Парадак у агульным доме – справа рук улады і людзей
На гэтым тыдні ў раёне прайшоў чарговы Дзень сельсавета. Гэта своеасаблівы экзамен для асобна ўзятай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, калі даецца ацэнка канкрэтнай рабоце па павышэнні ўзроўню жыццезабеспячэння насельніцтва. На гэты раз у цэнтры ўвагі аказаўся Орлеўскі сельсавет. Удзел у мерапрыемстве прынялі адказныя службовыя асобы райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, кіраўнікі многіх раённых службаў і арганізацый, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання.
Пачаўшыся з наведвання і знаёмства з работай аб’ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Орлеўскага сельсавета і іграюць важную ролю ў сістэме жыццезабеспячэння мясцовага насельніцтва, мерапрыемства завяршылася пленарным пасяджэннем. Такі парадак дня ў чарговы раз пацвердзіў сваю актуальнасць і жыццёвасць: нашмат прасцей ацэньваць тое, што пабачыў на свае вочы.
Дзень сельсавета – своеасаблівы экзамен і да таго ж планавае мерапрыемства. Як і належыць добрым гаспадарам, і ў ракавіцкай старонцы сельсавета і ў прынёманскай старанна рыхтаваліся, наводзілі марафет на тэрыторыі і ў аб’ектах з мясцовай прапіскай. Ля установы адукацыі «Вучэбна-педагагічны комплекс Ракавіцкі д/с- СШ» госці загледзеліся на шахматныя фігуры, аэраплан і іншыя яркія рукатворныя кампазіцыі і аўтэнтычныя рэчы, якія ўпрыгожваюць тэрыторыю. Дырэктар І.В. Пазняк і педагогі правялі па школе, расказалі пра арганізацыю вучэбна-выхаваўчага працэсу. Светлыя калідоры, прасторныя кабінеты, цудоўная спартыўная зала, утульная сталоўка… Установа адукацыі не саступае сталічным, мае сваю багатую гісторыю: сёлета тут будзе 64-ы выпуск.
У Ракавічах прыемна было зайсці ў мясцовы Дом культуры, дзе праводзяцца цікавыя мерапрыемствы, працуюць клубныя фарміраванні для дарослых і дзяцей, захоўваюць народныя традыцыі і культуру. Добрае ўражанне і ад сельскай бібліятэкі з яе багатым фондам кніг і электронных выданняў.
Па-суседску з гэтымі ўстановамі і таксама пад адным дахам – магазін «Родны кут» і ФАП. Месячны тавараабарот крамы – да 19 тысяч беларускіх рублёў. Аналагічны гандлёвы аб’ект у занеманскіх Зачэпічах са 119 жыхарамі таксама запатрабаваны. І ў адной, і ў другой крамах добрыя работнікі прылаўка, адзначыла старшыня Орлеўскага сельскага Савета дэпутатаў Я.М. Ярошык. Задаволены пакупнікі і работай магазіна «Родны кут» у аграгарадку Орля, дзе выручка даходзіць да 23 тысяч рублёў. Дарэчы, усяго на тэрыторыі сельсавета патрэбы вяскоўцах у таварах і прадуктах забяспечваюць 8 магазінаў спажыўкааперацыі і два ІП.
Пра медыцынскае абслугоўванне жыхароў сельсавета размова зайшла ў сценах ФАПа ў Ракавічах і Орлеўскай урачэбнай амбулаторыі. Загадчыца ФАПа Р.І. Пазняк падзялілася добрай навіной: маўляў, тыдзень таму прывіталі новую маленькую жыхарку. Медык задаволена і тым, што звыш сотні сяльчан ўжо зрабілі прышчэпку ад грыпу. А вось загадчык сельскай установы аховы здароўя ў Орлі А.А. Амельчанка заклапочаны: на ўрачэбным участку многа людзей ва ўзросце. Сёлета нарадзілася трое немаўлят, а скончылі свой зямны шлях 25 дарослых… На думку ўрача, варта забяспечваць абсталяваннем, тэхнікай і кадрамі сельскія ўчастковыя бальніцы – такія, як у Жалудку. Што да мясцовай амбулаторыі, то яна запатрабавана ў жыхароў 20 населеных пунктаў, а гэта 1260 чалавек.
Шукаюць новыя формы работы, пашыраюць спектр паслуг орлеўскія паштавікі. Калектыў аддзялення сувязі вельмі дружны, хваліць падначаленых кіраўнік РВПС А.С. Земская. Так, з верасня па вёсках сельсавета курсіруе вадзіцель-паштальён. Акрамя традыцыйных паслуг, пошта рэалізуе тавары, прымае заказы на выраб аншлагаў, паштовак з рэквізітамі канкрэтнай арганізацыі, іншай рэкламнай прадукцыі.
Пра эфектыўнасць работы сельскагаспадарчай галіны ў цэлым і МТф “777” у Прэціме ў прыватнасці расказалі антыкрызісны ўпраўляючы ААТ «Орля» А.У. Козіч, галоўныя спецыялісты. На ферме ўтрымліваецца 1480 галоў жывёлы, у тым ліку 777 дойных кароў. Тут склаўся нядрэнны калектыў, у параўнанні з мінулым годам ёсць рост у надоях, хаця, па праўдзе, не такі заўважны, як у іншых сельгаспрадпрыемствах раёна. І.Ю. Сакалоўскі нагадаў пра галоўную аксіёму павышэння прадуктыўнасці – дыктат тэхналогій.
Не хацелася сыходзіць з адміністрацыйнага будынка Зачэпіцкага лясніцтва і Дома паляўнічага. Тут асаблівыя паветра і прырода, не кажучы пра камфортныя ўмовы, створаныя для працы сваіх работнікаў, пражывання і адпачынку гасцей. У прыватнасці, зацікавіла дызайнерскае рашэнне пры афармленні ўнутраных памяшканняў.
Вёска Зачэпічы размешчана на мяжы трох раёнаў: Шчучынскага, Мастоўскага і Дзятлаўскага. У гады Вялікай Айчыннай яе ваколіцы сталі партызанскім краем. Пра той гераічны час нагадвае помнік загінуўшым воінам і партызанам на мясцовых могілках. Удзельнікі мерапрыемства спыніліся ля памятнага месца, схілілі галовы і усклалі да брацкай магілы карзіну з кветкамі. Асаблівыя пачуцці напоўнілі сэрцы падчас наведвання абноўленага летась мемарыяльнага комплексу «Музей-зямлянка» у Зачэпічах. Тут гасцей прывітала дырэктар Орлеўскага дзіцячага сада-СШ імя С.П. Шупені М.П. Сядзельнік, а экскурсаводамі выступілі вучні.
– Мы сёння сабраліся, каб вызначыць ступень узаемадзеяння ўлады пярвічнага звяна, сельсавецкага актыву з раённымі арганізацыямі па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, характэрных для рэгіёна, – падкрэсліў, адкрываючы пленарнае пасяджэнне І.Ю. Сакалоўскі.
Разгорнутую характарыстыку сельсавету дала старшыня Орлеўскага сельскага Савета дэпутатаў Я.М. Ярошык. На яго тэрыторыі, які ў 2013 годзе прырос ракавіцкім рэгіёнам, пражываюць цяпер 2105 чалавек. Запатрабаванні ў людзей звычайныя: жыць у бяспецы, мець працу, дастатак у доме, магчымасць паправіць здароўе, набыць неабходны тавар, ездзіць па добрых вуліцах і дарогах… Належны ўзровень жыццядзейнасці насельніцтва атрымліваецца забяспечыць агульнымі намаганнямі, лічыць Яніна Міхайлаўна. Яна прывяла прыклады шматвектарнага ўзаемадзеяння ўлады, арганізацый і ўстаноў, саміх людзей. Так, на рахунку аглядавай камісіі – 740 абследаванняў домаўладанняў. «Мы наведваем дамы да той пары, пакуль гаспадар не ўхіліць парушэнні», – сцвярджае Я.М. Ярошык. 27 населеных пунктаў з 36 ахоплены сацыяльным абслугоўваннем: патрэбу ў дапамозе мае 91 вясковец. Разам наводзяць чысціню і парадак на зямлі.У Ракавічах, Орлі і Ліпічна зборам і вывазам цвёрдых бытавых адходаў займаецца РУП ЖКГ, у астатніх населенных пунктах для гэтага задзейнічаны транспарт ААТ «Орля». Многа зроблена па навядзенні парадку на месцах апошняга спачыну. А вось на могілках у Орлі яшчэ трэба знесці нахіленыя дрэвы. Прыбраны 14 стыхійных звалак смецця. Працягваецца работа па зносе спарахнелых дамоў: сёлета 4 разабралі ўласнікі, яшчэ некалькі будуць прыбраны ў адпаведнасці з рашэннем суда. Усіх жа «асірацелых» будынін каля 800.
Не ўдалося пазбегнуць і страт, прызнала старшыня: на пажарах загінула 3 чалавекі… Не атрымалася палепшыць стан асобных дарог і вуліц. Між тым, за рамонт дарог Орля –Ражанка і Орля-Жалудок вяскоўцы ўдзячны. Добрае партнёрства ва ўлады з кіраўніцтвам ДРБУ-161 і РУП ЖКГ.
Свае заўвагі выказаў і І.Ю. Сакалоўскі. Па яго словах, усе аб’екты, якія наведалі ўдзельнікі Дня сельсавета, выконваюць свае функцыі. Разам з тым, раённая ўлада разлічвае на больш выніковую і эфектыўную работу ААТ «Орля”.
– Ад дзейнасці гэтага суб’екта гаспадарання залежыць і зарплата, і сацыяльны пакет для людзей, і многія іншыя пытанні, якія вызначаюць узровень жыцця насельніцтва, – падкрэсліў Іван Юльянавіч. – У Орлеўскім сельсавеце яшчэ многа работы па навядзенні парадку на зямлі, актуальным застаецца пытанне занятасці насельніцтва. Нягледзячы на скарачэнне колькасці злачынстваў, праблема з крыміналам не «тухне», у прыватнасці, з-за празмернага ўжывання алкаголю. «Гэта сацыяльна-небяспечнае зло, і займаць пазіцыю «мая хата з краю» нельга», – лічыць старшыня райсавета.
Далі сваю ацэнку рабоце сельсавецкай улады і выказалі прапановы старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў. Так, Г. І. Цывінскі здзіўлены, што на тэрыторыі Орлеўскага сельсавета з яго маляўнічымі прынёманскімі краявідамі няма ніводнай аграсядзібы. Яго турыстычны патэнцыял толькі выйграе, калі тут будзе арганізавана брэндавае мерапрыемства.
На пасяджэнні выступілі намеснік начальніка РАУС Д.І. Жынко, намеснік начальніка РАНС А.К. Бакун, галоўны санітарны ўрач раёна П.С. Волчак, галоўны ўрач УАЗ «Шчучынская ЦРБ» С.Г. Амбрушкевіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.І. Навіцкі. – Мы выслухалі і пачулі адзін аднаго. Галоўнае, каб быў вынік, – рэзюмаваў І.Ю. Сакалоўскі.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.