Звароты людзей заслугоўваюць увагі. Прыём грамадзян правёў у Шчучыне кіраўнік спраў Гродзенскага аблвыканкама Ігар Андрэевіч Папоў

У Шчучыне прыём грамадзян і адначасова "прамую тэлефонную лінію" правёў кіраўнік спраў Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Ігар Андрэевіч Папоў. Магчымасцю расказаць пра свае праблемы, падзяліцца ўласнымі развагамі скарысталіся 5 жыхароў раёна. Пры гэтым усе дыялогі адбыліся па тэлефоне.

 

Пачатак зацікаўленай размове паклаў званок з г.п. Астрыны. Жыхарка дома №5 па вуліцы Шчучынскай агучыла агульны непакой: маўляў, пасля добраўпарадкавання тэрыторыі, а дакладней, укладкі тратуарнай пліткі, іх дом у сезон дажджоў можа падтапіць. Намеснік дырэктара РУП ЖКГ А.А. Місюк, які прысутнічаў на прыёме, перакананы: зараней хвалявацца не варта, бо ўсё зроблена згодна з праектам. Каб вада не паступала пад дом, пракладзены асобны сток. Пытанне будзе трымацца на кантролі, запэўніў жанчыну Ігар Андрэевіч.

 

А вось жыхар вёскі Фарны Канец, ён жа мясцовы стараста, папрасіў адрамантаваць кавалак дарогі ў напрамку пасёлка, а на шляху, які вядзе да касцёла, устанавіць некалькі ліхтароў. З яго вуснаў прагучала і пытанне наконт работы мясцовай лазні. Вясковаму "мэру" патлумачылі: лазня  цяпер знаходзіцца на рамонце, а пакуль можна скарыстацца паслугамі лазні на колах, якая ёсць у РУП ЖКГ і выязджае ў населеныя пункты па графіку і заяўках насельніцтва.

 

І.А. Папоў уважліва выслухаў вяскоўца, пахваліў: "Вы нераўнадушны стараста", пацікавіўся яго ўдзелам у рабоце органаў улады пярвічнага ўзроўню. А таксама выказаў свой пункт гледжання наконт лазневага абслугоўвання: "Перасоўная лазня -- гэта добра, але гэта не падстава, каб зачыняць стацыянарныя аб'екты".

 

Падчас "прамой тэлефоннай лініі" прагучала просьба ад імя жыхароў вёскі Курылаўцы аб пераносе месца прыпынку аўтакрамы – ў бок, дзе жыве шмат пажылых людзей. "Людзям павінна быць зручна, таму просьба вартая ўвагі", -- лічыць І.А. Папоў. На яго думку, заслугоўвае ўвагі і зварот наконт аптэкі ў аграгарадку Дэмбрава. Тут цяпер няма пастаяннага работніка, таму раз на тыдзень сюды прыязджае фармацэўт. Аднак вяскоўцы адчуваюць нязручнасці, даводзіла жанчына, якая тэлефанавала. Кіраўнік спраў аблвыканкама запэўніў, што даручыць разгледзець гэта пытанне профільнаму ведамству. А спецыялісты страхавой арганізацыі павінны будуць даць тлумачэнні па звароце жыхаркі Орлі, якая непакоіцца, што доўгі час не можа атрымаць страхавыя выплаты.

 

– Усё, пра што людзі паведамляюць, гавораць, усё, што іх хвалюе, – гэта надзвычай важна, – адзначыў Ігар Андрэевіч. –   Магчыма, якіясьці пытанні і праблемы не падаюцца маштабнымі. Тым не менш, гэта жыццё людзей, і ад таго, як мы будзем рэагаваць, якія меры прымаць, залежыць не толькі паляпшэнне якасці іх жыцця, але і аўтарытэт органаў улады.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!