Сіла слова
Сёння ў рамках адзінага дня інфармавання прайшлі сустрэчы з насельніцтвам па тэме "Дзяржаўная інфармацыйная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь: механізм рэалізацыі". Прапагандысцкая група на чале з Ірынай Сцепаненка, намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, наведала аграгарадок Ражанка. У актавай зале мясцовай школы сабраліся не толькі педагогі, але і работнікі Шчучынскага рамонтнага завода, мясцовыя жыхары.
Размова атрымалася жывой і нефармальнай. Ірына Браніславаўна расказала, наколькі важна сёння арыентавацца ў бурлівых інфармацыйных патоках, вучыць дзяцей канструктыўна выкарыстоўваць інтэрнэт, аберагаць іх ад шкоднага ўплыву пэўных сайтаў, дзе прапагандуюцца суіцыды, ідзе гандаль наркотыкамі і г.д.
-- Свабода слова -- гэта не ўседазволенасць, -- падкрэсліла прамоўца. -- Распаўсюджанне ілжывай інфармацыі, зневажанне, дыскрэдытацыя дзелавой рэпутацыі вядуць да крымінальнай адказнасці.
Размова ішла пра вядучыя СМІ краіны, пра тое, што сёння зусім невыпадкова прэсу называюць чацвёртай уладай.
І.Б. Сцепаненка, з'яўляючыся старшынёй абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын, цікава расказала аб напаўненні сайта арганізацыі, а таксама пра тыя сацыяльна значныя праекты, што рэалізуюцца сёння актывісткамі жаночага руху Гродзеншчыны.
Яшчэ адна актуальная тэма, якую закранулі на гэтай сустрэчы з насельніцтвам, тычыцца прафілактыкі вытворчага траўматызму. З сітуацыяй у маштабах рэспублікі, вобласці і раёна прысутных пазнаёміў намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі. Пытанням бяспекі жыцця, недапушчэння пажараў, асаблівай абачлівасці і асцярожнасці з надыходам ацяпляльнага сезона было прысвечана выступленне намесніка начальніка РАНС Сяргея Якімовіча.
Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.
Фота аўтара.