11 прызавых месцаў атрымалі юныя таленты Шчучыншчыны на абласным этапе VI Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”

 

Нядаўна адбыўся абласны этап VI Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, які на гэты раз праходзіць пад дэвізам “Беларусь – мая мова і песня”. 21 нумар быў прадстаўлены ў канцэртнай праграме Шчучынскага раёна, у выніку – 11 прызавых месцаў!

 

– Агляд-конкурс “Прывітанне, свет!” праводзіцца адзін раз у два гады, – расказвае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Вольга Чыжык. – Конкурс складаецца з двух блокаў: першы – гэта канцэртная праграма, якую прадстаўляе раён. У раённым этапе конкурсу прынялі ўдзел больш за сто дзяцей. Спачатку адбор лепшых нумароў праводзіўся ў школах, а затым заяўкі на ўдзел накіроўваліся ў Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі, які з’яўляўся каардынатарам гэтага працэсу і рыхтаваў канцэртную праграму. На гэты раз уся праграма была прадстаўлена дыстанцыйна ў відэаматэрыялах.

 

 

У выніку лаўрэатам I ступені ў намінацыі “Харэаграфічная творчасць” стаў узорны танцавальны калектыў “Кантрасты MIX” з мастацкімі нумарамі “У пошуку” і “У сеціве” – педагог Таццяна Дзякевіч. Такой жа ўзнагароды ў намінацыі “Вакальнае творчасць” былі ўдастоены Кацярына Сакута з песняй “Мара” і трыа ўзорнай студыі эстраднай песні “Апрель” з песняй “Ой, ды гуслі ўдарылі” – педагог Святлана Аляксеева.
Шчучынскія калектывы ёсць і сярод лаўрэатаў II ступені. У намінацыі “Харэаграфічная творчасць” сваю ўзнагароду атрымаў калектыў “Кантрасты MIX” з танцам “Слухаючы цішыню”, у намінацыі “Вакальная творчасць” – Паліна Каравайская з песняй “Вятры” – педагог Святлана Аляксеева, Паліна Цыбульская з песняй “Рэчанька” – педагог Ірына Краўчук, а ў намінацыі “Тэатр моды” – узорная студыя моды “Гармонія”, якая прадставіла калекцыю “Лён сучасных дзён” – педагогі Алена Чашчэвік, Таццяна Дзякевіч і Жанна Карэцкая. Усе гэтыя калектывы – выхаванцы Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. Лаўрэатам II ступені ў намінацыі “Тэатральная творчасць” стала і Аляксандра Смаленская – вучаніца СШ №1 г. Шчучына, якая прачытала ўрывак “Шануйце роднае” – педагог Наталля Сахарава.

 

Двое ўдзельнікаў конкурсу, якія прадстаўлялі наш раён, сталі лаўрэатамі III ступені. Гэта Дар’я Васілеўская з Васілішкаўскай СШ з песняй “Гэта – Беларусь мая” ў намінацыі “Вакальная творчасць” – педагог Таццяна Мухляда, і гімназіст Максім Жарнасек у намінацыі “Тэатральная творчасць”. Ён прадэкламаваў урывак “Родныя дзеці”, а рыхтавалі Максіма да выступлення настаўнікі-славеснікі гімназіі Ірына Падгурская і Алена Трахімчык.

 

 

Другі блок конкурсу – выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва. У раённым этапе ўдзельнічала больш за 130 работ, 36 з якіх прынялі ўдзел у абласным этапе конкурсу. Сем з іх заваявалі прызавыя месцы! Гэта работы выхаванцаў настаўніка СШ №2 г. Шчучына Таццяны Майсеевай і педагогаў дадатковай адукацыі палаца – Міхаіла Чарнадзедава, Жанны Карэцкай і Ганны Кузяк. Яшчэ адна намінацыя – “Анімацыйны фільм” – таксама прынесла прызавое месца. Дыпломам трэцяй ступені на абласным этапе адзначана работа вучаніцы Васілішкаўскай СШ Маргарыты Кутурмазавай, выхаванкі педагога дадатковай адукацыі Шчучынскага ПТДіМ Святланы Ханько.

 

Конкурс “Прывітанне, свет!” – гэта своеасаблівы вынік двухгадовай працы па развіцці юных талентаў. Выдатнае выступленне рабят – сведчанне таго, што гэты творчы экзамен наш раён вытрымаў дастойна!

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота Ганны ВІЛЕНЦЭВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!