Наколькі складана вырошчваць у Беларусі вінаград?
У некаторых атрымліваецца вырасціць «сонечную ягаду» і ў нашым клімаце
Вінаград нельга назваць зусім чужой айчынным садаводам культурай. На тэрыторыі нашай краіны вінаградарства мае дастаткова доўгую гісторыю, якую сёння працягваюць энтузіясты.
Лазу, якая ў нашай свядомасці трывала асацыюецца з цёплым кліматам і вінаробнымі краінамі, пачалі актыўна вырошчваць на беларускай зямлі яшчэ пры Боне Сфорца, у XVІ стагоддзі. Менавіта каралева польская і вялікая княгіня літоўская, што да замужжа насіла тытул прынцэсы міланскай, стала актыўна развіваць вінаградарства ў ВКЛ. Другі штуршок вырошчванню вінаграду на беларускіх палях быў дадзены ўжо ў ХХ стагоддзі — у 1960-я, пры Хрушчове. Тады на поўдні нашай краіны, у Брэсцкай і Гомельскай абласцях, былі створаны цэлыя калгасы, якія спецыялізаваліся на вырошчванні вінаграду. Сёння прамысловыя вінаграднікі ў Беларусі ёсць толькі на Пінскім вінзаводзе. А вінаградарства ў нашай краіне развіваюць аматары.
Лаза, якая дорыць маладосць
У НДІ пладаводства ў Самахвалавічах сабрана калекцыя з больш чым 500 сартоў вінаграду. А на дачных і прысядзібных участках сяброў клуба «Паўночны вінаград» расце каля 800 сартоў — і гэты спіс пастаянна пашыраецца.
— Клуб існуе з 2000 года, — расказвае яго цяперашні старшыня, навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур РУП «Інстытут пладаводства» Уладзімір Усцінаў. — Арганізаваў клуб 20 гадоў таму доктар сельскагаспадарчых навук Рамуальд Лойка. Цяпер у сувязі з пандэміяй мы прыпынілі пасяджэнні, але ў найбліжэйшыя дні адновім іх.
Тым больш што люты — час абмену чаранкамі вінаграду і іх укаранення, каб маладая расліна паспела падужэць перад пасадкай.
У некаторых энтузіястаў атрымліваецца вырошчваюць на Беларусі вінаград — і вінаграднікі даюць добры ўраджай.
— Удзельнікі нашага клуба — а гэта больш за 150 чалавек — у асноўным людзі сталага ўзросту, за 50 гадоў. Але ёсць у Беларусі і маладыя вінаградары, і мы трымаем з імі сувязь, — расказвае суразмоўнік.
Вінаград — культура працаёмкая і ў нашым клімаце — грашова затратная. Што прымушае людзей спрабаваць увасобіць у жыццё забыты савецкі лозунг «На Марсе будуць яблыні квітнець!»?
Вінаград жыве ад 50—70 да 100 гадоў — пры добрым доглядзе гэта вельмі даўгавечная расліна. А неабходнасць у нашых набліжаных да экстрэмальных для гэтай расліны ўмовах пастаянна клапаціцца аб цеплалюбівых кусціках, як аб хваравітым дзіцяці, дае пажылым людзям матывацыю і не дазваляе зацыкліцца на ўласных праблемах, кажа Уладзімір Усцінаў. Пенсіянеры з клуба вінаградараў цэняць магчымасць адчуць сябе датычным да карыснай справы — развіцця беларускага вінаградарства.Плюс зносіны з аднадумцамі. Гэта дорыць пажылым людзям сілы жыць і не здавацца ў палон узросту, бо старэць няма калі — хутка новы дачны сезон. А для маладых вінаградараў гэта свайго роду выклік — вырасціць цеплалюбівую культуру далёка за межамі яе кліматычнай зоны і атрымаць ураджай.
Колер і смак
Старшыня клуба беларускіх вінаградараў Уладзімір Усцінаў узначальвае кірунак развіцця вінаградарства і ў НДІ пладаводства. Ён кажа, што ў беларускім клімаце можа расці больш за тысячу сартоў і гібрыдных формаў гэтай культуры. З усяго гэтага багацця на сённяшні дзень у Дзяржаўны рэестр сельскагаспадарчых раслін Беларусі ўнесены 17 сартоў вінаграду, раянаваных у нашай краіне. Уласнай селекцыяй цеплалюбівай культуры, не прыстасаванай для нашых умоў, беларускія навукоўцы не займаюцца, іх задача — інтрадукцыя сартоў вінаграду, выведзеных у іншых краінах, то-бок вывучэнне іх паводзінаў у нашай кліматычнай зоне. Зрэшты, селекцыяй займаюцца некаторыя энтузіясты-садаводы на сваіх сотках.
Сталовыя сарты вінаграду ў Беларусі вырошчваць праблематычна.
— Трэба разумець, што мяжа зімаўстойлівасці сталовых сартоў — мінус 24 градусы. А ў гэтым лютым, напрыклад, дзе-нідзе па краіне ўжо была зафіксаваная тэмпература -31, — адзначае спецыяліст. — Каб атрымаць ураджай, такі вінаград важна накрываць на зіму — таму сталовыя сарты ў Беларусі практычна непрыдатныя для прамысловага вырошчвання.
А прыватнікі вырошчваюць сталовы вінаград паспяхова — сарты ранняга тэрміну паспявання «Красуня», «Антрацыт» (народная назва «Чарлі»), «Лізавета», «Юпітэр», «Цытрын», «Кадранка»... Вырошчваюць і больш цеплалюбівыя сарты — ў цяпліцах. Як правіла, ураджай сартоў позняга тэрміну паспявання добра захоўваецца пры халодных станоўчых тэмпературах (як яблыкі): здымаеце гронкі ў канцы верасня — кастрычніку і ясце аж да сакавіка. І можна забяспечыць сабе, напрыклад, шыкоўную раніцу 1 студзеня з уласным вінаградам. А можна — і з уласным вінаградным віном.
Амерыканскі сорт «Альфа» ў цёплых краінах вырастае вось такі. А ў нас — не выспявае. Дачнікі вырошчваюць яго часцей за ўсё з дэкаратыўнымі мэтамі.
Дарэчы, аб віне. Так званыя тэхнічныя сарты (створаныя адмыслова для вытворчасці соку і віна) менш патрабавальныя і лепш растуць у нашым клімаце. Калі сталовыя сарты ў нашых вінаградараў у асноўным «родам» з поўдня Расіі і з Украіны, то ў «тэхнічным» сегменце цалкам чакана пераважаюць дасягненні французскіх селекцыянераў: сарты «Маршал Фош», «Ляон Міё». Таксама вырошчваюць айчынныя энтузіясты-вінаробы амерыканскія сарты вінаграду — «Маркет», «Скандзіа», «Франціньяк»; «Рэгент» і «Салярыс» нямецкай селекцыі, венгерскія «Крышталь», «Біянка», «Агрыя».
Сваё віно
— Развіццю вінаградарства ў нашай краіне перашкаджае і адсутнасць закона аб вінаградзе і віне, — мяркуе суразмоўнік. — Дакументы, якія рэгулююць на заканадаўчым узроўні вытворчасць і продаж віна прыватнымі асобамі, што маюць уласныя вінаграднікі, існуюць ва ўсіх сумежных з Беларуссю дзяржавах. Прыняцце такога закона ў нашай краіне магло б стаць штуршком да развіцця беларускага вінаградарства. А цяпер важдацца з вінаградам у прамысловым маштабе для многіх проста няма сэнсу. Ёсць, вядома, энтузіясты, але іх мала.
Вытворчасць уласнага віна — яшчэ адзін фактар, які робіць вінаградарства прывабным для тых, хто ім захапляецца. Цалкам «экалагічна чыстае» віно з вінаграду, дарэчы, атрымаць амаль немагчыма.
— Вырошчваць вінаград абсалютна без апрацовак праблематычна — ён будзе хварэць, — кажа спецыяліст. — Але прыватнікі робяць 3-4 апрацоўкі ў сезон, а на прамысловых вінаградніках колькасць апрацовак можа дасягаць 20 і больш.
І ўсё ж віно з уласнага ўраджаю вінаграду (калі ўсё было зроблена правільна), карыснейшае за многія з тых вінаў, што вырабляюцца прамысловым спосабам.
— Набываючы віно ў краме, мы можам толькі спадзявацца на добрасумленнасць вытворцы, — адзначае Уладзімір Усцінаў. — Хімічная прамысловасць у нашы дні актыўна развіваецца: часам прасцей вырабіць напой, змяшаўшы ваду, спірт, смакавая дабаўка і фарбавальнік, і наўрад ці, калі вы не самелье, зможаце адрозніць па смаку такую падробку ад сапраўднага віна. А вырасціўшы вінаград сваімі рукамі і зрабіўшы з яго віно, вы будзеце ўпэўненыя ў якасці прадукту.
Вытворчасць уласнага вінаграднага віна — яшчэ адзін фактар, што робіць вінаградарства прывабным для садаводаў.
Тэхналогія вытворчасці дамашняга вінаграднага віна складаная і мае шмат нюансаў і тонкасцяў. Віно, зразумела, павінна быць натуральнае, без дадавання цукру — толькі ягады і вінныя дрожджы (прычым колькасць дражджэй розная для кожнага сорту вінаграду). Можна абысціся і без дражджэй, толькі ягаднай масай. Але ў гэтым выпадку віно не атрымаецца, калі, напрыклад, сабраць ягады адразу пасля дажджу: вада змые бязважкі налёт на іх паверхні, так званыя «дзікія дрожджы».
Якое вінаграднае віно можна зрабіць у дамашніх умовах? У асноўным сухое і паўсухое, белае і чырвонае. Па цукрыстасці вінаград, вырашчаны ў нашых шыротах, не параўнаецца з паўднёвым, і каб атрымаць паўсалодкае віно, у вінаматэрыял дадаюць фруктозу. Ёсць сарты вінаграду, віно з якіх ужываецца маладым, ёсць і тыя, напоі з якіх трэба вытрымліваць. Некаторыя энтузіясты-вінаробы вытрымліваюць у дубовых бочачках віно з уласнага вінаграду 5, 10 і нават больш гадоў, расказвае Уладзімір Усцінаў. У гэтым выпадку штогод праводзіцца пераліў і дэгустацыя напою, каб пераканацца, што няма пагаршэння яго якасці.
Зрэшты, турбавацца з вытворчасцю ўласнага віна зусім не абавязкова. Самы просты і нескладаны спосаб вырошчвання вінаграду айчыннымі дачнікамі — проста як дэкаратыўнай культуры. Дарэчы, звыклая лаза, што абвівае дачныя альтанкі, з зеленавата-сінімі гронкамі і дробнымі ягадамі («для прыгажосці», а не для таго, каб іх есці) — гэта вінаград амерыканскага сорту «Альфа» (у народзе «Ізабэла»). Проста ў нас ён не выспявае да чарнаты.