Лунае водар мёду над рамонкавым полем. У саўгасе “Вялікае Мажэйкава” пачалі збіраць рамонкі

У саўгасе “Вялікае Мажэйкава” стартавала незвычайнае жніво: у гаспадарцы пачалі збіраць рамонкі, якія тут квітнеюць на плошчы 300 гектараў.

 

-- Наша сельгаспрадпрыемства – адзінае ў рэспубліцы, якое займаецца вырошчваннем лекавых траў у прамысловых маштабах, -- зазначае галоўны аграном саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Генадзій Міхайлавіч Каляда. – Першыя партыі свежасабраных і высушаных рамонкаў адправім у аптэчную сетку краіны ўжо восенню. А пакуль актыўна праводзім уборачную, на якой задзейнічаны пяць адзінак тэхнікі.

 

Калі мы прыехалі на поле ля вёскі Ішчална, па белым дыване, які соладка пах мёдам, размерана рухаліся тры спецыяльныя рамонказборнікі. Яны нібы “прычэсвалі” рамонкі, акуратна зразаючы кветкі. Як толькі бункеры запаўняліся, механізатары выгружалі сабраны духмяны ўраджай у грузавыя машыны і аператыўна дастаўлялі да сушылкі, што працуе кругласутачна.

-- Пачынаем уборку, як толькі з рамонкаў сыходзіць раса, і працягваем да заходу сонца, -- дадае Генадзій Міхайлавіч. – Разумеем, што марудзіць нельга: трэба паспець сабраць кветкі, пакуль тыя не асыпаліся прама ў полі. Над беласнежнымі пасевамі лунае насычаны водар мёду і гудуць пчолы – рамантыка, ды і толькі!

 

Дзякуючы цёпламу надвор’ю і нядаўнім дажджам мажэйкаўскія аграрыі разлічваюць атрымаць багаты ўраджай рамонкаў. Аднак для вырабу лекаў прыгодны толькі жоўты асяродак гэтай кветкі, які складае прыкладна палову ад усёй свежасабранай масы. Усяго тут плануюць атрымаць каля 200 тон духмянага грузу.

 

-- А як зразумець, што рамонкі ўжо выспелі, і прыйшла пара іх убіраць? – пацікавіўся я.

 

-- Усё проста, -- усміхаецца Генадзій Міхайлавіч Каляда. – Бачыце, кветкі лёгка аддзяляюцца ад сцяблінак, а калі іх пагладзіць, то на далонях застаецца жоўты пылок.

 

Дарэчы, важна не толькі своечасова ўбраць ураджай, але і правільна яго высушыць: для гэтага ў аграрыяў ёсць 4 гадзіны пасля таго, як рамонкі былі сарваны. Калі кветкі паляжаць болей, то стануць некандыцыяй. Разам з тым вытворчасць безадходная: буйныя кветкі, як самая якасная сыравіна, ідуць на лекі для аптэк, сцяблінкі і дробязь выкарыстоўваюцца для выпуску гарбаты ў пакеціках. Цалкам убраць гэтую лекавую культуру ў сельгаспрадпрыемстве плануюць да канца чэрвеня.

-- Высушаныя рамонкі фасуем самі, -- дзеліцца Генадзій Міхайлавіч. – Працэс гэты амаль цалкам ручны, таму даволі працаёмкі. Важна не прапусціць ніводнай сцяблінкі, а таксама адабраць іншыя кветкі і дробнае каменне. Затым лекавую сыравіну раскладваем па пакетах, узважваем і адпраўляем кліентам.

 

Між іншым, у саўгасе “Вялікае Мажэйкава” паспяхова займаюцца вырошчваннем не толькі рамонкаў, але і валяр’яны, наготкаў і сардэчніку. Сёння гаспадарка цалкам забяспечвае гэтай лекавай сыравінай аптэкі рэспублікі, таксама рэалізуе вырашчаную прадукцыю ў Расію і Украіну.

 

І пакуль мажэйкаўскія аграрыі займаюцца ўборкай рамонкаў, на суседніх палетках спее самы хадавы тавар – валяр’яна. А прыкладна  праз месяц шэраг палеткаў нальюцца ружовым колерам і наступіць пара ўбіраць наготкі.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!