Хроніка здарэнняў
Пажывіліся добра…
Дзве тысячы рублёў – на такую суму ацэнены страты, нанесеныя жыхару Шчучына, які на правах спадчыны валодае домам у вёсцы Балічы. Дык вось, менавіта апусцелая сядзіба і прыцягнула ўвагу зламысніка. Выставіўшы шкло ў вакне, злодзей прабраўся ўнутр і вынес пульт кіравання ад акустычнай сістэмы, мікрафон, падаўжальнік, спіртныя напоі, два тэлевізары і столькі ж тэлевізійных прыставак. Заведзена крымінальная справа, асоба нязванага візіцёра ўстанаўліваецца.
А вось хто “праінспектаваў” сядзібу ў вёсцы Багуславова, якую ўласнік выкарыстоўвае пад дачу, ужо ўстаноўлена. Гэта зрабіў раней судзімы жыхар Галынкі. Мужчына прыйшоў сюды ноччу і вынес з гаспадарчай пабудовы пячную варачную панэль, вадзяную помпу, механізмы і запчасткі для тэхнікі.
Не іх дзень
Раённы аддзел Следчага камітэта завёў крымінальную справу на раней судзімых грамадзян: 34-гадовага непрацуючага і 40-гадовага работніка сельгаспрадпрыемства, якія ў адзін з асенніх дзён учынілі крадзеж з нежылога дома ў Яселевічах. Здабычай сталі 25 кілаграмаў зерня, якое захоўвалася ў доме. Дзвярамі для зламыснікаў паслужыла акно, раму з якога яны без праблем дасталі.
Дарэчы, у той жа дзень вяскоўцы зноў зрабілі спробу разжыцца на зерне. Але фартуна адвярнулася ад мужчын. Украдзенае давялося вярнуць.
“Пачысцілі” карт-рахункі
Для падману людзей працягвае дзейнічаць усё тая ж крымінальная схема з выкарыстаннем інтэрнэту і камп’ютарнай тэхнікі. У выніку хітрых дзеянняў махляроў трымальнікі банкаўскіх картак страчваюць уласныя грошы. Часта – немалыя. У прыватнасці, з карт-рахунка адной пенсіянеркі са Шчучына выкрадзена больш за 1700 рублёў, другой – 395 рублёў (жанчына паверыла тэлефоннаму аферысту). Патрапіў на закінутую праз інтэрнэт вудачку і мужчына: ён не далічыўся на сваім карт-рахунку 768 рублёў.
Як паказвае практыка, знайсці тэлефонных і інтэрнэт-прахіндзеяў практычна немагчыма.
Разукамплектавалі ўстаноўку
Расследуецца крымінальная справа па факце крадзяжу рэдуктара і чатырох металічных ёмістасцей з устаноўкі для мыцця кораня валяр’яны, якая знаходзілася паблізу Ішчална. Гаспадарцы нанесены сур’ёзны матэрыяльны ўрон.
Дзверы – на ключ!
Нават калі адыходзіце з дому ненадоўга. Злодзею часам некалькіх хвілін дастаткова, каб прыбраць да рук вашы грошы ці маёмасць. У прыватнасці, невядомы зламыснік такім чынам пазбавіў кашалька жыхарку абласнога цэнтра, якая прыехала ў Якубавічы. А з незамкнёнага дома ў Дэмбраве зладзюжка сцібрыў… тры флаконы туалетнай вады.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.