Хроніка здарэнняў

З гасцей – не з пустымі рукамі

 

Малады вясковец схадзіў у госці да калегі, з якім працуе ў адной сельгасарганізацыі. Мужчыны наладзілі застолле. А ў хуткім часе прымаючы бок не далічыўся грошай, што ляжалі ў кашальку. Знікла значная сума – звыш 300 рублёў. Давялося звярнуцца ў міліцыю. Вынік такі: на госця раённы аддзел Следчага камітэта завёў крымінальную справу. Дарэчы, раней гэты чалавек у канфлікт з законам не ўступаў.

 

Макавае “жніво”

 

Знішчана паўтара кілаграма алейнага маку, што вырас на прысядзібным участку жыхара Мураўёўкі. А на сядзібе жыхара Петрашкоў пушчана пад касу ажно 200 кілаграмаў дзікаросу. У абодвух выпадках былі вынесены пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання. Макавае «жніво» міліцыянеры правялі і на безгаспадарным полі ля Ліпічна (тут знішчана 100 кілаграмаў наркаўтрымліваючай культуры), а таксама паблізу Новага Двара.

 

П’яныя і небяспечныя

 

Заведзены крымінальныя справы на двух сямейных агрэсараў. Адзін з іх, гараджанін, знаходзячыся ў нецвярозым стане, падчас сваркі пагражаў сужыцельцы забойствам. Падобная сітуацыя мела месца і з удзелам п’янага і вельмі разгневанага вяскоўца. Гэты пайшоў яшчэ далей -- звязаў жонку... Цяпер, калі «смеласць» выветрылася, давядзецца моцна задумацца аб сваіх паводзінах.
Яшчэ некалькі жыхароў раёна – сямейныя дэбашыры -- кінуліся наўцёкі пасля таго, як учынілі скандалы са сваімі роднымі і блізкімі. Але іх знайшлі і прыцягнулі да адказнасці.

 

Хто што вудзіць

 

Непрацуючы жыхар Вялікага Мажэйкава ў адну з цёплых летніх начэй прайшоўся па беразе возера паблізу вёскі Ішчальняны і ўчыніў крадзеж вудзілішчаў з аснасткай, якія належалі жыхарам Гродна. Страты склалі звыш 600 рублёў. Праўда, скарыстацца здабычай не здолеў – перашкодзілі супрацоўнікі міліцыі. Заведзена крымінальная справа.

 

На мядок ласы

 

Аб крадзяжы 13 драўляных рамак з мёдам паведаміў у міліцыю жыхар аг. Скрыбаўцы. Пчаліныя вуллі стаялі ў двары дома-дачы, якая належыць гэтаму чалавеку і знаходзіцца ў іншай вёсцы. Ласага на мядок шукае міліцыя.

 

Хто яны, няпрошаныя госці?

 

Непрыемны «сюрпрыз» чакаў жыхарку Дэмбрава, якая мае на правах спадчыны дом у вёсцы Шарупы. Наведаўшыся сюды, жанчына ўбачыла, што злодзей сцібрыў металічныя двухстворкавыя вароты з такімі ж слупамі.

 

Пацярпела і сядзіба-спадчына, якая належыць жыхарцы Шчучына і знаходзіцца ў вёсцы Драбушы. Выставіўшы ў доме акно, зламыснік вынес прадукты харчавання і асабістыя рэчы.

 

Адкрыта і нахабна

 

Менавіта так дзейнічаў неаднаразова судзімы жыхар Шчучына ў адным з магазінаў райцэнтра: ён выкраў бутэльку піва, зубную пасту і гель для душа.

 

Запас, які бяду чыніць

 

Раённы аддзел Следчага камітэта завёў крымінальную справу на жыхара аграгарадка Гурнофель, які па месцы жыхарства незаконна захоўваў больш за 300 грамаў бяздымнага і больш за 700 грамаў дымнага пораху прамысловага вырабу. Экспертыза ўстанавіла, што гэты запас з катэгорыі небяспечных рэчываў і прыгодны для ўчынення выбуху.

 

Свінінкі на дармаўшчынку

 

захацелася маладым людзям, адзін з якіх з вёскі Тумашаўцы, а двое – з Гродна. У адну з начэй грабежнікі зрабілі спробу прыбраць да рук двух ладных свіней з хлява на сядзібе ў Дварчанах. Не атрымалася: зоркі і абставіны былі супраць такой нахабнай злачыннай «аперацыі». Двое з няўдалых грабежнікаў непрацуючыя, адзін з’яўляецца ІП, раней яны законапаслухмянасцю не вызначаліся.

 

Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!