Больш чым палова аўтарынку планеты стане электрычнай ужо праз 5 гадоў
У 2019 годзе доля продажаў электрамабіляў ад усіх вытворцаў у свеце склала 8 %, летась — 12 %. Спецыялісты Boston Consultіng Group, якія шчыльна даследуюць дынаміку змен на рынку аўтамабіляў, яшчэ нядаўна заяўлялі, што доля электратранспарту вырасце да 50 % не раней 2030 года. Аднак усё больш буйных аўтамабільных брэндаў, такіх як BMW, Volkswagen, General Motors, Toyota, Mazda, Honda, заяўляюць аб сваім пераходзе на новую вытворчасць. І ў спецыялістаў з'явіліся падставы гаварыць, што да запаветнай рысы ў больш чым палову продажаў электрамабільны рынак прыйдзе да 2026 года, перадае медыядырэктар PR-студыі Sette Іван Клячкоўскі.
Фота: pixabay.com
Прэферэнцыі і льготы ўладальнікам электракараў
Даследчыкі рынку адзначаюць: у 2023 годзе чакаецца, што машын з электрычным прывадам будзе рэалізавана амаль трэць — 32 %. Вялікі бум продажаў павінен адбыцца ў наступныя два гады — да 56 %. Такім чынам, да 2027 года на дарогах кожная пятая машына можа быць з электрычнай крыніцай спажывання энергіі.
Што далей? У 2035 годзе 9 з 10 аўтамабіляў, якія прадаюцца на рынку, будуць мець электрапрывад, прагназуюць спецыялісты. Паступова электрамабілі стануць таннейшыя, што зматывуе аўтаўладальнікаў перасесці на экалагічны від транспарту.
У найбліжэйшыя гады змены асабліва павінны адчуць жыхары Еўропы. Працэс пераходу на электрамабілі стымулююць улады еўрапейскіх краін, уводзячы прэферэнцыі для ўладальнікаў экалагічных відаў транспарту. Дарэчы, у Беларусі таксама ёсць пэўныя льготы. Так, да 31 снежня 2025 года падоўжаны тэрмін дзеяння пастановы аб адсутнасці падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе электрамабіляў на тэрыторыю краіны.
Нацыянальны аператар сеткі ЭЗС у Беларусі Malanka на сёння здольны абслугоўваць да 15 тысяч электрамабіляў штодня. А да канца 2021 года прапускная здольнасць сеткі ЭЗС павялічыцца да 35 тысяч «электрычак». Акрамя таго, у сетцы Malanka да канца гэтага года з'явяцца і суперхуткія станцыі, якія зараджаюць электрамабіль за 10—12 хвілін на 345 км прабегу. Пачаць запуск такіх ЭЗС плануецца з асноўных магістраляў і сталіцы, затым яны паступова пакрыюць усю краіну. Першыя суперхуткія АЗС можна будзе тэставаць у канцы 2021 — пачатку 2022 года, паўнавартаснае развіццё плануецца арыенціровачна да 2024 года. Па прагнозах спецыялістаў, да 2025 года кожны 20-ы аўтамабіль у краіне будзе электрычны.
Tesla разгортваецца ў Кітаі
Флагманам у свеце электрамабіляў па-ранейшаму застаецца Tesla. Кампанія ў пачатку 2020 года запусціла завод у Кітаі, які ў будучыні будзе гатовы выпускаць каля пяць мільёнаў электрамабіляў за год. У гэты час брытанцы з Jaguar Land Rover Lіmіted абвясцілі, што ўкладуць 1 млрд фунтаў інвестыцый у вытворчасць электрамабіляў. Сумесны праект Volkswagen і кітайскага SAІC каштаваў яшчэ больш. Немцы расшчодрыліся на інвестыцыі ў вытворчасць кітайцаў на 2,3 млрд еўра.
Нельга абысці ўвагай новыя альянсы. Так, Toyota аб'яднала намаганні з кітайскім вытворцам BYD, утварыўшы новую кампанію — BTET. Яе штаб-кватэра размясцілася ў Шэньчжэні. Таксама да BYD далучыўся японскі вытворца грузавікоў Hіno.
Будучыня наступіць ужо заўтра
Па выніках гэтага года, аўтамабільная кампанія BMW хоча давесці долю электрамабіляў да 25 працэнтаў ад усіх продажаў. Калі ўсё атрымаецца, то канцэрн перасягне рысу ў 1 мільён рэалізаваных электракараў. У Toyota менш маштабныя планы: кампанія плануе прадаць 30 тысяч электрамабіляў. Mazda прадставіла спецыяльны мадэльны шэраг электракараў. Пра яго пазітыўна адгукнуліся пастаянныя кліенты кампаніі.
Італьянска-амерыканскі вытворца Fіat Chrysler плануе да 2022 года прадставіць адразу 30 мадэляў электрамабіляў. Кампанія чакае, што яны складуць 60 % ад усіх продажаў у Еўропе. У Ford яшчэ больш глабальныя планы — 40 мадэляў электрамабіляў, у Renault-Nіssan-Mіtsubіshі — 20 мадэляў. Франка-японскія партнёры да гэтага часу гатовы інвеставаць у праект 11,5 млрд еўра. А Honda да 2022 года хоча прадаваць у Еўропе толькі электрамабілі, хоць першапачаткова такія планы ставіліся толькі на 2025 год.
У 2023 годзе адзін з лідараў на рынку BMW плануе прадставіць 25 мадэляў электрамабіляў, General Motors — 20. Апошнія ў 2025 годзе хочуць дасягнуць продажаў у 1 млн экалагічных відаў транспарту. Таксама цікава даведацца, ці ўдасца да канца 2023-га Volkswagen Group прадаць такую ж колькасць электрамабіляў.
Больш далёкія перспектывы брэндаў
Калі разглядаць сярэдзіну дзесяцігоддзя, то маштабныя мэты ёсць у Toyota, якая мае намер рэалізаваць каля 5,5 млн электрамабіляў да 2025 года. Вялікія планы ў Hyundaі. Да пазначанага часу кампанія хоча інвеставаць 87 млрд у электрыфікацыю транспартных сродкаў і прадставіць на суд публікі 44 новыя мадэлі «электрычак». Што да продажаў, то яны павінны дасягнуць 670 тысяч асобнікаў.
У Volkswagen Group планка да 2025 года прадаць 3 млн электрамабіляў, палова з якіх будзе ісці пад брэндам Volkswagen. Volvo мае намер рэалізаваць 1 млн электрамабіляў.
У 2028 годзе Volkswagen Group плануе пашырыць лінейку да 70 мадэляў. Пры гэтым кампанія не разлічвае дамагчыся таго, каб палову продажаў складалі электрамабілі. А вось у Mazda зусім іншае бачанне. Японцы да 2030 года хочуць цалкам перайсці на выпуск электрамабіляў. General Motors, Honda і Daіmler плануюць, што ў новым дзесяцігоддзі будуць рэалізоўваць электрамабілі больш чым на 50 працэнтаў ад вытворчасці ўсіх транспартных сродкаў.
Падводзячы рысу пад планамі найбуйнейшых аўтавытворцаў, хочацца падкрэсліць галоўнае: ні адна з вядучых кампаній Германіі, Швецыі, Японіі, Вялікабрытаніі ды іншых прагрэсіўных краін не робіць стаўку на развіццё і мадэрнізацыю аўто з рухавікамі ўнутранага згарання. Стаўка — толькі на электрамабілі. Шырокі мадэльны шэраг, удасканаленыя тэхнічныя характарыстыкі і канкурэнтаздольная цана — вось тры кіты, на якіх стаіць будучыня электрабудавання.