Спорт аб’яднаў ліцэістаў і праваахоўнікаў
Па ініцыятыве раённага камітэта БРСМ на спарткомплексе па вуліцы Авіятараў у Шчучыне прайшла традыцыйная спартакіяда з удзелам навучэнцаў Шчучынскага сельскагаспадарчага ліцэя і супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў.
Удзельнікаў спаборніцтваў вітала маладзёжны лідар Шчучыншчыны Алена Славаміраўна Богдзель:
– Заняткі спортам развіваюць фізічна, загартоўваюць характар і прывучаюць да дысцыпліны. Здорава, што вы разумееце гэта і аддаяце перавагу актыўнаму адпачынку. Сёння ў вас будзе магчымасць праявіць сябе ў розных відах спорту. Няхай пераможа мацнейшы!
І вось пачалася ўпартая барацьба. Спартсмены высвятлялі, хто мацнейшы як у індывідуальных, так і ў камандных відах спорту. У дартсе і падцягваннях на перакладзіне не было роўных ліцэістам, а вось у спаборніцтвах па настольным тэнісе перамаглі супрацоўнікі РАУС.
З асаблівым запалам прайшоў матч па міні-футболе. Футбалісты выкладваліся на полі па поўнай і шмат атакавалі. І ўсё ж у гэты дзень фартуна аказалася на баку праваахоўнікаў, якія перамаглі навучэнцаў сельскагаспадарчага ліцэя з лікам 5:1. У агульным заліку яны таксама ўзялі першынства, за што былі ўзнагароджаны кубкам і граматамі. А вось свой салодкі прыз супрацоўнікі РАУС аддалі рабятам у знак сяброўства.
– Раённая спартакіяда – гэта выдатная магчымасць усталяваць паміж падлеткамі і супрацоўнікамі міліцыі даверлівыя адносіны, – зазначае начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела унутраных спраў Шчучынскага райвыканкама Юрый Аляксандравіч Пляханаў. – Мы, праваахоўнікі, заўсёды гатовы падставіць рабятам плячо ў складанай жыццёвай сітуацыі, дапамагчы ім зрабіць правільны выбар. Знайсці агульную мову з моладдзю нам дапамагае спорт, таму і надалей будзем падтрымліваць падобныя ініцыятывы і прымаць удзел у розных спартыўных спаборніцтвах.
Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.