Наступствы непагадзі, або Як сябе паводзіць падчас навальніцы
Надвор'е ў мінулыя выхадныя кідалася ў крайнасці. То пякло так, што многія не ведалі, дзе хавацца ад сонца ці каля якога вадаёма ратавацца. То потым залівала, грымела, неба рассякала маланка. На жаль, не абышлося без трагедый...
Калі пачалася навальніца, кампанія маладых людзей, якая адпачывала на возеры ў Стайках, што непадалёк ад Мінска, не прыдумала больш нічога, як схавацца пад вялізным разгалістым дубам. Яшчэ са школы мы ведаем, што калі бліскае маланка, стаяць пад дрэвамі катэгарычна забараняецца. Але маладыя людзі, відаць, забыліся пра элементарныя правілы бяспекі — у выніку ад удару маланкі ў дрэва загінула дзяўчына 1996 года нараджэння, чатыры маладыя чалавекі атрымалі моцныя электратраўмы, яны шпіталізаваныя.
Як паведамілі ў афіцыйным тэлеграм-канале Міністэрства аховы здароўя, стан пацярпелых ацэньваецца як сярэдне-цяжкі. «Урачы мінскіх бальніц, куды былі дастаўлены пацярпелыя, робяць усё магчымае, каб захаваць здароўе маладым людзям, — гаворыцца ў акаўнце Мінздароўя. — Урачы рыхтуюць іх да правядзення аператыўных умяшальніцтваў. Гэта будзе комплекс хірургічнага лячэння з выдаленнем пашкоджаных апёкамі тканак і з наступным правядзеннем пластыкі».
Па аператыўных даных МНС, у выніку праходжання навальнічнага фронту з парывамі ветру да 24 м/с пацярпеў 21 населены пункт у Гродзенскай і Мінскай абласцях. Пашкоджаны дахі сямі жылых дамоў і такой жа колькасці сельскагаспадарчых пабудоў. Зафіксаваны 49 выпадкаў падзення дрэў ва ўсіх рэгіёнах краіны, за выключэннем Віцебшчыны.
— Падчас навальніцы не размяшчайцеся побач з жалезабетонным палатном, каля вадаёму, вышыннага аб'екта без маланкаадводу, — нагадвае пра бяспечныя паводзіны падчас навальніцы афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Не дакранайцеся да паверхні ствалоў дрэў, металічных канструкцый. У зоне адноснай бяспекі займіце сухое месца на адлегласці 1,5—2 метры ад высокіх аб'ектаў: дрэва, апоры ліній электраперадачы. Не знаходзьцеся побач з уключанымі электрапрыборамі, праводкай, металічнымі прадметамі, не дакранайцеся да іх рукамі, не стойце паблізу маланкаахоўнага зазямлення.
З-за багатых ападкаў (усяго за тры гадзіны пры месячай норме 78 мм выпала 50,1 мм) у Гродне былі падтопленыя шэсць участкаў дарог. У Мінску затапіла пяць участкаў дарог, у выніку чаго рух быў спынены на 20 аўтобусных, 15 тралейбусных і 5 трамвайных маршрутах. Затрымка склала ад 17 хвілін да 3 гадзін 34 хвілін. Аператыўна работнікі МНС, а таксама іншых арганізацый адпампоўвалі ваду, распілоўвалі і прыбіралі дрэвы, якія ўпалі.
Па інфармацыі «Белэнерга», на працягу сутак на тэрыторыі краіны перыядычна парушалася энергазабеспячэнне ў 532 населеных пунктах. Непаладкі апертыўна ліквідавалі аварыйныя брыгады.
Вераніка КАНЮТА
Калі навальніца застала вас
— У памяшканні. У першую чаргу адключыце ўсе электрапрыборы і выцягніце штэкер вонкавай антэны з тэлевізара, спыніце тэлефонныя размовы. Паспрабуйце ліквідаваць скразнякі, шчыльна зачыніце вокны і коміны. Не размяшчайцеся каля акна, печы, масіўных металічных прадметаў, на даху і гарышчы.
— На вуліцы. Пакіньце адкрытую прастору і схавайцеся ў памяшканні або ў пад'ездзе любога дома. Калі вырашылі схавацца пад казырком будынка, не дакранайцеся да сцяны. Не карыстайцеся мабільным тэлефонам. Не стойце паблізу высокіх слупоў, рэкламных шчытоў і іншага.
— У машыне. Спыніце рух. Зачыніце вокны, апусціце антэну, заглушыце рухавік і перачакайце навальніцу ў салоне аўтамабіля. Не дакранайцеся да ручак дзвярэй і іншых металічных прадметаў. Не варта браць у рукі мабільны тэлефон.
— У лесе. Трымайцеся падалей ад высокіх дрэў, якія стаяць асобна. Не размяшчайцеся каля вогнішча: слуп гарачага паветра — добры праваднік электрычнасці. Часцей за ўсё маланка трапляе ў дубы, таполі і вязы, радзей — у бярозы і клёны. Уладкуйцеся паміж нізкарослымі дрэвамі з густымі кронамі. Выбіраючы сабе ўкрыццё, звярніце ўвагу, каб побач не было расшчэпленых дрэў, раней пашкоджаных навальніцай: маланка можа трапіць сюды яшчэ раз.
— На адкрытай мясцовасці (у полі). Не стойце на ўзвышшах, каля апор ліній электраперадачы і пад правадамі. Пашукайце яму або яр. Калі ніякіх заглыбленняў паблізу няма, прысядзьце як мага ніжэй ці ляжце на зямлю. Не хавайцеся ў стозе сена ці саломы, у закінутых адзіночных бараках ці хлявах. Не хадзіце басанож і не падымайце над галавой прадметы, якія праводзяць ток: рыдлёўкі, матыкі, косы.
— На вадаёме. Выйдзіце з вады, адыдзіце падалей ад берага, схавайцеся ва ўкрыцці. Калі вы знаходзіцеся ў лодцы, вяслуйце да берага. Калі гэта немагчыма, абсушыце лодку; калі ёсць ахоўны тэнт, падыміце яго; пры наяўнасці сухой вопраткі пераадзеньцеся; сядзьце падалей ад мачтаў і падкладзіце пад сябе выратавальную камізэльку або боты. Рыбалку падчас навальніцы неабходна спыніць: снасці з'яўляюцца правадніком для электрычнасці.
Што рабіць, калі ўдарыла маланка
- хутка вызначце стан пацярпелага;
- неадкладна правядзіце рэанімацыйныя мерапрыемствы: штучнае дыханне, непрамы масаж сэрца;
- сагрэйце пацярпелага;
- апрацуйце месцы апёкаў і спадарожныя раны;
- дайце анальгін;
- тэрмінова дастаўце пацярпелага ў бальніцу.