Ззяе ў сэрцах Калядная зорка

Яшчэ падыходзячы да дома, у якім жыве сям’я Таццяны Уладзіміраўны і Сяргея Іванавіча Кавалеўскіх, заўважыла ў акне першага паверха яркія ёлачныя агеньчыкі, якія зіхацелі і пераліваліся рознымі колерамі. Чамусьці падумалася, што гэта менавіта мае героі ўжо рыхтуюцца да Каляд. І я не памылілася. Як аказалася, сястрычкі Даша і Маша на чале з татам ужо прыбралі вялікую прыгожую ялінку, таму ў доме адчуваўся подых самага таямнічага зімовага свята.

– У нашай сям’і Каляды адзначалі заўсёды, – расказвае Таццяна Уладзіміраўна. – Пакуль у вёсцы Лагады жыла маміна мама, усе збіраліся ў яе. У маёй бабулі было пяцёра дзяцей. Як з’едуцца ў бацькоўскі дом усе дзеці і ўнукі, шумна было і весела. Заўсёды ставілі вялікую елку, жывую, з лесу. На вігілійны стол абавязкова клалі духмянае сена. Гэтыя ўспаміны захаваліся ў мяне з далёкага дзяцінства. Калі не стала бабулі, мы пачалі збірацца на святы ў маіх бацькоў. 
Як лічаць Таццяна Уладзіміраўна і ўсе яе родныя, Каляды – гэта сямейнае свята. Таму і на куццю, і на наступны дзень яны з сястрой Вольгай і сваімі сем’ямі ідуць да мамы. На жаль, у мінулым годзе пакінуў гэты свет іх бацька, які таксама вельмі любіў, калі ўсе збіраліся разам. Цяпер функцыі старэйшага галавы сям’і за вігілійным сталом перайшлі сыну Таццяны Уладзіміраўны Сяргею. Сёлета ён закончыў школу і паступіў у Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт на факультэт французскай мовы. А да гэтага з маленства наведваў касцёл, прыслужваў міністрантам, таму ведае, як належным чынам арганізаваць святочную вячэру, якія гаварыць малітвы. 
– Мы сядаем за вігілійны стол толькі тады, калі збіраецца ўся сям’я, або падстройваемся пад таго, каму ісці на работу ў начную змену, – гаворыць Таццяна Уладзіміраўна. – Вельмі важна, каб мы былі ўсе разам. Вось і сёлета абавязкова будзем чакаць Сяргея, пакуль ён дабярэцца з Мінска. За сталом ламаем адзін у аднаго кавалачкі аплатка, абавязкова жадаем чагосьці добрага і светлага. Дзелячыся аплаткам, мы ахвяруем іншаму чалавеку нашу ўдзячнасць, прабачэнне, мы дзелімся з ім сваёй дабрынёй. А позна вечарам ідзём у касцёл на Пастэрку. У мінулым годзе нават маленькая Маша хадзіла разам з намі. 
На свята Таццяна Уладзіміраўна разам з дзяўчынкамі гатуюць шмат смачных страў і абавязкова свой фірменны пірог з макам або з карыцай. “Лепяць” і “вушкі” з макам, з грыбамі, з капустай, з яблыкамі. На вігілійным стале – толькі посныя стравы, у тым ліку і з рыбы. А ўжо на Каляды і мясныя смакоты. 
Дарэчы, святкуюць у сям’і Кавалеўскіх не толькі каталіцкае Нараджэнне Хрыстова, але і праваслаўнае. Сяргей Іванавіч праваслаўнага веравызнання, і яго матуля заўсёды чакае ў госці на гэтыя святы сына з сям’ёй.
Усіх сваіх траіх дзяцей – сына Сяргея, дачушак Дашу і Машу – Таццяна Уладзіміраўна выхоўвала ў веры з першых месяцаў іх жыцця. Яны разам заўсёды бываюць на імшы ў касцёле, на канікулах з Богам, на ўсіх каталіцкіх святах. Даша разам з малодшым касцельным хорам выступала падчас урачыстасці, прысвечанай юбілею знаходжання айцоў-піяраў на Шчучыншчыне.
Сама Таццяна Уладзіміраўна амаль чатырнаццаць год працуе на Шчучынскім масласырзаводзе, у апошні час – спецыялістам па продажы. Нядаўна ўладкаваўся на завод і яе муж. 
Дзяўчынкі-прыгажуні, пакуль мы размаўлялі з іх мамай, уважліва прыслухоўваліся да бяседы. А потым і самі вырашылі расказаць пра сябе і свае захапленні.
Шасцікласніца Даша – натура вельмі творчая. Яна любіць і спяваць, і танцаваць. Некаторы час нават займалася з педагогамі Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. Толькі ўсюды не паспявала – дзяўчынка стараецца добра вучыцца. Акрамя таго, Даша наведвае ўрокі рэлігіі, іграе на “Ямасе”. А яшчэ з задавальненнем гуляе ў тэніс і футбол, а любімы ўрок у школе – фізкультура. Любіць яна і штосьці майстраваць сваімі рукамі. Быў час, калі яны з мамай і сястрычкай захапляліся арыгамі: многа папяровых фігурак, створаных іх рукамі, стаялі на паліцах на самым бачным месцы. 
Самая малодшая ў сям’і – агульная любіміца Маша. У наступным годзе яна пойдзе ў першы клас. А як цудоўна дзяўчынка дэкламуе вершы, асабліва пра Дзядулю Мароза, які павінен абавязкова прынесці падарунак! Цяпер Маша разам з мамай рыхтуецца да навагодняга ранішніка ў дзіцячым садку і нават убранне ўжо падрыхтавалі: Маша будзе казачнаю Каралеваю. 
У мнагадзетнай сям’і Кавалеўскіх ёсць свае прынцыпы. 
– Мы вучым сваіх дзяцей, каб яны да кожнай справы адносіліся адказна, – расказвае Таццяна Уладзіміраўна. – Калі за нешта ўзяўся, абавязкова давядзі гэта да канца, а інакш і пачынаць не трэба. Выхоўваючы дзяцей, мы не выключаем крытыкі, а прытрымліваемся такога меркавання: лепш пра свае недахопы пачуць у сям’і, чым ад чужых людзей. Акрамя таго, мы пастаянна вучым дзяцей сябраваць паміж сабой, падтрымліваць адзін аднаго. Дзяўчынкі цяпер сумуюць без брата. Яму не ўдаецца часта бываць дома, таму што па суботах ён вучыцца. Нас, бацькоў, вельмі радуе, што паміж дзецьмі складваюцца добразычлівыя адносіны. Сяргей, калі яшчэ вучыўся ў школе, дапамагаў нам расціць Машу, многа гуляў з ёю на вуліцы. Часам і Дашку адводзіў у садок або ў кансультацыю. 
Сярод маленькіх традыцый сям’і – кожны год абавязкова ўпрыгожваць навагоднюю ялінку некалькімі новымі цацкамі. А яшчэ ёсць у сям’і Кавалеўскіх адна вялікая агульная справа: яны ўсе разам займаюцца рэканструкцыяй дома, які набылі некалькі год таму і пра які даўно марылі. 
…Ужо праз некалькі дзён уся сям’я Таццяны Уладзіміраўны і Сяргея Іванавіча сабярэцца разам, каб сустрэць самыя цудоўныя і любімыя святы. Дзеці абавязкова атрымаюць падарункі ад Дзеда Мароза, а іх бацькі будуць прасіць ва Усявышняга здароўя і шчасця для іх дзяцей. Для мамы і таты гэта самы галоўны і важны падарунак.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!