Не забываюць традыцыйныя беларускія рамёствы ва ўзорнай студыі моды “Гармонія” і ствараюць шыкоўныя мадэлі

Беларускі стылізаваны касцюм для дзяўчынак з белага лёну з вышыўкай крыжыкам чырвонага колеру, створаны педагогамі ўзорнай студыі моды “Гармонія” Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі, два гады таму ўдзельнічаў у выставе падчас адкрыцця Цэнтра адукацыі, навукі і культуры Рэспублікі Беларусь у Душанбэ.

 

– Тады гэты касцюм-тройка, які складаецца са спадніцы, штаноў і кашулі, заняў другое месца ў рэспубліканскім конкурсе “Саматканы цуд”, – распавядае кіраўнік студыі “Гармонія”, педагог дадатковай адукацыі Алена Феліксаўна Чашчэвік. – Таму сярод іншых работ, якія занялі прызавыя месцы, і прадстаўляў Беларусь у Таджыкістане. Мы планавалі, што ён стане асновай нашай новай калекцыі. Але касцюм з-за мяжы так і не вярнуўся і, на жаль, не ўвайшоў у калекцыю “Вышыванкі”, работу над якой мы спачатку спынілі, а праз некаторы час усё роўна вырашылі да яе вярнуцца: не маглі адмовіцца ад ідэі выкарыстання традыцыйных беларускіх рамёстваў у нашых мадэлях. Цяпер іх у нас дзве, ёсць задумка і наконт трэцяй. Адну з іх стварылі ў народным стылі да Дня вышыванкі. Вышыўкай займаюцца Людміла Анатольеўна Куралёва і Ганна Аляксандраўна Кузяк. Хто хоць раз спрабаваў нешта вышыць, ведае, наколькі гэта карпатлівая праца. Дарэчы, Ганна Аляксандраўна працуе і з саломкай. На гэты раз яна проста перасягнула сябе, ствараючы ўнікальныя лялькі з гэтага матэрыялу.

 

Нястомныя і крэатыўныя педагогі студыі моды “Гармонія” разам са сваімі выхаванцамі пастаянна знаходзяцца ў творчым пошуку. Таму яны і ствараюць арыгінальныя мадэлі, а дзяўчынкам вельмі цікава паглыбляцца ў гэты няпросты працэс – асвойваць мадэляванне, канструяванне і пашыў новых вырабаў.

 

– У мяне займаюцца тры групы дзяцей, – распавядае Алена Феліксаўна. - Першая група “Адраджэнне” – вучаніцы першых-трэціх класаў, якія толькі авалодваюць асновамі шыцця. На занятках яны вучацца шыць уручную. Але дзяўчаты проста не могуць дачакацца, каб сесці за швейную машынку. І яны вельмі стараюцца. Напрыклад, Аляксандра Васюк вырашыла, што хоча стаць мадэльерам, таму імкнецца хутчэй усяму навучыцца. Ліза Вароніна займаецца ўжо тры гады і нават зрабіла свае першыя самастойныя машынныя радкі.

 

У сярэдняй групе таксама старанныя дзяўчынкі. Сур’ёзных поспехаў дасягнула Вікторыя Навумец. Летась ёй на Дзень нараджэння бацькі падарылі швейную машынку. Радасці дзяўчынкі не было мяжы! Я была вельмі гордая, калі Віка прыйшла на чарговы занятак і расказала, што вучыла шыць сваю маму. Вікторыя скончыла толькі пяць класаў, а ў гэтым навучальным годзе ўжо пашыла камбінезон з рукавамі і замком-маланкай, школьную спадніцу. Часам яна ўжо можа пракансультаваць і нашых маленькіх швачак. З задавальненнем вучацца шыць Паліна Іваноўская і Паліна Краўчук. Мая ж задача – навучыць іх не проста шыць, а шыць тэхналагічна правільна. Не люблю неакуратную работу і ад дзяўчынак патрабую, каб усё выглядала ідэальна. Таму мы не лянуемся нешта распусціць, распароць шво, перарабіць радок.

 

Вялікая малайчына і Віярыка Няяскіна. Яна займаецца ў старэйшай групе. Летась, хоць дзяўчынцы не было і 14 гадоў, яна прымала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў JuniorSkills Belarus. Да трэцяга месца ёй не хапіла толькі двух балаў. І гэта прытым, што ўзроставая катэгорыя ўдзельнікаў пачыналася з 14 гадоў. Сёлета конкурс будзе праходзіць у Мінску ў верасні. І мы ўжо да яго рыхтуемся. Я вучу Віярыку неабходнай тэхналогіі шыцця вырабаў, а з педагогам студыі Жаннай Паўлаўнай Карэцкай яна малюе эскізы.

 

У кабінеце Алены Феліксаўны сярод іншых работ, створаных умелымі рукамі, якія аб’ядналіся ва ўнікальную выставу, красуецца на манекенах і непараўнальная калекцыя “Лён сучасных дзён”, у якой зусім нядаўна быў зроблены апошні шывок. Ад мадэляў, якія нібыта выпраменьваюць цяпло і водар нашай роднай беларускай зямлі, проста вачэй не адарваць.

 

 

– Не паверыце, але гэтыя вырабы былі пашыты з непрыдатнага матэрыялу, – раскрывае сакрэт Алена Феліксаўна. – Раней ільняная тканіна была нацягнута на рамкі, і на яе мацаваліся розныя паробкі, малюнкі. Потым іх разабралі. Тканіну я вымыла і выпрасавала. І вырашыла паспрабаваць сумясціць, здавалася б, несумяшчальныя рэчы: суравы беларускі лён і сучасны гіпюр. Кампазіцыі ўмела дапоўніла вышыўкай Людміла Анатольеўна Куралёва. Гэтую калекцыю мы дэманстравалі толькі адзін раз падчас канцэртнай праграмы на 8-га Сакавіка. Плануем прадставіць яе на конкурсе “Прывітанне, свет!” у наступным годзе. Наогул новая калекцыя – гэта шэсць сукенак для малодшых дзяўчынак і чатыры для больш дарослых. Вялікія сукенкі былі пашытыя раней. Мы вырашылі даць ім другое жыццё і аб’яднаць у калекцыю разам з маленькімі пры дапамозе вышыўкі.

 

Трэба сказаць, што сукенкі, створаныя майстрыхамі студыі “Гармонія”, не жывуць толькі ў калекцыях. У гэтых унікальных строях выступаюць на канцэртах выхаванцы ўзорнай студыі “Апрель”, студыі эстраднага вакалу “Элегія”, якімі кіруюць адпаведна Святлана Іванаўна Аляксеева і Ірына Анатольеўна Краўчук. А захоўваюцца ўсе мадэлі разам з канцэртнымі касцюмамі ў касцюмернай палаца.

 

 

 

Як нараджаюцца новыя мадэлі? Часам гэтаму дапамагае фантазія, а часам часопіс мод “Бурда”.

 

– Там я бяру многія выкрайкі, калі не знаходжу патрэбную, шукаю хаця б сілуэт, які мне падабаецца, і на яго аснове мадэлюю свой выраб, – працягвае Алена Феліксаўна. – Усе дзяўчынкі, якія ў мяне займаюцца, таксама ўмеюць карыстацца выкрайкамі з гэтага часопіса. Напрыклад, вялікага цацачнага Зайца ў рост чалавека для супрацоўнікаў Шчучынскага РАНС мы стваралі разам з Жаннай Паўлаўнай Карэцкай – у гэтым выпадку над чарцяжамі больш працавала яна.

 

Што ў планах у крэатыўных педагогаў? Канечне ж, новая калекцыя! І паверце, яна будзе не менш яркай.

 

– Наша наступная задумка таксама будзе рэалізавана з непрыдатнага матэрыялу, – распавядае Алена Феліксаўна. – Мы выкарыстаем старыя джынсы і зробім у іх устаўкі з вырабаў, вязаных кручком. Павінна атрымацца нешта зусім незвычайнае. Заўсёды з вялікім нецярпеннем чакаю заканчэння працы, каб убачыць тое, што нарадзілася. Наогул шыць вельмі люблю. Велізарнае задавальненне дастаўляюць заняткі з дзецьмі, калі бачыш, што яны хочуць вучыцца.

 

А яшчэ Алена Феліксаўна стварае эксклюзіўныя касцюмы для сваіх дзвюх унучачак – Соф’і і Ані. Дзяўчынкі займаюцца ў студыі эстраднага вакалу, і для кожнага выступлення ім патрэбныя яркія ўборы, якія і шые для сваіх маленькіх артыстак бабуля.

 

 

Мадэлі, створаныя педагогамі ўзорнай студыі “Гармонія”, не раз былі адзначаны высокімі ўзнагародамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Студыя моды “Гармонія” станавілася лаўрэатам I ступені Міжнароднага конкурсу выканаўчага мастацтва “АРТ-заваяванне вяршыняў” “Поры года. Зіма-2020” з калекцыяй навагодніх касцюмаў, дыпламантам II ступені Міжнароднага шматжанравага фестывалю-конкурсу “Звездочёт” з калекцыяй “Беларускіх кветак россып залаты”, узнагароджана дыпломам III ступені ў V Міжнародным фестывалі-конкурсе “Творчасць без межаў” у намінацыі “Тэатр моды” і іншых.

 

...Адыходзячы, я яшчэ раз міжволі затрымалася каля невялікай выставы з красамоўнай назвай “Традыцыі і мы”, якая сапраўды ўвабрала ў сябе ўсе традыцыйныя рамёствы беларускага народа. Вельмі ўжо гарманічна выглядалі новая калекцыя касцюмаў з лёну, лялькі з саломы, вышыванка крыжыкам з чырвоных нітак на белай аснове. Выдатна, што жывуць беларускія народныя рамёствы, што іх памятаюць і шануюць. А дзякуючы педагогам Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі пра іх будуць памятаць і іх выхаванцы.

 

Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!