Камфортнае жыллё – для работнікаў саўгаса
У саўгасе “Вялікае Мажэйкава” пачалося ўзвядзенне новага двухпавярховага дома, у якім кампактна размесцяцца чатыры трохпакаёвыя кватэры. Будаўнікі МПМК-167 ужо знялі ўрадлівы слой глебы і рыхтуюць пляцоўку для заліўкі бетоннага падмурка і будаўніцтва падвальных памяшканняў.
– За апошнія тры гады мы ўжо пабудавалі чатыры аналагічныя “двухпавярхоўкі”, – зазначае галоўны бухгалтар саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Ганна Мар’янаўна Рамашкевіч. – Новыя кватэры атрымаюць нашы работнікі, якія стаяць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. У большасці сваёй гэта маладыя спецыялісты са сваімі сем’ямі. Упэўнена, адчуваючы такую падтрымку, яны асядуць на сяле і будуць працаваць на карысць роднай гаспадаркі.
Згодна з распрацаванай праектна-каштарыснай дакументацыяй будаўніцтва новага двухпавярховага чатырохкватэрнага дома абыдзецца саўгасу “Вялікае Мажэйкава” прыкладна ў 354 тысячы рублёў. Здаць аб’ект у эксплуатацыю плануецца ўжо ў лютым наступнага года.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.