Знайшлі занятак па душы. Сям’я Верацілаў з аграгарадка Ражанка – гэта добры прыклад вясковых прадпрымальнікаў
Муж і жонка вядомыя як людзі сумленныя і працавітыя. Мы завіталі да іх для таго, каб даведацца больш пра іх жыццё.
Сяргей і Людміла нарадзіліся ў Навагрудскім раёне. Аднак сям’я мужа хутка пераехала ў Шчучынскі раён, таму дзяцінства Сяргея Верацілы прайшло ў пасёлку Ражанка. У будучых сужэнцаў было шмат агульных знаёмых, іхнія сваякі ведалі адзін аднаго, што і дапамагло пары сысціся. Пасля таго, як Сяргей прыйшоў з войска, ён ажаніўся з Людмілай.
Спачатку сям’я жыла ў інтэрнаце Шчучынскага рамонтнага завода. Сяргей працаваў там электразваршчыкам. З цягам часу пачалі задумвацца аб уласным жытле. Таму купілі зямельны ўчастак з домам.
– Старая планіроўка дома нас не задавальняла, і таму мы цалкам перабудавалі будынак, – кажа Сяргей. – Рэканструкцыя была маштабная, але ўсё рабілі сваімі сіламі.
Людміла Вераціла працавала загадчыцай крамы ў прыватнага прадпрымальніка, аднак уласнік вырашыў закрыцца. Наша гераіня не разгубілася і знайшла сябе ў новай справе.
– Неяк мне прыйшла ідэя заняцца прадпрымальніцтвам, – кажа Людміла. – Паспрабавала – і ў мяне атрымалася. Цяпер займаюся гандлем, прадаю жаночае адзенне на рынках Шчучынскага раёна і Мастоў. Вядома, муж дапамагае.
Сяргей Вераціла таксама вырашыў паспрабаваць свае сілы ў новай справе.
– Ля вёскі Бобра мы арандуем 3 гектары зямлі, – дзеліцца галава сямейства. – Вырошчваем на продаж бульбу і зерневыя. Занятак не самы лёгкі, зямлёй трэба займацца кожны дзень. Калі працуеш на сябе, то выхадных няма.
У Ражанцы Сяргея Верацілу ведаюць як добрага зваршчыка, які заўсёды дапаможа ў рабоце з металам.
– Бывае, што старшыня сельвыканкама папросіць чым дапамагчы па зварцы, то я не адмаўляю, бо трэба ж людзям дапамагаць. Не так даўно быў выпадак, што ў бабулі з Вярбілак адляцела дзверца ад печкі перад зімой. Прыехалі, вырашылі праблемнае пытанне. Таксама дапамагаў добраўпарадкаваць каталіцкі крыж у Ражанцы, зрабіў каля яго столік.
Сяргей і Людміла маюць двух сыноў. Старэйшы – Віталь, скончыў ГрДУ імя Янкі Купалы. Цяпер працуе на мытні старшым інспектарам на Ашмянскім памежным пераходзе. Малодшы сын Аляксандр вучыцца ў 10 класе сярэдняй школы №1 горада Шчучына.
– У Ражанцы жыву ўжо шмат гадоў, – кажа Людміла. – Нам з мужам падабаецца, тут добрыя і прыгожыя мясціны, таму пра пераезд кудысьці нават і не думаем.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.