Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

 

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне. Тут жа, у адным з памяшканняў палаца ён і памёр. Далейшы лёс рэзiдэнцыi быў звязаны са шматлiкiмi пераробкамi. Ён, як костка ў горле, пастаянна трапляў у пастку новых ваенных сутыкненняў і толькі ў пачатку XX стагоддзя яго перадалi Гродзенскаму гiсторыка-археалагiчнаму музею. Зараз тут працягваецца рэканструкцыя замка. 

 

Як паведамілі ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама, зараз заканчваюцца работы па першай чарзе, дзе прайшла поўная рэканструкцыя. Амаль завершана работа па музеефікацыі. Яна ўключае выкарыстанне сучасных тэхналогій і зараз ідуць работы па напаўненні камп’ютарным кантэнтам экспазіцыі.

Яна будзе цікавай і інфарматыўнай, бо іх дапоўніць мультымедыйная сістэма, якая досыць наглядна раскажа аб розных перыядах гісторыі. Дзесьці будзе выкарыстаны 3D-мэпінг, дзесьці размесцяцца электронныя даведачныя вітрыны. Будзе дзейнічаць зала, прысвечаная Гродна часоў Стэфана Баторыя, на сцяне якой дзякуючы праекцыі ажыве знакамітая старадаўняя гравюра. 

Безумоўна будуць і традыцыйныя экспанаты. Да прыкладу, трапляючы ў залу археалогіі, мы зможам убачыць гісторыю Замкавай гары, якая пачынаецца з ХІІ стагоддзя і амаль да наша часу. То-бок як змянялася Замкавая гара, калі яна была драўлянай, калі там з’явілася каменнае збудаванне і гэтак далей. Таксама ў музейнай экспазіцыі можна ўбачыць посуд, упрыгожанні і іншыя прадметы побыту XVI стагоддзя, знойдзеныя падчас раскопак. 

Згодна рэстаўрацыйным работам першай чаргі, прадугледжваюцца для наведвання яшчэ чатыры залы. Гэта будуць чатыры спецыяльныя памяшканні з інтэр’ерай экспазіцыяй — каралеўская лазня, спальня чыноўніка таго перыяду, алебастравая зала і капліца. 

Нагадаем, што рэстаўрацыя рэзідэнцыі падзялена на тры этапы. Рамонтныя работы першай чаргі практычна завершаны.

Зараз вядзецца падрыхтоўка да рэстаўрацыі каралеўскага палаца Стафана Баторыя.

Па словах начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Алена КЛІМОВІЧ, трапляючы ў музейную экспазіцыю наведвальнік зможа пазнаёміцца з некаторымі старонкамі гісторыі Старога замка, бо мы разумеем, што асноўная экспазіцыя, якая будзе расказваць пра гістарычны аб’ект, развернецца у самім палацы, а гэта ўжо другая чарга. Зараз у гэтай частцы замку (як звонку, так і ўнутры), праводзяцца работы па комплексным вывучэнні (яны так і называюцца «комплекснае навуковае даследаванне»). Гэта вялікая праца, бо археолагі зрабілі шмат знаходак. Некаторыя з іх адказалі на пытанні, якія ўжо стаялі, а дзесьці дадалі шмат іншых пытанняў, бо іх трэба абмяркоўваць і параўноўваць з іншымі крыніцамі. Па факце зробленай працы Гісторыка-археалагічны музей у Гродне падрыхтаваў гістарычную даведку, якая ўяўляе аснову звестак, зафіксаваных у справаздачах і архівах. 

Зараз унутры і звонку Старога замку праводзяцца зандажы. Справа ў тым, што калі здымаецца тынкоўка, рэшткі матэрыялаў дазваляюць высветліць, да якога часу адносіцца кладка, калі былі перабудовы. 

— Напрыклад, мы бачым кладку XVIII стагоддзя, якая закрывае кладку XVI стагоддзя і каменныя калонны таго ж перыяду, якія захаваліся ў Сенатарскай зале, дзе праходзілі сеймы Рэчы Паспалітай. Паўстае пытанне: мы раскрываем захаваныую Сенатарскую залу альбо мы захоўваем перабудову XVII стагоддзя, якая ўзнікла па іншых прычынах, пра якія мы таксама можам толькі разважаць? Магчыма, гэта было пераўмацаванне будынку замка, бо час ішоў... — разважае Алена Віктараўна. 

Падчас раскопак уздоўж фасадаў палаца археалогіі знаходзілі раней невядомыя факты, якія будуць узяты за аснову пры прыняцці праектных рашэнняў па другой чарзе — рэканструкцыі будынка палаца. Справа ў тым, што Стары замак жыў, перабудоўваўся і гэтыя перастройванні зараз адсочваюцца археолагамі, якія праводзяць раскопкі на тэрыторыі аб’екта. Пакуль поўнага ўзаемаразумення паміж спецыялістамі з нагоды датавання знойдзеных масіваў няма.

Праект пройдзе ўзгадненне ў навукова-метадычным савеце па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. І як адзначыла Алена Клімовіч, комплексны падыход дазволіць пазбегнуць відавочных памылак. Таму зандаж дазваляе прыняць абгрунтаваныя праектныя рашэнні, якія лягуць у аснову праектнай дакументацыі па другой чарзе. 

Трэцяя чарга прадугледжвае аднаўленне вуглавой вежы, гаспадарчых пабудоў і ніжняй царквы XII стагоддзя. Рэшткі верхняй царквы, выяўленай падчас раскопак, беражліва захаваны. Пасля заканчэння работ яны таксама будуць экспанавацца.

Дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый КІТУРКА адзначыў, што рэканструкцыя будзе доўжыцца яшчэ не менш за шэсць гадоў.

Да слова

Рэканструкцыя з рэстаўрацыяй Гісторыка-археалагічнага музея комплексу Старога замка падзелена на тры чаргі. Першая чарга — гэта тое, што мы ўжо зараз візуальна бачым: уяздная брама, камяніца і вежа, якая стаіць над Нёманам. Другая чарга — гэта сам палац і будынак адміністратара. Трэцяя чарга — гэта тое, што застаецца, каб замкнуць перыметр замкавай гары, то-бок будынкі княжацкага цераму, Ніжняя і Верхняя цэрквы, рэшткі абарончых збудаванняў.

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!