35 гадоў таму адбылася катастрофа на ЧАЭС. Пераадоленне яе наступстваў — і сёння ў цэнтры дзяржаўнай палітыкі

 

35 гадоў таму адбылася катастрофа на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Пераадоленне яе наступстваў — і сёння ў цэнтры дзяржаўнай палітыкі.

 

Наступствы Чарнобыльскай катастрофы аказаліся больш цяжкімі для Беларусі, чым для суседзяў — Украіны і Расіі. Радыеактыўнае забруджванне нашай тэрыторыі склала 23 % агульнай плошчы. Для параўнання: ва Украіне гэта 7 %, у Расіі — 1,5 % тэрыторыі яе еўрапейскай часткі. Амаль на чвэрці тэрыторыі Беларусі сталі неабходныя меры надзвычайнага рэагавання. На такіх тэрыторыях апынулася больш за 3,5 тысячы населеных пунктаў, у якіх пражывала больш чым два мільёны чалавек, 479 населеных пунктаў спынілі сваё існаванне...

 

Але жыццё не спыняецца, і сёння ўжо можна гаварыць пра адраджэнне забруджаных тэрыторый. Намеснік начальніка Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Пётр НІКАЛАЕНКА адзначыў, што за пасляаварыйны перыяд тэрыторыя радыеактыўнага забруджвання цэзіем-137 з прычыны яго радыеактыўнага распаду паменшылася ў 1,8 раза і па стане на студзень бягучага года склала 25 тысяч квадратных кіламетраў, або 12 % агульнай плошчы краіны. Колькасць населеных пунктаў і аб'ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання, на студзень 2021-га скарацілася на 144 і склала 2022, там пражывае 998 тысяч чалавек.

 

У аснову дзяржаўнай палітыкі па пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы закладзены пераход ад пасляаварыйных рэабілітацыйных мерапрыемстваў да развіцця сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу пацярпелых рэгіёнаў. Прыярытэтнымі з'яўляюцца правядзенне газу да населеных пунктаў, развіццё водаправодных сетак, добраўпарадкаванне, уключаючы будаўніцтва дарог, жылля, аб'ектаў аховы здароўя, адукацыі, рэалізацыя інвестыцыйных праектаў.

 

«Плануецца, што ў сувязі з паляпшэннем радыяцыйнай абстаноўкі працэс вываду населеных пунктаў з зоны радыеактыўнага забруджвання працягнецца. Паводле папярэдніх разлікаў, да 2025 года колькасць населеных пунктаў, якія адносяцца да зон радыеактыўнага забруджвання, скароціцца на 273 населеныя пункты, або на 12,5 %, у параўнанні з 2016 годам», — падсумаваў Пётр Нікалаенка.

 

Начальнік упраўлення рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Юлія БАЙКОВА нагадала, што сёлета ў сакавіку года была зацверджана новая Дзяржаўная праграма на 2021—2025 гады, у якой былі захаваны асноўныя падыходы фарміравання ахоўных мерапрыемстваў у сельскагаспадарчай вытворчасці. На яе рэалізацыю запланавана каля 3 мільярдаў рублёў. «Радыелагічнае абследаванне праведзена на 1,2 мільёна гектараў сельгасзямель. Вапнаванне кіслых глеб, унясенне павышаных доз калійных і фосфарных угнаенняў дазволіла істотна знізіць пераход радыенуклідаў у прадукцыю раслінаводства і жывёлагадоўлі. Правядзенне ахоўных мерапрыемстваў у далейшым дасць магчымасць падтрымліваць на патрэбным узроўні вытворчасць прадукцыі, адпаведнай рэспубліканскім і міжнародным нарматывам», — дадала спецыяліст.

 

 

Рашэнне аб вяртанні радыяцыйных зямель у карыстанне прымаецца Саветам Міністраў толькі пасля ўсебаковай ацэнкі меркаваных наступстваў, якая пацвердзіць бяспеку работнікаў, а таксама магчымасць вытворчасці на такіх землях нарматыўнай чыстай прадукцыі, заўважыла спецыяліст.

 

Канцэнтрацыя радыенуклідаў цэзію-137 і стронцыю-90 у глебе зараз зменшылася амаль на палову па прычыне натуральнага распаду, адзначыла загадчыца сектара сельскагаспадарчай радыялогіі і аховы навакольнага асяроддзя Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Ірына КУЧЫНСКАЯ. «Аднак наступствы Чарнобыльскай катастрофы носяць доўгачасовы характар, і праблему атрымання якаснай самаакупнай сельскагаспадарчай прадукцыі на радыеактыўна забруджаных землях пакуль нельга лічыць да канца вырашанай, — адзначыла яна. — Пытанні, як правіла, сканцэнтраваліся ў тых сельскагаспадарчых арганізацыях, дзе пераважаюць залішне вільготныя, пясчаныя і тарфяныя глебы, якія характарызуюцца высокімі каэфіцыентамі пераходу стронцыю і цэзію ў прадукцыю. Таму па-ранейшаму застаецца актуальным павышэнне эфектыўнасці меліярантаў, арганічных і мінеральных угнаенняў, скіраваных як на памяншэнне пераходу іх з глебы ў раслінаводчую прадукцыю, так і на павышэнне ўрадлівасці глеб».

 

Старшы навуковы супрацоўнік ДНУ «Інстытута радыебіялогіі НАН Беларусі» Тамара ЛАСЬКО расказала, што зараз распрацоўваюцца рэкамендацыі па выкарыстанні вернутых у абарот зямель, укараненні іх у гаспадаркі. «Вынікамі нашай дзейнасці з'яўляецца распрацоўка кармавых дабавак для жывёл, якія прымяняюцца шляхам увядзення іх у рацыён для зніжэння пераходаў радыенуклідаў — цэзію-137 і стронцыю-90. Гэта камбікормы-канцэнтраты з ферыцыянітамі. На дадзеным этапе сумесна з Інстытутам прыродакарыстання распрацаваны беларускі сарбент, які сінтэзаваны айчыннымі навукоўцамі, — гэта вугляродны ферыцын, ён змяшчае сарбент на аснове актываванага вугалю і торфу».

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!