У касцёле святой Тэрэзы Авільскай у Шчучыне праходзяць "Канікулы з Богам"

Кожны год у жніўні дзеці з нецярпеннем чакаюць, калі ў касцёле святой Тэрэзы Авільскай пачнуцца "Канікулы з Богам", і яны змогуць выдатна правесці час.

 

 

Гэта шматгадовая традыцыя не была парушана і сёлета. З 15 па 22 жніўня хлопчыкі і дзяўчынкі самага рознага ўзросту не толькі будуць разам адпачываць, але і звяртацца да Пана Бога ў агульнай малітве.

 

 

– Адпачынак дзяцей распачаўся ў нядзелю са святой імшы, – расказвае пробашч парафіі св. Тэрэзы Авільскай ў Шчучыне ксёндз Андрэй Агель. – А кожны наступны дзень будзе не падобным на папярэдні. Напрыклад, у панядзелак быў дзень знаёмстваў, у аўторак у госці да дзяцей прыязджалі супрацоўнікі Шучынскага РАНС, у сераду хлопчыкаў і дзяўчынак чакае сюрпрыз – надзіманая горка, батуты і поп-корн. На чацвер штосьці цікавае прыгатавалі для дзяцей супрацоўнікі Шчучынскага РАУС. А ў пятніцу ўсе жадаючыя прымуць удзел у конкурсе песень і танцаў "Мінута славы".

 

 

525 дзяцей разам з моладдзю прымаюць удзел у "Канікулах з Богам". Айцы-піяры паклапаціліся і аб духоўным складальніку гэтага адпачынку. Кожны дзень пачынаецца і заканчваецца малітвай. Паколькі 2021-ы год Папа Францішак аб'явіў годам Святога Юзафа з нагоды 150-годдзя абвяшчэння яго апекуном Усяленскай Царквы, кожны дзень "Канікулаў з Богам" дзеці знаёмяцца з асобай гэтага Святога: то ён пакорны, то выдатны сем'янін, клапатлівы, працавіты… І на яго прыкладзе вучацца гэтым якасцям.

 

 

Разам з ксяндзамі Андрэем і Янам, братам Віктарам і дыяканам Аляксандрам забаўляюць дзяцей і сочаць за іх бяспекай студэнты, старшакласнікі і працоўная моладзь. Кожны дзень для рабят праходзіць дыскатэка, і дзетвара атрымлівае слодычы або садавіну.

 

 

 

– Мы вельмі ўдзячны моладзі за дапамогу, а прыхаджанам – за фінансавую падтрымку, – гаворыць ксёндз Андрэй. –  Дзеці з задавальненнем прыходзяць на "Канікулы з Богам", а гэта – самае галоўнае. 

 

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!