Прыродныя антыбіётыкі: Лекі, якія дапамагаюць перамагчы інфекцыю і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма
Паводле статыстыкі, дарослыя хварэюць на вострыя рэспіраторныя або вірусныя захворванні прыкладна два разы на год. Дзеці дашкольнага і школьнага ўзросту — нашмат часцей: 4-6 разоў. Вядома, тут без антыбіётыкаў не абысціся. Аднак не варта забываць, што яны забіваюць не толькі хваробатворныя, але і карысныя бактэрыі, якія ўмацоўваюць наш імунітэт.
У кожным доме можна знайсці прыродны антыбіётык: мёд, часнык, лімон, цыбулю, буякі, праполіс, хрэн, базілік, імбір, журавіны... У адрозненне ад «хімічных антыбіётыкаў», прыродныя лекі не толькі дапамагаюць перамагчы інфекцыю, але і ўмацоўваюць ахоўныя ўласцівасці арганізма.
Мёд, праполіс
Галоўная карысная ўласцівасць мёду — яго антыбактэрыяльнае, супрацьгрыбковае і антывіруснае дзеянне. У мёдзе ўтрымліваецца шмат калію — менавіта ён адказвае за высокую здольнасць знішчаць бактэрыі. У ім таксама шмат жалеза і медзі, таму яго выкарыстоўваюць для нармалізацыі ўзроўню гемаглабіну ў крыві. Мёдам лечаць інфікаваныя раны, ён паскарае рэгенерацыю тканак.
Праполіс ўяўляе сабой клейкае рэчыва, якое складаецца з раслінных сокаў, пыльцы і пчалінай сліны. Праполіс — таксама выдатны прыродны антыбіётык. Важна падкрэсліць, што грыбкі, бактэрыі і вірусы не выпрацоўваюць талерантнасці да яго ўздзеяння. Ён валодае магутнымі супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі, аказвае абязбольваючы эфект, нармалізуе абменныя працэсы на ўсіх узроўнях: пры ўжыванні паляпшаюцца страваванне і кровазварот, арганізм чысціцца ад таксінаў, адступаюць хваробы дыхальнай сістэмы.
Буякі, або дурніцы
У гэтых ягадах змяшчаецца рэчыва, падобнае да аспірыну. Таму адвары і морсы валодаюць супрацьзапаленчымі, жарапаніжальнымі і болеспатольнымі ўласцівасцямі. Морс з буякоў ліквідуе наступствы ад прыёму аптэчных антыбіётыкаў. Пры высокай тэмпературы 3 сталовыя лыжкі ягад заліваюць шклянкай кіпеню і настойваюць на працягу гадзіны (піць па 1/3 шклянкі 3 разы на дзень).
Лімон
Добра ўсім вядомы як эфектыўны сродак ад грыпу і прастуды. У мякаці лімона ёсць кумарыны, флаваноіды і шмат вітаміну C, а сок, калі яго развесці з невялікай колькасцю вады, актыўна дапамагае аблегчыць стан пры ангіне, танзіліце, а таксама павышае імунітэт. Сок дзейсна дапамагае пры прастудных захворваннях, калі яго дадаць у рамонкавы або ліпавы настой. Пры пачатку ангіны рэкамендуецца павольнае жаванне цэдры лімона і паласканне горла разведзеным сокам (палова цытрыны на 0,5 шклянкі цёплай вады).
Журавіны
Ягады журавін валодаюць супрацьвіруснымі, жарапаніжальнымі, антыбіятычнымі ўласцівасцямі і лічацца выдатным антыаксідантам. Морс з журавін рэкамендуецца ўжываць з мёдам пры ВРЗ. Можна паласкаць сокам журавін горла пры ангіне (у шклянку соку дадаць 2 ст. л. мёду).
Часнык і цыбуля
Часнык — універсальны антыбіётык шырокага спектару дзеяння. Фітанцыды і аліцын, якіх шмат у часныку, знішчаюць вялізную колькасць самых розных бактэрый, яны эфектыўныя пры лячэнні прастуды і іншых вірусных захворванняў, таксічныя для стафілакокаў і нават для дызентырэйнай палачкі. Па сваіх антыбактэрыйных уласцівасцях часнык не саступае, як паказалі даследаванні, такому прэпарату, як тэтрацыклін. Аднак народныя рэцэпты з часныку нельга прымаць доўгі час і ў вялікіх колькасцях, бо ён пачынае душыць мікрафлору кішэчніка і можа стаць прычынай хвароб ЖКТ.
Цыбуля таксама добра вядома ў народзе як прыродны антыбіётык. У яе складзе шмат лятучых эфірных злучэнняў, якія валодаюць магутным антыбактэрыйным і антысептычным эфектам. Яшчэ расліна ўключае вялікую колькасць вітамінаў групы С, В1, В2, D, РР, мікраэлементаў і арганічных кіслот, дзякуючы чаму абараняе арганізм ад прастудных захворванняў і рознага роду запаленняў.
Імбір
Корань імбіра служыць супрацьзапаленчым, адхарквальным і жарапаніжальным сродкам. Эфектыўна дапамагае пры ангіне, прастудзе, бранхіце, фарынгіце імбірны чай (1 чайную лыжку нацёртага імбіра заліваюць шклянкай кіпеню і настойваюць 10 хвілін). Можна таксама настоем закапваць нос пры моцных выдзяленнях слізі.
Хрэн
Корань хрэна ўяўляе сабой скарбніцу вітамінаў, мікраэлементаў, эфірных алеяў, а таксама змяшчае адмысловае рэчыва лізацын, якое здольнае прыгнятаць развіццё патагенных бактэрый. Гэта робіць хрэн наймацнейшым прыродным антыбіётыкам. Акрамя таго, у хімічным складзе расліны прысутнічае рэчыва аліламін, што валодае здольнасцю душыць бактэрыі, якія выклікаюць насмарк, кашаль і розныя запаленні.
Карыца
Гэта спецыя актыўна выкарыстоўваецца ў кулінарыі. Вялікая колькасць эфірных алеяў, дубільных рэчываў і смол стварае ёй адмысловы салодка-драўняны водар. Насычаная поліфеноламі і антыаксідантамі, карыца з даўніх часоў лічыцца дзейсным сродкам ад многіх, у тым ліку інфекцыйных захворванняў.
Ягады каліны
Дзякуючы ўтрыманню вялікай колькасці біялагічна актыўных рэчываў чырвоная каліна валодае магутнымі антысептычнымі ўласцівасцямі, паспяхова супрацьстаіць бактэрыям і вірусам. Яе кіслыя з гарчынкай ягады ўтрымліваюць шмат вітамінаў A, С, E, РP, D (да прыкладу, вітаміну С у ягадах каліны значна больш, чым у лімоне). Акрамя таго, у іх склад уваходзяць дубільныя рэчывы, фітанцыды, пекціны, макра- і мікраэлементы, арганічныя кіслоты. З каліны рыхтуюць адвары і настоі, з дапамогай якіх лечаць прастуду, ларынгіт, ангіну, бранхіт, запаленні ў вобласці горла, іншыя захворванні верхніх дыхальных шляхоў.
Маліна
Вельмі смачная ягада з масай карысных уласцівасцей: паспяхова змагаецца з прастудай, дабратворна ўплывае на нервовую сістэму і з'яўляецца выдатным антыдэпрэсантам. Мае выражанае супрацьзапаленчае, антысептычнае, антыбактэрыйнае і патагоннае ўздзеянне. Мае ў складзе саліцылавую кіслату, якая паніжае тэмпературу. Ужываецца вельмі проста: развесці варэнне ў гарачай вадзе або заварыць сухія плады і лісце ў выглядзе патагоннай гарбаты.
Грэйпфрут
У медыцыне грэйпфрут актыўна выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі прэпаратаў, прызначаных для барацьбы з патагеннымі мікраарганізмамі. Мякаць пладоў грэйпфрута ўключае вялікую колькасць арганічных кіслот, мінеральных солей, вітамінаў, эфірных алеяў, макра- і мікраэлементаў, фітанцыды, якія дапамагаюць супрацьстаяць розным інфекцыям. Прымаць можна для прафілактыкі прастудных захворванняў хоць усю зіму. Рэкамендуецца ўжываць пры хваробах па палове грэйпфрута кожны дзень або выціскаць сок з цэлага і разводзіць яго напалову вадой.
Капуста
Старажытныя лекары казалі, што «гэтая гародніна падтрымлівае бадзёрасць духу і вясёлы настрой». Капуста мае ў сваім складзе каратын, фоліевую кіслату, солі калію, кальцыю, фосфару і ўвесь набор вітамінаў, якія чалавек у неабходныя для падтрымання імунітэту. Капуста валодае і процімікробнымі ўласцівасцямі. Яна карысная не толькі ў свежым выглядзе ў салатах, але і квашаная — яе лекавыя ўласцівасці толькі павялічваюцца.