Знайсці свае карані

Ён з той кагорты, каго называюць “дзеці вайны”: нарадзіўся ў 1943-м яшчэ на акупаванай фашыстамі тэрыторыі нашага рэгіёна. Ці варта нагадваць, якія выпрабаванні выпалі на долю прадстаўнікоў гэтага пакалення і іх бацькоў? Дык вось, сваіх ні таты, ні мамы Пётр Сямёнавіч як раз-такі і не памятае, але ўсё жыццё, з самага юнацтва, шукаў іх, імкнуўся хоць што-небудзь даведацца пра сваю сям’ю, нястомна пасылаў запыты ў архівы (павінны ж застацца хоць нейкія звесткі ў тым выпадку, калі бацькі пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсій), у нямецкае пасольства (магчыма, падчас вайны іх прымусова вывезлі ў Германію), у міжнародную службу вышуку... Сёння гэты 74-гадовы мужчына хацеў бы адшукаць хаця б магілкі сваіх родных людзей і ўсё ж даведацца нарэшце, якая трагедыя разыгралася на самой справе, хто ягоныя продкі.

З фільтрацыйнага пункта – у Дом дзіцяці
У адным з адказаў на чарговы запыт П.С. Абрыцкага чытаем: “На жаль, інфармацыі аб вашым паходжанні вельмі мала. У рэгістрацыйным журнале ўказана, што Пётр Абрыцкі, 1943 года нараджэння, паступіў на выхаванне ў Гродзенскі дом дзіцяці 14 ліпеня 1945 года па накіраванні фільтрацыйнага пункта г. Гродна. Прычына – сіроцтва. Бацькі не ўстаноўлены. 28 мая 1947 года хлопчык пераведзены ў санаторый “Краскі” Ваўкавыскага раёна”.
Але як трапіў малыш-сірата ў фільтрацыйны пункт, дзе НКУС недаверліва правяраў-пераправяраў палітычную добранадзейнасць тых, хто перажыў акупацыю? Магчыма, Пецевы бацькі, апынуўшыся ў небяспецы, даверылі немаўлятку чужым людзям, каб выратаваць малому жыццё. А мо ўжо там, у праверачна-фільтрацыйным па сутнасці лагеры, міжволі адмовіліся ад уласнага дзіцяці, каб не лічылі яго сынам “ворагаў народа”? Усё гэта загадкі ў стылі вострасюжэтных серыялаў. А даведацца праўду, як ні імкнуўся Пётр Сямёнавіч, не атрымалася. Не ўсе дакументы захаваліся, не ўсіх сведкаў тых далёкіх супярэчліва-трагічных падзей можна было адшукаць. Але гэты дапытлівы чалавек упарта вёў і вядзе сваё даследаванне. Цэлы дамашні архіў утварыўся з допісаў і адказаў усемагчымых інстанцый. Надзея адшукаць “свае сляды” не пакідае Абрыцкага і сёння.
“Урачы не верылі, што мяне можна вылечыць”
У санаторый “Краскі” чатырохгадовага хлопчыка Пецю Абрыцкага з Гродзенскага дома дзіцяці накіравалі не выпадкова. Зноў жа ў архіве захавалася выпіска з гісторыі хваробы, дзе значыцца дыягназ, бы прыгавор – туберкулёзны спандыліт са спадарожнымі захворваннямі на рахіт і гіпатрафію. Адным словам, стан юнага пацыента быў настолькі складаны, што ён амаль дзясятак год быў прыкаваны да ложка, увогуле не мог хадзіць. Абласныя ўрачы нават не браліся за лячэнне, маўляў, гэта бесперспектыўна.
І толькі галоўны ўрач санаторыя “Краскі” Пётр Мікалаевіч Пракоф’еў – чалавек неверагодна вялікай душы, змагаўся за цёзку-сірату, як за ўласнага сына. Дый сам маленькі пацыент праяўляў недзіцячую ўпартасць і прагу да жыцця. Выцяжка на пятлі Гліссона, іншыя балючыя маніпуляцыі – усё хлопчык мужна выносіў, нібы стойкі алавяны салдацік. 
І ўсё ж хвароба паступова адступала. Між бальнічных ложкаў, з падтрымкай санітарачкі ці медсястры, Пеця рабіў першыя крокі, потым пачаў хадзіць на мыліцах, а яшчэ пазней і ўвогуле без сродкаў рэабілітацыі. 
З 1956 па 1961 год ён ужо выхоўваўся ў Парэцкай школе-інтэрнаце: старанна вучыўся, дапытліва цікавіўся ўсім на свеце і адкрыў для сябе любімае захапленне. Пятру не на жарт падабалася ўнікаць у нюансы ўсемагчымых устройстваў, рамантаваць радыётэхніку. Дарэчы, калі падлетак атрымаў свой першы “ганарар” за добра выкананую работу, ён купіў на гэтыя невялікія грошы не, не пачастунак, а … паяльнік, каб і далей мець магчымасць праяўляць тэхнічную творчасць. 
“Нягледзячы на інваліднасць, усё жыццё працаваў” 
Сёння П.С. Абрыцкі чалавек, можа, і з абмежаванымі магчымасцямі (цяжкая хвароба ў дзяцінстве не магла прайсці бясследна), але неабмежаванай цікаўнасцю да жыцця, імкненнем да творчасці. Ён піша замалёўкі з натуры, цікавіцца паэзіяй, калекцыяніруе старыя гадзіннікі і рарытэтную тэхніку – першыя тэлевізары, радыёпрыёмнікі, прайгравальнікі з пласцінкамі. Для яго гэта не толькі ўспаміны пра адышоўшую эпоху, але і настальгія па любімай справе. Больш за дзясятак год Пётр Сямёнавіч працаваў майстрам у Шчучынскай тэлемайстэрні, а ўсяго, нягледзячы на 2-ю групу інваліднасці, ягоны працоўны стаж складае 37 гадоў! 
– Шанаваць мінулае надзвычай важна. Без яго няма будучага, – гэтыя словы гучаць з вуснаў Пятра Сямёнавіча зусім не высакапарна. Яны прапушчаны праз самае сэрца. – Вось чаму я не пакідаю пастаўленую яшчэ ў маладосці мэту – адшукаць-такі звесткі пра сваю сям’ю. А тым, хто яе мае, ад усяго сэрца хачу пажадаць – беражыце сямейныя каштоўнасці і добрую памяць пра свой радавод, перадавайце з пакалення ў пакаленне духоўную спадчыну. А яшчэ ўмейце пераадольваць цяжкасці і цаніць жыццё.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фото аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!