Хроніка здарэнняў
На “кручку” ў махляроў
Камп’ютарная тэхніка і інтэрнэт надзейна ўвайшлі у наша жыццё. Аднак пры вялікіх выгодах, якія атрымалі карыстальнікі, праявіліся і праблемы. У прыватнасці, хітрыя схемы падману і выкрадання грошай з плацежных банкаўскіх картак. Нашы шчучынцы таксама часта трапляюць на закінутыя махлярамі “вудачкі”. Не так даўно, напрыклад, у адной маладой шчучынкі з карт-рахунка знікла 113 рублёў, у другой – 190. Двое іншых гараджан і жыхарка Астрыны пазбавіліся больш чым 200 рублёў. Віртуальныя ашуканцы пакрыўдзілі і членаў адной сям’і: з банкаўскіх карт гэтых людзей выкрадзена ажно 600 рублёў.
Звычайна крымінальныя маніпуляцыі з “чысткай” чужых карт-рахункаў ажыццяўляюць “спецыялісты”, якія знаходзяцца ў блізкім ці далёкім замежжы. Аднак ёсць і выпадкі, калі незаконныя віртуальныя метады апрабоўваюць і мясцовыя махляры. У прыватнасці, падманным шляхам дзейнічала жыхарка Гродна, якая на сайце “Куфар” пад выглядам продажу манікюрнага набору завалодала грашыма маладзіцы з Тапілішак.
Даўмеліся…
Раённы аддзел Следчага камітэта завёў крымінальную справу на чатырох землякоў -- работніка сельгаспрадпрыемства, двух студэнтаў і непрацуючага, якія праз акно з неахоўваемага будынка былой сельскай школы ўчынілі крадзеж больш чым 130 чугунных секцый ацяпляльных батарэй. Неабдуманымі дзеяннямі маладыя людзі нанеслі страты на суму больш за 2000 рублёў, а галоўнае – нашкодзілі самі сабе.
Пачуцці падвялі
Малады шчучынец стаў фігурантам крымінальнай справы пасля таго, як, знаходзячыся ў гасцях, уступіў у палавую сувязь з непаўналетняй дзяўчынай. Раней хлопец праблем з законам не меў.
Адным заходам
Справа была ў Шайбаках. Вырваўшы прабой з дзвярэй, невядомы зламыснік прабраўся ў дом, які належыць на правах спадчыны жыхару іншага населенага пункта, і вынес бензапілу. Такім жа чынам ён атрымаў доступ у гаспадарчую пабудову: адсюль прыхапіў прыстасаванне для рыхлення бульбы.
Іншы зламыснік, асоба якога таксама высвятляецца, «абследаваў» нежылую, пакінутую ў спадчыну сядзібу ў г.п. Астрына. З незамкнёнага гаража знікла садовая тачка.
Ужо вядома асоба таго, хто «выпіў і закусіў» – украў алкагольныя напіткі і прадукты з дома ў аграгарадку Гурнофель. Гэта жыхар суседняй вёскі, непрацуючы, неаднаразова судзімы.
Кропавая справа
Сяльчанка-пенсіянерка і жыхарка Гродна падазраюцца ў тым, што з поля паблізу вёскі Старынкі яны спрабавалі ўчыніць крадзеж… кропу. Давесці да канца задуманае не змаглі, але шкоду нанеслі – ажно на 160 рублёў. Па факце заведзена крымінальная справа.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.