Будуем – значыць, жывём!

 

Меней чым за год у гарадскім пасёлку Астрына па вуліцы Жукоўскага вырас стыльны і сучасны жылы будынак. Зусім хутка спецыялісты ААТ “АграГЖС” будуць спраўляць наваселлі.

 

– Нядаўна гэтыя гектары займала пустка, і яшчэ той была задачка, каб тут усё абкасіць і падтрымаць парадак, – усміхаецца старшыня Астрынскага сельвыканкама Наталля Лебядзевіч. – А цяпер вакол добраўпарадкаванай тэрыторыі з зялёнымі насаджэннямі красуецца шасцікватэрны дом з гаражамі, які ў пасёлку паўжартам называюць пент-хаўсам, пэўна, з-за еўрапейскай планіроўкі. Па суседстве – дзіцячы садок. У крокавай даступнасці і школа…

 

Прыгожы будынак у рэкордны тэрмін узвялі будаўнікі прадпрыемства “Гроднажылбуд”. Як кажуць, засталося ўнесці некалькі апошніх штрыхоў. У прыватнасці, мы засталі майстроў за праверкай электраабсталявання. Дарэчы, гэта не першы дом, узведзены для мясцовага сельгаспрадпрыемства. Аб замацаванні кадраў і стварэнні належных умоў для іх тут задумваюцца ўсур’ёз.

 

А калі ёсць надзейны дах над галавой у маладых, то і буслы з немаўлятамі часцей завітваюць у хаты. Сёлета дэмаграфічная карцінка на Астрыншчыне вымалёўваецца больш аптымістычнай. З пачатку года на тэрыторыі сельсавета нарадзілася 9 дзетак. Вось і ў той дзень, калі мы завіталі ў сельвыканкам, кіраўнік спраў Алена Цагельнік зарэгістравала нованароджанага – хлопчыка Уладзіслава. Гэта трэцяе дзіця ў сям’і Яўгенія і Дзіяны Цыбульскіх. Прырастае рэгіён і новымі жыхарамі, і дамамі.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!