Зіма ў радасць. Як засцерагчыся ад падзенняў?

 

Галоўны спосаб прафілактыкі траўмаў зімой — абачлівасць і асцярожнасць пры перасоўванні, асабліва пры наяўнасці снежных намецяў і галалёду. Важна правільна, адпаведна пагодным умовам, падабраць адзенне і абутак. Падрабязней пра гэта расказаў галоўны ўрач 6-й гарадской клінічнай бальніцы, галоўны пазаштатны траўматолаг-артапед Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Віктар АНОСАЎ.

 

У Беларусі штогод рэгіструецца да 700 тысяч траўмаў, з якіх 18–20 % звязаны з галалёдам. Да 80 % зімовых траўмаў — удары, 10 % — вывіхі, 10 % — пераломы. На кожнага загінулага ад траўм, а гэта 10–12 тысяч за год, прыпадае да 30 шпіталізацый, а тых, хто звяртаецца з пашкоджаннямі мяккіх тканак ці апорна-рухальнага апарата, і ўвогуле ў 10 разоў больш.

 

— Зімой галоўнымі небяспекамі з’яўляюцца галалёд і цёмны час сутак. Трэба да гэтага рыхтавацца і мяняць стыль хадзьбы на зімовы — рухацца марудна і акуратна, — адзначае медык. Пераважная большасць сярод пацыентаў траўматолагаў (каля 80 %) — людзі працаздольнага ўзросту, яшчэ каля 8 % — пажылыя людзі, астатняя частка — дзеці. Для кожнай з гэтых груп — свае рэкамендацыі, але агульныя для ўсіх — не пераахалоджвацца, апранацца па надвор’і, улічваць прагноз надвор’я.

 

— Асабліва траўманебяспечны час — калі тэмпература вар’іруе ад 0 да мінус 3 градусаў, калі адбываецца хуткая змена з плюса на мінус, а таксама пачатак зімы, калі людзі не паспелі перабудавацца на іншы рытм руху, — звяртае ўвагу Віктар Аносаў.

 

Для дзяцей асаблівую небяспеку тояць «ватрушкі», якія развіваюць высокую хуткасць, а іх рух некіравальны. Яшчэ адна пагроза — петарды. Штогод фіксуецца каля 30–40 такіх траўмаў ад іх.

 

— Усе мы ведаем, што для нашага паўсядзённага жыцця азначае кісць, колькі яна выконвае функцый. Калі ў ёй узрываецца петарда, складана яе сабраць. Мінна-ўзрыўныя траўмы самыя цяжкія, і метадам выбару ў іх лячэнні з’яўляецца ампутацыя пашкоджаных тканак, — папярэджвае галоўны ўрач.

 

Для людзей пажылога ўзросту вызначальным з’яўляецца абутак. У сталым узросце зніжана хуткасць рэакцыі на змяненне апоры пад ступнёй. Таму рэкамендуецца выбіраць абутак з фіксацыяй галёнкаступнёвага сустава, з высокім верхам, на шнуроўцы. Можна наклейваць на падэшву лейкапластыр — гэта дапаможа знізіць слізганне. Нядаўна ў продажы з’явіўся абутак з шыпамі, якія пры галалёдзе высоўваюцца з падэшвы.

 

— Пасля падзення на бок у пажылых людзей нярэдка здараецца пералом шыйкі сцягна, — кажа Віктар Аносаў. — Не сакрэт, што ва ўсіх людзей пажылога ўзросту 2-3 хранічныя хваробы, і пералом — той спускавы кручок, які запускае неаднаўляльны каскад паталагічных змяненняў. Пасля такой траўмы цягам года захоўваецца высокая рызыка лятальнага зыходу.

Увогуле, пасля атрымання цяжкай траўмы ў чалавека некалькі крытычных перыядаў. Гэта першая гадзіна пасля траўміравання, калі, напрыклад, атрымана чэрапна-мазгавая траўма. Масіўнай лічыцца ўнутрычарапная гематома аб’ёмам больш за 80 см3, якая сціскае мозг, таму ўрачы найперш звяртаюць увагу на функцыянаванне цэнтральнай нервовай сістэмы ў такіх пацыентаў. Цягам першай гадзіны небяспеку ўяўляе і востры крывацёк, таму такога пацыента важна своечасова даставіць у стацыянар.

 

Наступны крытычны перыяд — трэці тыдзень, калі назіраецца ўсплёск інфекцыйных ускладненняў пасля таго, як медыкі выхадзілі пацыента ад шоку і траўмаў. У работу ўключаюцца ўсе органы і сістэмы, запускаецца кровазабеспячэнне, пры гэтым прадукты распаду, трапіўшы ў крываток, могуць выклікаць поліарганную недастатковасць. Таму лепш прытрымлівацца простых правіл, каб пазбегнуць траўмаў і іх наступстваў.

 

«Самая распаўсюджаная — траўма канечнасцяў»

Сярод дзяцей найбольш часта траўміруюцца падлеткі 10–14 гадоў. Пра асноўныя прычыны дзіцячага траўматызму расказаў урач-траўматолаг-артапед, загадчык траўматолага-артапедычнага аддзялення для дзяцей Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі Юрый Ліхачэўскі.

 

У нашай краіне рэгіструецца каля 150 тысяч дзіцячых траўмаў. Гэта значыць, са 100 дзяцей восем на працягу года атрымліваюць траўмы той ці іншай ступені цяжкасці. Штогод ад 50 да 55 дзяцей у выніку атрымліваюць інваліднасць. Сёлета траўматызм у параўнанні з папярэднім годам знізіўся на некалькі працэнтаў, а вось яго структура не памянялася. Больш за палову — бытавыя траўмы, на другім месцы — вулічныя, на трэцім — спартыўныя. Найбольш часта траўміруюцца, як правіла, дзеці 10–14 гадоў, на другім месцы — падлеткі 15–17 гадоў, трэцяе месца — за малодшай узроставай групай 5–9 гадоў. Самая распаўсюджаная — траўма канечнасцяў.

 

— У дзяцей ёсць тыповыя пераломы — пры падзенні на руку. Мы называем гэта «пералом прамянёвай косці ў тыповым месцы». Там у малых яшчэ дастаткова слабая, мяккая косць, і яна часцей за ўсё траўміруецца. Таксама распаўсюджаны ў дзяцей пералом у вобласці локцевага сустава. Калі разглядаць ніжнія канечнасці, то гэта, як правіла, пераломы шчыкалатак, — расказаў Юрый Ліхачэўскі.

 

З цягам часу з’яўляюцца новыя віды траўматызму. З распаўсюджаннем маскітных сетак павялічылася колькасць падзенняў з вышыні, пры з’яўленні цюбінга з’явіўся спецыяльны від траўмы — цюбінгавая траўма. Індывідуальныя сродкі мабільнасці (скутары, самакаты, электрасамакаты) таксама прыводзяць да дадатковага траўміравання. Напрыклад, летась цюбінгавую траўму атрымалі каля 140 дзяцей.

 

— Што датычыцца прафілактыкі, то траўматызму спрыяе дрэнны бацькоўскі кантроль, калі дзіця застаецца сам-насам. Таксама мае вялікую ролю захаванне правіл карыстання рознымі сродкамі, напрыклад, тым жа цюбінгам. Катанне павінна ажыццяўляцца на спецыяльных горках, пад кантролем бацькоў, з выкарыстаннем інструктараў, тады колькасць траўм будзе меншай, — рэзюмаваў Юрый Ліхачэўскі.

 

zviazda.by

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!