Першая заметка, як першае каханне…

 

Нядаўна  “Дзянніца” распачала чарговы праект -- “Проба пяра”. Маладыя людзі спрабуюць свае творчыя сілы ў якасці юных карэспандэнтаў.

 

-- А мая першая публікацыя на старонках газеты з’явілася ні многа ні мала, а 60 год назад! – здзіўляе наш зямляк Аляксандр Вярцінскі. – 24 ліпеня 1962 года ў “Савецкай вёсцы” (такую назву насіла тады шчучынская раёнка) быў надрукаваны допіс 14-гадовага школьніка Сашы Вярцінскага пад назваю “Адзвінелі косы”. Для мяне, сельскага хлапчука, гэта стала сапраўднай падзеяй. А галоўнае, што з публікацыі ўвесь раён даведаўся пра нашых працавітых людзей з вёскі Пашыцы. З таго часу пачалося супрацоўніцтва з газетай. А потым шчучынская рэдакцыя стала і маім першым рабочым месцам. Ці ж забываецца такое?

 

 

Як лічыць Аляксандр Эдмундавіч Вярцінскі, які перад выхадам на пенсію амаль два дзесяцігоддзі ўзначальваў упраўленне арганізацыйнай работы Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, менавіта сяброўства з нашай раёнкай паўплывала на выбар прафесіі, дало старт у вялікае жыццё і дапамагала ў росце па дзяржаўнай службе.

 

Ён даўно мінчанін, але Шчучыншчына, землякі, родная газета займаюць асаблівае месца ў ягонай душы.

 

-- Напачатку 60-х я, будучы яшчэ старшакласнікам Ракавіцкай СШ, спяшаўся ў райцэнтр на вуліцу Гастэлы, 5 на заняткі школы сельскіх і рабочых карэспандэнтаў, -- узгадвае наш суразмоўца. – Атрыманыя веды дапамагалі рыхтаваць цэлыя падборкі навін з калгаса імя Калініна, не гаворачы ўжо пра рэпартажы аб школьных падзеях.

 

Пройдуць гады, і ўжо аналітычныя артыкулы Аляксандра Вярцінскага будуць рэгулярна друкавацца ў вядучых СМІ краіны -- рэспубліканскіх газетах, часопісе “Беларуская думка”. Наш зямляк стане суаўтарам кнігі “Парламент – Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь” і многіх іншых парламенцкіх выданняў, брашур і распрацовак па заканатворчай тэматыцы. Бо ў свой час А.Э. Вярцінскага не аднойчы выбіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Увогуле рабоце ў парламенце наш зямляк аддаў шмат гадоў сваёй плённай і творчай працы.

 

 

А тады ў юнацтве, у 1964 годзе, зусім не выпадкова творчага і дысцыплінаванага маладога чалавека запрасілі на работу ў рэдакцыю “Савецкай вёскі” ў якасці літсупрацоўніка. Відаць, беспамылкова ўбачылі ў гэтым чалавеку вялікі патэнцыял. Аляксандр Вярцінскі стаў камсамольскім важаком у педінстытуце, узначальваў штаб студэнцкіх будаўнічых атрадаў пры Гродзенскім абкаме ЛКСМБ. Пасля армейскай службы працаваў дырэктарам Біцеўскай школы, затым – намеснікам генеральнага дырэктара вытворчага аб’яднання “Смаргоньсілікатбетон”. Заўжды ён займаўся грамадскай работай, дапамагаў людзям, вырашаў шматлікія сацыяльныя пытанні, быў актыўным дэпутатам.

 

-- Я жыву сярод людзей і дзеля людзей, -- вось крэда гэтага незаспакоенага і надзвычай нераўнадушнага чалавека.

 

Ужо некалькі год, як Аляксандр Эдмундавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. З’явілася магчымасць яшчэ часцей наведваць малую радзіму, сустракацца з землякамі, асэнсоўваць перажытае. У яго публіцыстычных нататках, якімі аўтар зноў падзяліўся з нашай рэдакцыяй, цёплыя ўспаміны пра землякоў, мноства прозвішчаў умелых майстроў, расповеды пра ўзбуйненне калгасаў, дасягненні ў сельскай гаспадарцы. Журналісцкая іскрынка, што ўспыхнула ў юначым сэрцы 60 год назад і была падтрымана ў нашай газеце, на працягу жыцця разгаралася ўсё ярчэй.  На адным з дасланых у рэдакцыю здымкаў Аляксандр Эдмундавіч паказвае родным – жонцы Марыне Казіміраўне, дачцы, зяцю і ўнукам – першае месца сваёй работы, дзе і сёння непагаснае святло “Дзянніцы” дапамагае моладзі знайсці свой шлях і творчы почырк.  

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота з асабістага архіва А.Э. Вярцінскага.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!