Дзень за днём “расце” ўвысь новы дом
На вуліцы Заводскай у Шчучыне паміж новымі пяціпавярхоўкамі за лічаныя месяцы “вырас” яшчэ адзін 20-кватэрны дом. Будаўнікі МПМК-167 ужо дакладваюць тут пяты паверх, тынкуюць сцены ў пакоях, усталёўваюць сантэхніку і “разводзяць” электрыку.
– Гэта далёка не першы дом, над ўзвядзеннем якога я працую, – прызнаецца абліцоўшчык з трынаццацігадовым стажам Руслан Віктаравіч Клышэвіч. – Два суседнія дамы на вуліцы Заводскай таксама пабудаваны з маім удзелам, як і ўвесь мікрараён Заходні. Мой будаўнічы след можна знайсці ў Дэмбраве, Васілішках, і нават у Гродне.
Назіраць за тым, як працуе Руслан Віктаравіч – адно задавальненне: рад за радам ён роўна кладзе цэглу на раствор і паступова нарошчвае сцяну.
– Зараз дакладваю нясучую сцяну таўшчынёй 38 сантыметраў, на якую будуць абапірацца пліты, – тлумачыць Р.В. Клышэвіч. – За працоўную змену раблю да 2,5 кубоў кладкі. Матэрыялу хапае, таму праца спорыцца.
Забяспечваюць муляраў неабходнай колькасцю раствору рабочыя МПМК-167 Юрый Юр’евіч Рышкевіч і Аляксандр Эдвардавіч Войцік. Яны закідваюць у спецыяльны бетоназмяшальны вузел цэмент, прасеяны пясок і пластыкат, а затым дабаўляюць ваду і перамешваюць. Атрыманую сумесь, пагружаную ў металічныя скрыні, кран дастаўляе наверх.
– Над узвядзеннем аб’екта працуюць каля 40 нашых рабочых: тынкоўшчыкі, муляры, электрыкі, сантэхнікі, – зазначае прараб МПМК-167 Андрэй Валянцінавіч Гарбін. – Агульны кошт новай пяціпавярхоўкі складае 1,1 мільёна рублёў, з якіх палова ўжо асвоены. Здаць дом у эксплуатацыю плануем ужо ў канцы снежня бягучага года. Такім чынам, хутка ў дзесяць трохпакаёвых і столькі ж двухпакаёвых кватэр заселяцца шчаслівыя гаспадары.
Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.