Хроніка здарэнняў

 

У злодзея рукі доўгія

Заведзена крымінальная справа па факце крадзяжу з пакінутага ў спадчыну дома ў вёсцы Пелеўцы 40 метраў электрычнай праводкі, трох электрарухавікоў. Зладзюжка таксама выкалупаў каляровы метал з трох тэлевізараў. Каб патрапіць унутр памяшкання, ён пашкодзіў сякерай запорнае ўстройства на ўваходных дзвярах. Па ўсім відаць, арудаваў “паляўнічы” на металы.

 

Ласы на каўбасы

 

Супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі, хто летам выкраў і з’еў прадукты харчавання з дачнага доміка ў вёсцы Баравыя. На іх паквапіўся непрацуючы і некалькі разоў судзімы жыхар вёскі Прудзяны. Цікава, што гэты ж грамадзянін нядаўна паўтарыў свой зладзейскі ваяж…  у гэты ж самы дом. Украсці ўкраў, але на гэты раз паласавацца чужымі прадуктамі не паспеў. Цяпер зламыснік знаходзіцца на казённых харчах.

 

Без шуму і пылу

 

Невядомы пакуль зламыснік пачысціў” аўтамабіль, які стаяў на абочыне дарогі ля аграгарадка Тапілішкі. Машына была зачынена (слядоў пранікнення не знойдзена), а аўтаўладальнік адсутнічаў каля трох гадзін. Цікава, што здарэнне адбылося днём. З салона зніклі аўтамагнітола, зараднае прыстасаванне і трымальнік да мабільнага тэлефона, акуляры ад сонца і іншыя рэчы. Страты склалі 153 рублі. Які спрытнюга здолеў так “пагаспадарыць”, устанаўліваюць аператыўнікі.

 

Асцярожна: махляры!

 

Гэты заклік-папярэджанне гучыць ці не ў кожнай падборцы “Хронікі здарэнняў”. Але колькасць грамадзян, падманутых ашуканцамі з інтэрнэту, чамусці не змяншаецца. Толькі ў апошні час ахвярамі такога роду прахіндзеяў сталі непрацуючая гараджанка, якая страціла са свайго карт-рахунка 498 рублёў, і маладая матуля, з банкаўскай карткі якой знікла 415 рублёў. Крыху раней ад дзеянняў камп’ютарных “геніяў” пацярпелі настаўніца, два спецыялісты сельскай гаспадаркі, супрацоўнік бальніцы… Як бачым, на “вудачку” махляроў трапляюць людзі розных прафесій і сацыяльнага статусу.

 

Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!