Хроніка здарэнняў

Хто гэта зрабіў?

 

Раённы аддзел Следчага камітэта завёў крымінальную справу па арт. 218 ч.1 Крымінальнага кодэкса РБ у адносінах да невядомага, які снежаньскім вечарам учыніў падпал амаль 60 тон саломы, якая захоўвалася на полі сельгаспрадпрыемства. Нанесеныя страты склалі больш за 1600 рублёў.
Вядзецца вышук і хулігана, які запеніў уваходныя дзверы, замок і дзвярную ручку ў адным з гандлёвых кіёскаў горада.

 

Зладзейскі попыт на мабільнікі

 

Без мабільніка цяпер нікуды. Вельмі ўжо прывыклі людзі да гэтага зручнага сродку сувязі. Ды і зладзюжкі не супраць «упаляваць» мабільны тэлефон. У пацвярджэнне – два нядаўнія выпадкі. Так, мабільнік знік з незамкнёнага аўтамабіля, які стаяў паблізу магазіна ў вёсцы Валянчыцы. Пазбавіўся свайго тэлефоннага апарата і мужчына, які знаходзіўся у гасцях у адным з дамоў у Вялікім Мажэйкаве, дзе і прыснуў…

 

Былі і сплылі…

 

Пакуль яшчэ застаецца адкрытым пытанне, куды зніклі грошы з дома жыхаркі аграгарадка Каменка. Зберажэнні – 200 рублёў – гаспадыня неабачліва паклала на крэсле ў пакоі. Следча-аператыўная група, якая выязджала на месца здарэння, слядоў пранікнення не знайшла.

 

Трымай вуха востра

 

Цяпер трэба быць вельмі асцярожным пры куплі-продажы рэчаў праз інтэрнэт, бо прахіндзеі розных масцей толькі і чакаюць, каго б падмануць. І схем для гэтага ў іх безліч! Нядаўна на вудачку зламыснікаў патрапіў жыхар Тур’і, які меў намер набыць мабільны тэлефон. А ў выніку – ні пакупкі, ні грошай. Як высветлілі аператыўнікі, «кінулі» нашага земляка інтэрнэт-прадаўцы – падлеткі з Брэстчыны. Заведзена крымінальная справа.

 

Гэты злы свет

 

З непрыемнасцей пачаўся новы год для жыхара Шчучына, інваліда 2 групы. Гэты чалавек пацярпеў ад дзеянняў інтэрнэт-махляра, які выкраў з яго банкаўскай карткі больш за паўтары тысячы рублёў.
Колькі вяровачцы ні віцца…

 

Праваахоўнікі ўстанавілі, хто ўкраў запчасткі да сельгастэхнікі з майстэрні прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства. Гэта двое маладых людзей, жыхары Ляшчанкі. Аб’ядноўвае іх не толькі цяперашні паход «на справу». У абодвух за плячамі і крымінал, і менш злосныя правапарушэнні, за якія даводзілася несці пакаранне. Але хлопцы не супакоіліся… Толькі і на гэты раз беспакаранымі застацца не ўдасца.

 

Стрэл у лесе

 

Студзеньскім днём у лясным масіве паблізу вёскі Гайкаўшчына было ўчынена браканьерства: невядомы наўмысна і незаконна, з дапамогай паляўнічага ружжа здабыў самку касулі. Навакольнаму асяроддзю нанесены сур’ёзны ўрон -- на суму больш за 3000 рублёў.

 

Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!