“Зязюлі” гнёздаў не ўюць

 

Нядаўна суд Шчучынскага раёна разгледзеў грамадзянскую справу аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў маладой жанчыны і яе былога мужа. Што ж перашкодзіла гэтым людзям стаць для сваіх крывінак сапраўднай апорай? Магчыма, нейкая надзвычайная сітуацыя ці непераадольныя жыццёвыя абставіны? Насамрэч – не тое і не другое.

 

Анжэла і Раман (імёны зменены, а ўсе супадзенні выпадковыя. – Заўв. аўтараў) сустрэліся, каб стаць шчаслівымі. Стварылі сям’ю. На свет з’явіліся дачушка і сын. Здавалася б, усё цудоўна. Але праз некалькі год шлюб быў скасаваны, а дзеці засталіся пражываць з матуляй.

 

Трэшчына, што ўтварылася пасля разводу, толькі пашыралася. У хуткім часе малады мужчына стварыў новую сям’ю, а былая жонка накіравала жыццё па сцяжыне, якая аднойчы прывяла яе ў месцы не вельмі аддаленыя. А як жа дзеці? Раман апраўдваўся, што не можа забраць іх да сябе, маўляў, работа звязана з раз’ездамі, і даў згоду на ўстанаўленне апекі. Рашэннем райвыканкама апекунамі непаўналетніх былі прызначаны бабуля і дзядуля па мацярынскай лініі.

 

Анжэла, адбыўшы пакаранне, запэўнівала: свае паводзіны ў адносінах да дзяцей яна лічыць няправільнымі, пераасэнсавала важнасць мацярынства і сям’і, жадае займацца выхаваннем дачкі і сына і прыкладзе для гэтага максімум намаганняў. У тых, хто гэта чуў, зацеплілася надзея, што жанчына сапраўды адумаецца і будзе разам з дзецьмі.

 

Але словы словамі, а на справе… Анжэла, відаць, моцна “астудзіла” сваё сэрца. Заявы ад яе аб вяртанні дзяцей на выхаванне так і не паступіла. Роднае гняздо “зязюлю” не цікавіла, сваю ўвагу яна пераключыла на наладжванне асабістага камфорту, у якім знайшлося месца толькі… новаму сужыцелю. Мякка кажучы, не самаму дастойнаму чалавеку. Лад жыцця, які гэта пара абрала для свайго існавання, у грамадстве лічыцца непрымальным. Нежаданне працаваць, злоўжыванне алкаголем, сваркі і іншыя атрыбуты недабрабыту, зразумела, не тая атмасфера, у якой дзеці маглі пачуваць сябе камфортна і ў бяспецы.

 

Здавалася б, у такой сітуацыі, пры такой пазіцыі маці трэба праявіць актыўнасць і лепшыя пачуцці бацьку дзяцей. Але ўдзел мужчыны ў выхаванні дачкі і сына абмяжоўваўся рэдкімі тэлефоннымі званкамі і наведваннямі, непрацяглымі сустрэчамі і невялікімі гасцінцамі. Не знайшлося месца дзецям ад першага шлюбу і ў яго новай сям’і. Будні, святы, канікулы дзеці па-ранейшаму праводзілі з людзьмі, якія сталі для іх самымі роднымі і блізкімі, – з дзядулем і бабуляй.

 

Такія паводзіны Анжэлы і Рамана з’явіліся, як цяпер кажуць, адным з трыгераў, каб пазбавіць гэтых безадказных “зязюль” бацькоўскіх правоў.

 

У іскавой заяве ў суд, пададзенай аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ў інтарэсах двух непаўналетніх, была выкладзена поўная і дакументальна пацверджаная інфармацыя аб тым, што папярэднічала прыняццю такіх сур’ёзных мер. Галоўны пасыл – бацькі не выконваюць патрабаванні ч.1 арт. 75 Кодэкса аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь, згодна з якой менавіта яны павінны ажыццяўляць выхаванне дзяцей, папячыцельства над імі і іх маёмасцю, а таксама клапаціцца пра фізічнае, маральнае развіццё дзяцей, іх здароўе, адукацыю і падрыхтоўку да самастойнага жыцця ў грамадстве.

 

Варта падкрэсліць, што на шляху да судовага разбіральніцтва зацікаўленыя бакі дзейнічалі няспешна і ўзважана. У выніку ўсе факты, якія мелі значэнне для прыняцця правільнага рашэння, знайшлі дакументальнае пацвярджэнне. Грамадзянская справа стала нагадваць досыць пульхную папку. Сярод мноства дакументаў ёсць тут і даведка аб выніках гутаркі педагога-псіхолага з дзецьмі. Хлопчык і дзяўчынка душой не крывілі, расказалі пра свае кантакты з матуляй і татам, а дакладней, пра іх адсутнасць. Паўнавартасных і нармальных адносін не склалася, бо “у гасцях у мамы не былі, а ў таты – толькі праездам”.
Суд улічыў і той факт, што да маладой жанчыны неаднаразова прымаліся меры прафілактычнага ўздзеяння, яна праходзіла супрацьалкагольнае лячэнне, знаходзілася на адпаведным уліку... Змены былі, але ненадоўга.

 

На разгляд грамадзянскай справы Анжэла не з’явілася. Інтарэсы яе былога мужа прадстаўляў у судзе адвакат, які даказваў, што падстаў для пазбаўлення Рамана бацькоўскіх правоў няма. Аднак аргументы іншых удзельнікаў працэсу ўшчэнт разбівалі “пазітыў” абаронцы. “Дзеці не адчуваюць ні бацькоўскай апоры, ні бацькоўскай ласкі”, – казала бабуля-апякун і ў пацвярджэнне прывяла многа доказаў. Так, вельмі ўзрушыў жанчыну ўчынак былога зяця: ён даў Анжэле грошы на бутэльку віна і папрасіў… адмовіцца ад спагнання аліментаў. Аб’ектыўна і крытычна ахарактарызавала яна і паводзіны ўласнай дачкі.

 

Пазбаўленне бацькоўскіх правоў – выключная мера. На гэты раз суд знайшоў усе падставы для яе прымянення. Дзеці, як гэта было і раней, засталіся ў сям’і бабулі і дзядулі, акружаныя клопатам і любоўю.

 

Максім ГАЛУБОВІЧ, суддзя суда Шчучынскага раёна.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!