Жывыя кветкі – сімвал памяці жывой. У Шчучыне прайшоў мітынг, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Мінула 36 гадоў з таго часу, як скончылася афганская вайна, якая доўжылася з 25 снежня 1979 года па 15 лютага 1989 года. Сярод тых, хто прайшоў усе нягоды і выпрабаванні афганскай вайны, праяўляў адвагу і самаадданасць у барацьбе з міжнародным тэрарызмам, было шмат нашых землякоў.
Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў на мітынг ля памятнага знака сабралася мноства людзей: прадстаўнікі раённай улады, райваенкамата і працоўных калектываў, ветэраны Узброеных Сіл, моладзь і, безумоўна, яны -- тыя, хто прайшоў пекла Афгана, у чый гонар стаіць у скверы насупраць школы памятны знак з высечаным на камені надпісам "Салдатам неаб'яўленай вайны", які быў урачыста адкрыты роўна 20 гадоў таму назад.
Словы падзякі за мужнасць і вытрымку, праяўленыя ў гады ваенных выпрабаванняў, за сумленнае выкананне інтэрнацыянальнага абавязку адрасаваў воінам-афганцам старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі:
-- Сёння мы сабраліся тут, каб ушанаваць памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў, нашых з вамі землякоў, якія з гонарам адстойвалі званне салдата Савецкай Арміі ў гарачых кропках свету. Колькі б гадоў ні мінула з тых далёкіх дзён -- Афганістан баліць у душы кожнага, хто хоць неяк дакрануўся да падзеяў той вайны. Вы здолелі не толькі зберагчы повязі воінскага братэрства, але і здолелі пераадолець фізічныя і маральныя траўмы, абапіраючыся, перш за ўсё, на сваю салідарнасць і ўзаемападтрымку. Вы, моцныя духам людзі, і зараз дэманструеце прыхільнасць справядлівасці, актыўную грамадзянскую пазіцыю, уносіце важкі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі. Нізкі паклон вам за разуменне пастаўленых задач, актыўны ўдзел у сацыяльна-эканамічным развіцці Шчучыншчыны. Моцнага вам здароўя, асабістага і сямейнага шчасця, утульнасці і дастатку ў вашых дамах!
15 лютага 1989 года апошняя калона савецкіх войскаў перасекла афгана-савецкую мяжу. Менавіта гэты дзень стаў Днём памяці не толькі для тых, хто ваяваў у Афганістане, але і для ўсіх воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія ўдзельнічалі ва ўрэгуляванні ваенных канфліктаў на тэрыторыях блізкага і далёкага замежжа.
Вайна ў Афганістане доўжылася 9 гадоў і 51 дзень. Гераічныя і трагічныя падзеі працягваліся ў два разы больш, чым Вялікая Айчынная, і назаўсёды застануцца ў людской памяці. У першую чаргу таму, што ў час правядзення вайсковых аперацый, дыверсій і абстрэлаў, выканання іншых задач савецкімі часцямі і падраздзяленнямі ў далёкай паўднёвай краіне загінула больш за 15 тысяч чалавек.
Ёсць у гэтым журботным спісе і шэсць жыхароў нашага раёна. Над памятным знакам навісае цішыня: хвіліна маўчання ў памяць аб загінуўшых земляках. Юрый Астаповіч, Сяргей Мацюк, Дзмітрый Удот, Генрых Хрыптовіч, Юрый Пятроў, Канстанцін Фальковіч… Гэтыя імёны моладзь паўтарае штогод на традыцыйным мітынгу, а ў гэты час з партрэтаў на нас глядзяць сумныя вочы іх -- жывых і вечна маладых воінаў, якіх у, здавалася б, мірны час забрала вайна.
Звяртаючыся да ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Артур Місюк падкрэсліў, што 15 лютага -- гэта не толькі дзень памяці загінуўшых, але і выказванне глыбокай удзячнасці ўсім, хто вярнуўся дамоў. Тым, хто сумленна выканаў свой абавязак. Артур Пятровіч падзякаваў воінам-інтэрнацыяналістам за мужнасць і стойкасць. Асаблівыя словы падзякі былі выказаны кіраўніцтву Гродзенскай вобласці і Шчучынскага раёна за пастаянную ўвагу і падтрымку воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Стала добрай традыцыяй, што на гэтым памятным месцы маладым людзям, якія ўступілі ў рады Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, уручаюць членскія білеты. Гэту пачэсную місію выканаў старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі.
Сотні кветак афарбавалі падмурак помніка “Салдатам неаб'яўленай вайны”, і гэта красамоўны доказ таго, што памяць пра герояў той вайны, мужных салдатах Айчыны жывая.
Па традыцыі ў гэты дзень прадстаўнікі райваенкамата і воіны-інтэрнацыяналісты наведалі магілы загінуўшых “афганцаў” і ўсклалі кветкі. Памяць пра воінаў-інтэрнацыяналістаў сапраўды жыве ў сэрцах беларусаў. А значэнне подзвігу, здзейсненага героямі афганскай вайны, з гадамі мы ўсведамляем ўсё глыбей.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара і Дзіяны КЕЙКА.