кожнай вобласці, якія першымі па чарзе намалочваюць ад адной да шасці тысяч збожжа.
У Гродзенскай вобласці хутчэй за ўсіх тысячу тон на гомельскім камбайне намалацілі ў Зэльвенскім раёне, а вось двухтысячнага рубяжа першым на Гродзеншчыне дасягнуў Дзмітрый Тарасевіч.
Акрамя віншаванняў і ўзнагароджання, візіт прадстаўнікоў ААТ “Гомсельмаш” меў практыкаарыентаваны вынік. Так, камбайнер змог грунтоўна абмеркаваць з экспертамі працу новай машыны.
– Талковы механізатар, – адзначыў Васіль Абрамовіч. – Думаем, што мы сюды і на першыя тры тысячы тон прыедзем, таму чакайце нас. Сёння мы паслухалі прапановы камбайнера, пасля ўборачнай кампаніі нашы спецыялісты прыедуць на планавае абслугоўванне машыны і вылухаюць дадатковыя заўвагі, такім чынам мы зможам палепшыць нашу прадукцыю.
Патэнцыял “КЗС-1624” вялікі. Нядаўна на ім было намалочана 300 тон збожжа за адзін дзень, гэта рэкорд года ў Беларусі для падобнага класа камбайнаў. Варта адзначыць, што машына высока цэніцца за мяжой. У нашым раёне такая мадэль адна, справа ў тым, што “КЗС-1624” – несерыйны камбайн, ён робіцца паралельна канвееру, таму гэты тавар, можна сказаць, эксклюзіўны.
Застаўся задаволены сустрэчай і Дзмітрый Тарасевіч.
– Вельмі прыемна атрымаць падарункі і ўзнагароды, – адзначыў камбайнер. – Важна яшчэ, што мы з прадстаўнікамі ААТ “Гомсельмаш” добра пагутарылі, я выказаў свае прапановы, а яны далі парады па карыстанні машынай. Камбайн выдатны, пытанняў няма, але некаторыя дробязі можна яшчэ ўдасканаліць.
Таксама мы пацікавіліся ходам уборкі ў ААТ “Васілішкі”. Гэтай інфармацыяй з намі падзяліўся дырэктар гаспадаркі Антон Бурнос:
– План уборкі ў прадпрыемства 6800 гектараў, на сёння ўбралі 49 %. Хачу адзначыць, што сёлета радуе ўраджайнасць, яна складае 58,5 цэнтнера з гектара, гэта ў сярэднім па ўсіх культурах. Працуем мы напружана, але тэмпамі ўборкі і ўраджаем задаволены. Спадзяваемся толькі на добрае надвор’е.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.