Хроніка здарэнняў
Лаўка сумку не вартуе
Раённы аддзел Следчага камітэта завёў крымінальную справу па факце крадзяжу грошай з сумачкі, пакінутай без нагляду на лаўцы ў гарадскім скверы. Уладальніца сумачкі – маладая жанчына – пазбавілася 190 рублёў. Хто гэта зрабіў, высвятляецца.
Сквер на плошчы Свабоды фігурыруе яшчэ ў адным крымінальным здарэнні. Абставіны ўчыненага злачынства падобныя. Малады чалавек пакінуў на лаўцы спартыўную сумку, і на яе хутка знайшоўся новы “гаспадар”. Дарэчы, у сумцы таксама знаходзіліся грошы – 390 рублёў. На гэты раз асобу зламысніка праваахоўнікі ўстанавілі хутка: на чужое паквапіўся непрацуючы жыхар Шчучына.
Без шуму і пылу
З дома ў вёсцы Дзякаўцы зніклі вуглашліфмашынка “Макіта” і тэлевізійны рэсівер. Слядоў пранікнення ў памяшканне не знойдзена.
“Невідзімка” зазірнуў і ў незачынены дом у вёсцы Раманавічы, які жыхарка абласнога цэнтра выкарыстоўвае пад дачу. Здабычай злодзея сталі 20 рублёў, літр суніц садовых і два літры напою.
Невядома пакуль, хто “пачысціў” сядзібу ў вёсцы Рыча Дзяржаўная, якая на правах спадчыны належыць жыхару Брэстчыны. З гаспадарчай пабудовы ўкрадзены электраправодка, металічныя бочкі і швелеры, вупраж, піламатэрыялы.
Плацежныя карткі пад ударам
Не супакойваюцца і зладзюжкі, якія абіраюць людзей шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі з выхадам у інтэрнэт. Нядаўна ад іх дзеянняў пацярпела жыхарка Шчучына. Завалодаўшы рэквізітамі банкаўскіх картак жанчыны, зламыснік выкраў з карт-рахункаў больш за 1300 рублёў.
У непрыемную сітуацыю патрапіла і маладая асоба, якая спрабавала прадаць на адным з сайтаў дзіцячую каляску. “Купіць” рэч пажадаў невядомы. Выведаўшы рэквізіты банкаўскай карткі, інтэрнэт-махляр “спісаў” з яе 180 рублёў.
Яшчэ адзін шчучынец, пацярпелы ад камп’ютарных прахіндзеяў, страціў з карт-рахунка больш за 2000 рублёў. Рэквізітамі банкаўскага “пластыку” інтэрнэт-злодзей завалодаў усё тым жа падманным шляхам.
Не кідайся словамі
Гэтую параду, якая даўно стала жыццёвай аксіёмай, праігнараваў жыхар Шчучына. Малады мужчына, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, нястрымана павёў сябе на беразе вадаёма, што знаходзіцца ў арэндзе ў прадпрыемства, – выказаў пагрозы прымянення насілля ў адрас заатэхніка-рыбавода, які выконваў службовыя абавязкі. За злыя словы давядзецца адказваць: па факце заведзена крымінальная справа.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.