Абрэзка клубніц: што трэба ведаць, каб ягады было шмат

Традыцыйны падыход да вырошчвання садовых суніц (клубніц) прадугледжвае поўнае выдаленне лісця. Аднак садоўніцкія даследаванні не стаяць на месцы, і вось ужо многія агароднікі адмаўляюць неабходнасць абрэзкі. У сучасным садаводстве ўсе дзеянні прызначаны вырашыць ці папярэдзіць нейкую праблему, нацэлены на пэўны вынік. Абрэзка клубніц таксама падпарадкоўваецца гэтаму прынцыпу — праводзіць яе варта, толькі калі расліны маюць у ёй патрэбу.

 

 

 

Фота: pixabay.com

 

Для чаго

 

 

Гаворачы аб абрэзцы клубніц, часцей за ўсё мы маем на ўвазе менавіта выдаленне лісця на кустах, якія скончылі плоданашэнне. Гэта трэба рабіць:

 

  • для частковага амаладжэння куста;
  • для пазбаўлення ад пашкоджаных, засохлых, хворых лістоў;
  • для прафілактыкі бактэрыяльных і грыбковых захворванняў;
  • для зніжэння колькасці насякомых-шкоднікаў, якія зімуюць.

 

Пры разумным падыходзе і правільна выбраным тэрміне абрэзкі такая працэдура можа пайсці на карысць клубнічнай плантацыі. Застаецца толькі пытанне, калі правесці яе, каб стрэс для кусцікаў апынуўся найменшы.

 

 

Калі

 

Тэрміны абрэзкі садовых суніц можна падзяліць на тры перыяды. Кожны варыянт мае свае плюсы і мінусы, а таму абмяркуем іх асобна.

вясной

Калі пасля таго як грады прасохнуць, на кустах клубніц відаць вялікая колькасць хворых, гнілых або пашкоджаных лістоў. Вось іх і трэба акуратна выдаліць, пакідаючы некранутымі зялёныя лісточкі і неразвітыя пупышкі. Памятайце, што пры масавай абрэзцы вельмі лёгка пашкодзіць будучыя кветаносы, а таму не перашчыруйце.

восенню

Яшчэ больш траўманебяспечнай для клубніц можа стаць восеньская абрэзка. Праводзяць яе, жадаючы «пачысціць» агарод і выдаліць усе раслінныя рэшткі з град, але прыносіць гэта больш шкоды, чым карысці.

Вядома, пашкоджаныя лісты аказваюцца ў кампосце разам са шкоднікамі, але пазбаўленыя натуральнай засцярогі клубніцы горш пераносяць замаразкі, а ад сапраўдных маразоў часта і зусім гінуць.

Калі вы ўсё ж вырашылі, што трэба абрэзаць клубніцы восенню, рабіце гэта задоўга да халадоў і выдаляйце толькі засохлыя і пашкоджаныя лісты, не закранаючы сярэдзіну куста. Пасля выдалення лістоў замульчыруйце градку саломай, скошанай травой, іглічным ападам ці торфам.

пасля збору ўраджаю

Самай разумнай з'яўляецца абрэзка клубніц, якая праводзіцца неўзабаве пасля збору ўраджаю. За паўтара цёплых месяца, якія застаюцца, кусцікі паспяваюць нарасціць новую зялёную масу, сфарміраваць кветкавыя пупышкі на наступны год і назапасіць пажыўныя рэчывы. Пад зіму яны робяцца моцныя і падрыхтаваныя, а таму пераносяць халодны час года лягчэй, чым іх несвоечасова паабстрыганыя сабраты.

 

 

Як абрэзаць

 

Лісце і вусы на клубніцах трэба менавіта абрэзаць — не спрабуйце рваць іх рукамі, яны вельмі трывалыя, і вы хутчэй вырвеце частку куста, чым абарвецца патрэбны ліст.

 

Паступова прасоўваючыся ўздоўж грады, аглядайце кожны куст і з дапамогай нажніц выдаляйце з яго ўсе лісты сумніўнай якасці, кветаносы, якія не пладаносяць, і вусы. Не пакідайце іх у баразне, а аднясіце ў кампоставую кучу. Каб знізіць рызыку захворванняў, пастрыжаныя кусты можна падкарміць слабым растворам каравяку (1:10) або птушынага памёту (1:20), а затым апудрыць попелам.

 

Калі некаторыя кусты клубніц пашкоджаныя шкоднікамі або хваробамі цалкам, выдаліце іх з коранем і спаліце, а месца пасадкі заліце ружовым растворам марганцоўкі.

 

 

Што рабіць з вусамі

 

З лісцем мы разабраліся. Прыйшла пара вырашыць, што ж рабіць з вусамі, якія большасць сартоў клубніц дае на працягу ўсяго цёплага перыяду. Адказ на дадзенае пытанне залежыць ад таго, патрэбныя вам новыя клубнічныя градкі ў найбліжэйшы час ці не.

 

Калі вы хочаце замяніць частку кусцікаў на свежыя або проста пашырыць плантацыю, то вусам трэба даць падрасці, а затым акуратна адсадзіць першыя разеткі на асобную градку, абрэзаўшы ўсё лішняе. Калі ж у найбліжэйшыя год-два ў вашы планы гэта не ўваходзіць, то вусы рэгулярна выдаляюцца. Рабіць апошняе трэба да цвіцення, пасля плоданашэння і ў канцы лета.

 

 

Абрэзка рэмантантных клубніц

 

Поўная абрэзка кустоў рэмантантных клубніц не праводзіцца, паколькі можа істотна скараціць перыяд плоданашэння. Калі на кустах з'яўляюцца засохлыя або хворыя лісты, іх выдаляюць адразу, не чакаючы нейкага часавага адрэзка.

 

Адзінае, што трэба абрэзаць на рэмантантных клубніцах восенню, гэта познія кветаносы. Яны ўжо не дадуць ягад да маразоў, затое адбяруць у расліны нямала сіл.

 

Памятайце, што догляд за клубніцамі пасля збору ўраджаю не зводзіцца да выдалення лісця. Для таго каб налета разлічваць на багатае плоданашэнне, варта клапаціцца аб кусціках да самых халадоў.

 

 

Ірына ТАМКОВІЧ, "ЗВЯЗДА"

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!