Талакою супраць градуса. На пасяджэнні раённага каардынацыйнага савета суб’ектаў прафілактыкі абмеркавалі шэраг жыццёва важных пытанняў

 

Што можа быць каштоўней за чалавечае жыццё? Але чаму некаторыя людзі зусім не даражаць гэтым боскім дарам, заўчасна пакідаюць свет з-за алкагалізму, а “п’яная цыгарэта” становіцца апошняй у іх жыцці? Не толькі ў карані вострай для грамадства сацыяльнай з’явы, а літаральна ў лёс кожнага з загінуўшых на пажары людзей унікалі ўдзельнікі пасяджэння Шчучынскага раённага каардынацыйнага савета суб’ектаў прафілактыкі.

 

Месцам правядзення гэтага мерапрыемства зусім не выпадкова быў абраны гарадскі пасёлак Астрына. На тэрыторыі гэтага сельсавета ў апошні час склалася трывожная абстаноўка з пажарамі і гібеллю людзей на іх.

 

 – Мы з вамі ў адказе за жыццё кожнага чалавека і павінны зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць трагедый, – звярнуўся да ўдзельнікаў пасяджэння старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі. – Адна з задач – звярнуць самую пільную ўвагу на працаздольную катэгорыю грамадзян, якія насамрэч гадамі нідзе не працуюць і нават не імкнуцца знайсці работу.

Сапраўды, сёння ўтварыўся своеасаблівы “кантынгенцік” з тых, хто вядзе паразітычны лад жыцця, сядзіць на шыі бацькоў-пенсіянераў і грамадства, літаральна патанае ў беспрабудным п’янстве і рэальна ўтварае групу рызыкі – прычым не толькі для сябе, але і суседзяў, увогуле аднавяскоўцаў. Такую сітуацыю, па словах кіраўніка раёна, неабходна вытравіць у самыя кароткія тэрміны. Дзеля гэтага існуе пэўны алгарытм узаемадзеяння цэлага шэрага зацікаўленых службаў і грамадскасці, адпаведная юрыдычная база.

 

 
У сваім выступленні начальнік Шчучынскага РАНС Аляксандр Малюгін далажыў абстаноўку з пажарамі, акцэнтаваў увагу на тых недахопах, якія тычацца прафілактычнай дзейнасці. З пачатку года ў раёне надарыліся 44 пажары, на вялікі жаль, у агні абарваліся жыцці шасці нашых землякоў, большасць з якіх былі жыхарамі Астрынскага сельсавета. Амаль ва ўсіх выпадках прычынай трагедыі стала… курэнне ў алкагольным стане.

Намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта завастрыла ўвагу педагогаў і грамадскасці на тым, што кантроль над сем’ямі, дзе дзеці апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, павінен даваць пазітыўны вынік. З гора-бацькоў варта больш строга патрабаваць палепшыць умовы і якасць жыцця сям’і. Зноў жа, існуе нямала рычагоў уздзеяння, каб такія людзі апомніліся і, што называецца, узяліся за розум. Маніторынг і выяўленне праблем у сям’і на ранняй стадыі – гэта задача нумар адзін і ў рабоце аглядавых камісій, падкрэсліла Алена Васільеўна.

 

Канкрэтныя парады, як змагацца з п’янствам, прагучалі з вуснаў урача псіхіятра-нарколага Шчучынскай ЦРБ Людмілы Чудоўскай. Яна гатова заўжды дапамагчы ў канкрэтнай сітуацыі. Да таго ж, як падкрэсліла спецыяліст, у Гродзенскай вобласці эфектыўна дзейнічае вялікая сетка медыцынскай і сацыяльнай дапамогі, а ў Шчучынскай райбальніцы ёсць магчымасць на платнай аснове правесці ананімнае лячэнне пацыента з алкагольнай залежнасцю.

Аб тым, што прадпрымае сацыяльная служба раёна, каб у бяспецы праводзілі восень жыцця пажылыя і адзінокія людзі, расказала дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Шанчук. Пад асаблівым кантролем падчас міжсезоння спраўнасць печак і электраправодкі ў дамах грамадзян сталага веку, устаноўка АПА. На сённяшні дзень больш за 70 адзінокіх пажылых людзей размешчаны на халодны сезон у сем’і і так званыя дамы зімоўкі. У сувязі з прынятымі мерамі ў некаторых вёсках амаль не засталося жыхароў, і па гэтай прычыне такім населеным пунктам таксама патрэбен асаблівы кантроль.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк звярнулася да старшыняў сельвыканкамаў, якія добра ведаюць усе “болевыя кропкі” на сваіх тэрыторыях, а значыць, адказна накіруюць работу на прафілактыку, на паляпшэнне жыцця і бяспекі людзей, на вырашэнне тых пытанняў, якія ў хуткім часе падкіне зіма. Расчыстка дарог, даступнасць паслуг – усе нюансы варта прадумаць загадзя.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!