Віншуе і вітае Першамай! Напярэдадні свята працы ўзнагароджана больш за паўсотні працаўнікоў раёна

 

“У яднанні пакаленняў наша сіла” -- пад такім дэвізам праходзіла ўрачыстасць, прысвечаная святу працы, якое па традыцыі мы адзначаем 1 мая. У Палацы творчасці дзяцей і моладзі сабраліся работнікі з розных арганізацый і прадпрыемстваў, ветэраны працы, моладзь, лідары прафсаюзнага руху.

 

Усіх гэтых людзей аб’ядноўвала адно – актыўная грамадзянская пазіцыя, нястомны ўдзел у грамадскім жыцці. Менавіта за гэтыя вартасці, а яшчэ – штодзённую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, неабыякавасць да будучыні сваёй краіны выказаў словы падзякі старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксей Садоўскі.

 

 

-- Поспеху немагчыма дасягнуць без працы. Ніхто і нічога нам не дасць проста так. Толькі ўласнымі намаганнямі, сваімі рукамі і інтэлектам мы развіваем наш рэгіён, робім прыгожым і камфортным для пражывання родны горад, -- слушна заўважыў Аляксей Валянцінавіч. – Важна захаваць і памножыць здабыткі, як і тыя добрыя традыцыі, што закладзены старэйшымі пакаленнямі. Мір, праца, май – па-ранейшаму словы знакавыя для ўсіх нас, як калісь -- для нашых бацькоў і дзедаў.

 

Кіраўнік раёна пажадаў усім моцнага здароўя, міру і дабрабыту, поспехаў у працы і прафесійнай запатрабаванасці. Шчырыя віншаванні з нагоды Першамая і самыя добрыя пажаданні таксама гучалі з вуснаў старшыні раённага Савета дэпутатаў Ганны Хвядзюк і намесніка старшыні райвыканкама Алены Пасюты. З задавальненнем яны ўручылі лепшым працаўнікам Падзякі ад аблвыканкама, раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.

 

 

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, лідар раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Юрый Пашук павіншаваў прысутных не толькі са святам працы, але і з заслужанымі ўзнагародамі, а затым… стаў працягваць цырымонію ўзнагароджання. Цяпер ужо Ганаровымі граматамі прафсаюзаў. Усяго напярэдадні свята працы ўзнагароджаны больш за 50 чалавек! Безумоўна, зала апладзіравала кожнаму, але імяніннікаў -- старшыню раённага савета ветэранаў Васілія Жукоўскага і ветэрана працы Мікалая Вайтэнку, які некалькі дзясяткаў год жыцця прысвяціў выхаванню навучэнцаў сельскагаспадарчага ліцэя, -- віталі асабліва бурна. Сярод узнагароджаных – прадстаўнікі розных пакаленняў і сфер дзейнасці: начальнік вытворчасці раслінаводчай прадукцыі ААТ “Васілішкі” Іван Кімашэўскі, намеснік дырэктара РУП ЖКХ Андрэй Місюк, маладыя лідары прафсаюзных “пярвічак” Анастасія Юч (ТАА “Праймілк”), Наталля Слабуха (ЦГЭ), Вольга Іоч (Шчучынскі філіял аблспажыўтаварыства) і многія іншыя.  

 

Святочны настрой на ўрачыстасці дапамагалі падтрымліваць таленавітыя выхаванцы Палаца творчасці дзяцей і моладзі і, безумоўна, абаяльная вядучая мерапрыемства Наталля Собаль.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!