Зоркі Каляднай святло. Даведайцеся, як адзначаюць любімае свята ў сям’і Андрэя і Людмілы Шчатко
Цудоўнае, чароўнае, самае светлае і прыгожае свята – Каляды. Напэўна, у многіх дамах яго чакаюць з нецярпеннем, таму што дорыць яно многа радасці і шчасця. Каляды – адно з любімых свят і ў сям’і Андрэя і Людмілы Шчатко, людзей шчырых, адкрытых і добразычлівых, якія выхоўваюць траіх дзетак і жывуць з Богам у сэрцы, цэняць і паважаюць адзін аднаго.
Сёлета любімыя святы яны сустракаюць у новай кватэры, куды перабраліся літаральна днямі. Усё раскладзена па сваіх месцах, дзеці прыбралі ялінку, а мілыя навагоднія рэчы – прыгожы калядны вяночак, жывыя яловыя галінкі з шышкамі, мініяцюрная елачка ў дзіцячым пакоі, Дзед Мароз і падарункі пад навагоднім дрэўцам – робяць іх новае жыллё яшчэ больш утульным і святочным.
Андрэй і Людміла разам амаль дваццаць год. Глава сямейства – аграном-кансультант, працуе ў сталічнай фірме “АграМінералСаюз”, часта выязджае ў камандзіроўкі. Людміла – інжынер-метэаролаг, у сваёй прафесіі амаль 14 год. Згодна са зводкамі, сабранымі Людмілай і яе калегамі на Шчучынскай метэастанцыі, складаецца прагноз надвор’я як доўгатэрміновы, так і на бліжэйшыя суткі.
Самы вялікі гонар бацькоў – іх дзеці.
– Нашай Караліне – сямнаццаць, яна вучыцца ў прававым класе ў СШ №2 г. Шчучына, – расказвае Людміла. – Яна – асоба творчая, актыўная ўдзельніца розных мерапрыемстваў. Зараз увесь час прысвячае вучобе і рыхтуецца да паступлення. Па сутнасці Караліна больш гуманітарый, аддае перавагу вывучэнню моў.
Практычна па хвілінах распісаны кожны дзень і ў Эвеліны. Дарэчы, такое імя дзяўчынцы выбрала старэйшая сястрычка. Эвеліна вучыцца ў чацвёртым класе, наведвае ўрокі рэлігіі, спасцігае азы швейнай справы на занятках у Алены Феліксаўны Чашчэвік – кіраўніка ўзорнай студыі “Гармонія” Шчучынскага ПТДіМ, займаецца ў школе мастацтваў – вельмі любіць маляваць. А часам разам з братам Дамінікам накіроўваецца на заняткі гуртка па авіямадэляванні. У Дамініка, а ён вучань другога класа, атрымліваюцца прыгожыя мадэлі самалётаў – гэта сапраўднае захапленне хлопчыка.
Усе інтарэсы сваіх дзяцей раздзяляюць бацькі. Андрэй Іванавіч часта дапамагае майстраваць ім розныя паробкі, нягледзячы на камандзіроўкі, заўсёды знаходзіць час пацікавіцца іх справамі, нават заняцца спортам разам з сынам. Самы першы дарадца для сына і дачок і іх мама.
– Каляды для нас – вялікае сямейнае свята, – гаворыць Людміла Станіславаўна. – Праз яго жывуць традыцыі, з пакалення ў пакаленне перадаюцца ў нашай сям’і. Я нарадзілася і вырасла ў Тапілішках, а бацькі мужа жылі на вуліцы Гастэлы ў Шчучыне. Добра помню сваё дзяцінства, калі мы разам з бацькамі збіраліся ў бабулі і дзядулі: там была не толькі наша мама са сваёй сям’ёй, але і тры яе браты з сем’ямі. Той асобы калядны дух, які заўсёды панаваў падчас свят, здаецца, адчуваецца і сёння. І праз столькі год, а бабулі ўжо даўно няма ў жывых, мы ўпрыгожваем ялінку цацкамі, якія засталіся яшчэ з тых часоў і вельмі шануюцца ў нашай сям’і. Толькі ялінку ставім не жывую, як была ў бабулі, а штучную, кладзём на вігілійны стол сена, рыхтуем тыя ж стравы. А бабуля пякла вельмі смачныя пірагі з макам, з карыцай і цукрам, гатавала вушкі з грыбамі, з капустай, варыла кісель. А яшчэ мы абавязкова ходзім на імшу. Толькі калісьці зімы былі снежныя, і мы ездзілі ў касцёл у Лядск на санях. Як падабаліся нам такія невялікія падарожжы!
Цяпер у нас засталася толькі мама мужа, таму на свята ідзём усёй сям’ёй да яе. Наша Вацлава Валяр’янаўна многа год адпрацавала настаўнікам пачатковых класаў у СШ №2 г. Шчучына, таму з дзецьмі, як ніхто іншы, знаходзіць агульную мову. Штосьці гатуе сама бабуля, прыгатаванне некаторых страў бяром на сябе мы. Усе без выключэння ў нашай сям’і любяць запечаную чырвоную рыбу, таму абавязкова гатуем яе на вігілійны стол. А апоўначы ідзём на службу у касцёл.
Была ў сям’і Шчатко і яшчэ адна прыгожая традыцыя. Толькі свае карэктывы ўнесла пандэмія. Яны вельмі любяць падарожнічаць, асабліва напярэдадні Каляд, калі можна палюбавацца на прыгажуні-елкі, адчуць асаблівы калядны дух. Так яны пабывалі ў самым вялікім касцёле ў Вільнюсе, вандравалі па гарадах Польшчы. А Андрэй Іванавіч, які стараецца паказаць дзецям як мага больш, арганізаваў для іх паездку ў Калінінград.
Сёлета, па традыцыі, сям’я ўся разам збярэцца за вігілійным сталом у Вацлавы Валяр’янаўны. Пасля таго, як падзеляцца аплаткам, абавязкова пажадаюць адзін аднаму здароўя, душэўнага спакою і міру з самім сабою. Няхай і далей гэту дружную шчаслівую сям’ю аберагае іх анёл-ахоўнік, і ярка свеціць для іх Калядная зорка.
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.