Жыве ў памяці іх слаўнае мінулае. 30 сакавіка споўнілася сорак год з вяртання шчучынскіх авіятараў з Афганістана
Авіятары былымі не бываюць, і слава іх паветраных подзвігаў на вякі застанецца ў гісторыі нашага горада. Штогод саслужыўцы і добрыя сябры збіраюцца ў Шчучыне на памятныя даты, сярод іх асаблівае значэнне мае 30 сакавіка – дзень, калі ў Шчучын вярнуліся авіятары, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у небе і на зямлі Афганістана.
У складзе 263-й асобнай разведвальнай авіяцыйнай эскадрыллі шчучынцы ўдзельнічалі ў афганскім канфлікце з 1983 па 1984 год. За гэты час было выканана шмат баявых задач, пры тым большасць з іх – бомба-штурмавыя ўдары. Рызыкуючы жыццём годна неслі армейскую службу нашы землякі.
У сакавіку 1984 года падышла чарга шчучынскіх авіятараў вяртацца ў Беларусь. 29 сакавіка яны перасяклі мяжу Афганістана і СССР, а на наступны дзень ужо прыбылі на месца сваёй пастаяннай дыслакацыі – ў Шчучын. Аднак не ўся эскадрылля вярнулася на радзіму, некаторыя шчучынскія авіятары яшчэ заставаліся ў зоне баявых дзеянняў, каб дапамагчы асвоіцца сваім зменшчыкам.
Памяць пра тыя падзеі жыве і шануецца авіятарамі і іх сем’ямі. Для іх стала добрай традыцыяй штогод збірацца ў Шчучыне ля памятнага знака лётчыкам, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку, каб узгадаць слаўнае мінулае.
Час раскідаў былых саслужыўцаў на далёкія адлегласці. Акрамя шчучынцаў на памятнае мерапрыемства завіталі госці з Кобрына, Мінска, Ліды і Масквы. Некаторыя баявыя таварышы не змаглі прыехаць у гэты дзень, але трымалі кантакт па відэасувязі. Разам яны ўзгадалі гісторыі сваёй маладосці, жыццё і службу ў Шчучыне.
Згодна з традыцыяй прысутныя ўшанавалі памяць лётчыкаў, якія загінулі ў небе над Шчучынам, усклалі кветкі ля памятнага знака. Кіраваў мерапрыемствам былы камандзір 10-га асобнага разведвальнага авіяцыйнага палка палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Рабаў.
– Стараемся кожны год збірацца ў Шчучыне 30 сакавіка, – адзначае Уладзімір Леанардавіч. – Асабліва на круглыя даты. На 30 год пасадзілі каля аэрадрома алею, на 35 гадоў быў пастаўлены памятны знак лётчыкам, што ўзляцелі са Шчучынскага аэрадрома і не вярнуліся з задання. Тыя дні, калі мы вярнуліся з Афганістана, вярнуліся з вайны, сталі для нас асабістым днём перамогі. Нас чакалі жонкі, дзеці, суседзі, для ўсіх гэтая падзея стала вялікім святам. А зараз 29 і 30 сакавіка з’яўляюцца для нас своеасаблівымі днямі памяці, якія мы шануем. З гадамі нас становіцца ўсё менш, але нашы традыцыі жывуць. Мы рэгулярна прыцягваем да нашых мерапрыемстваў моладзь, унукаў і не толькі, расказваем ім нашу гісторыю, ладзім экскурсіі ў музей гісторыі Шчучыншчыны, дзе асаблівае месца для нас займае экспазіцыя “Шчучын – горад авіятараў”.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.