Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак наведаў Шчучынскі раён

 

Аляксандр Румак правёў прыём грамадзян у райвыканкаме і сустрэўся з прадстаўнікамі раённай улады і свяшчэннаслужыцелямі розных канфесій у канферэнц-зале Палаца творчасці дзяцей і моладзі.

 

 

 Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей цікавіла міжэтнічная і міжканфесіянальная абстаноўка ў нашым рэгіёне, бо мір і згода ў грамадстве, як вядома, з’яўляюцца стрыжнем нашай дзяржаўнай палітыкі. З непадробнай цікавасцю выслухаў Аляксандр Аляксеевіч першага наведвальніка, які завітаў да яго на прыём, – загадчыка Стара-Васілішкаўскага клуба-музея Чэслава Немэна Уладзіміра Сянюту.

 

 

 

Гэта культурная установа стала папулярнейшым турыстычным аб’ектам і за адзінаццаць год свайго існавання прыняла каля 25 тысяч турыстаў з самых розных краін і кантынентаў. Творчасць, талент і харызматычная асоба сусветнавядомага музыканта, які нарадзіўся ў сціплай хаціне ў Старых Васілішках, па словах У.У. Сянюты, ператварыла гэта месца ў своеасаблівы Дом дружбы народаў. Прапаноў у захавальніка музея багата, а вось сродкаў для рэалізацыі цікавых праектаў і ініцыятыў не хапае. Уладзімір Уладзіміравіч спадзяецца на падтрымку ва ўстанаўленні непадалёку ад музея памятнага валуна, на якім будуць выбіты словы самай вядомай песні Чэслава Немана “Дзіўны гэты свет” са зваротам аб міры да ўсіх людзей добрай волі. Ёсць патрэба і ў адкрыцці асобнага рахунку, на які прыхільнікі славутага польскага музыканта і мецэнаты, як беларускія так і замежныя, маглі б пералічваць сродкі для развіцця музея. Важна і абсталяваць аўтастаянку для турыстычных аўтобусаў. А.А. Румак паабяцаў падтрымку ў вырашэнні гэтых пытанняў і шчыра падзякаваў У.У. Сянюце за яго нястомную працу, энтузіязм і ініцыятыўнасць.

 

 

 

З вельмі актуальнай праблемай прыйшоў на прыём да ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей і благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк. Патрабуе сур’ёзнага рамонту храм ХVІ стагоддзя – Мала-Мажэйкаўская царква ў вёсцы Мураванка. Правесці рэстаўрацыю помніка архітэктуры толькі сваімі сіламі немагчыма, таму дапамога з рэспубліканскіх фондаў была б вельмі дарэчы. Гэта пытанне таксама было ўзята на аловак упаўнаважанага.

 

 

 

Падчас пасяджэння круглага стала, дзе прысутнічалі як праваслаўныя, так і каталіцкія святары, размова ішла аб агульначалавечых каштоўнасцях, аб імкненні захаваць міжканфесійны мір і згоду. Як падкрэсліў Аляксандр Румак, рознагалоссе на гэтай глебе часта становіцца прычынай грамадзянскіх і знешніх войнаў. Усе разам мы не павінны дапусціць міжнацыянальных канфліктаў, даражыць тымі здабыткамі, якія сёння ёсць у беларускім грамадстве. Аляксандр Аляксеевіч заклікаў святароў да супрацоўніцтва, бо вельмі важна разам выхоўваць духоўнасць і высокую маральнасць у маладзёжным асяродку, уберагчы юнае пакаленне ад небяспечных сацыяльных з’яў – залежнасці ад алкаголю і наркотыкаў, актыўней падтрымліваць спрадвечныя сямейныя каштоўнасці, аказваць дапамогу пажылым і адзінокім, людзям з інваліднасцю, наведваць з высакароднай місіяй дамы-інтэрнаты.

 

 

 

Дыялог падтрымалі ўсе ўдзельнікі круглага стала: дзяліліся напрацоўкамі і праблемамі, раіліся, абменьваліся думкамі і поглядамі. Вынікі размовы падвялі старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк і намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта, якая ўручыла на памяць госцю кнігу аб Шчучыне.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!