Жаданне працаваць – першы крок да пошукаў работы

У Астрынскім сельвыканкаме пабывалі члены пастаянна дзеючай камісіі, якая каардынуе ў раёне работу па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Мерапрыемства мела фармат “ярмаркі вакансій”, бо праходзіла з удзелам прадстаўнікоў кадравых служб мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый – ААТ “АграГЖС”, Шчучынскага ПМС і ўчастка РУП ЖКГ.
Кожны дыялог з дзесяццю беспрацоўнымі грамадзянамі, якія былі запрошаны для сур’ёзнай размовы аб працаўладкаванні, завяршаўся прапановай магчымага спосабу прыкладання сіл. Так, аднаму з мужчын члены камісіі падказалі вакансію ў агракамбінаце суседняга раёна, другому параілі пацікавіцца работай у СТАА “Клубніка-Плантс” (у абодва месцы ажыццяўляецца падвоз). Праінфармавалі людзей і аб тым, што з красавіка будуць патрэбны рабочыя рукі ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве – на падборцы камянёў і пасьбе жывёлы. Зарабіць рубель можна будзе ў вясенне-летні перыяд і ў Астрыне, уладкаваўшыся ў якасці рабочага так званага зялёнага будаўніцтва для падтрымання чысціні і парадку на вуліцах пасёлка і іншых населеных пунктаў сельсавета. 
Зрэшты, кожны новы дзень “нараджае” новыя вакансіі, таму старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк – кіраўнік камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва – параіла не занятым у эканоміцы грамадзянам часцей заходзіць у Астрынскі сельвыканкам, дзе таксама маюць кампетэнцыі для вырашэння гэтага важнага пытання. Аднак, як высветлілася падчас субяседавання з мужчынамі, асобных з іх ужо складана заахвоціць быць карыснымі і сабе, і грамадству. За многія гады дабравольнага беспрацоўя яны страцілі прафесійныя навыкі і наогул жаданне ўключацца ў рабочы працэс. А адзінкавыя спробы зрабіць гэта заканчваюцца, на жаль, безвынікова. Так, перад членамі камісіі сядзеў жыхар Астрыны, які на апошнім сваім рабочым месцы пратрымаўся толькі тыдзень. Маўляў, яму больш спадручна час ад часу дапамагчы якой-небудзь бабульцы дровы пасекчы… А яшчэ аднаму маладому чалавеку падалася непераадольнай адлегласць у чатыры кіламетры – акурат столькі да вытворчага аб’екта, дзе ёсць месца працы.
Ганна Станіславаўна ў размове з астрынчанамі падкрэсліла, што зацікаўленасць быць занятымі ў эканоміцы павінна быць найперш у іх саміх – каб мець грошы на пражытак, выпрацаваць не толькі рабочы стаж, але і страхавы, без якога немагчыма атрымаць пенсію. Усе прыйшоўшыя на выязное пасяджэнне былі таксама падрабязна праінфармаваны пра алгарытм пошуку працы і звароту па садзейнічанне ў гэтым. Яны атрымалі памяткі з нумарамі тэлефонаў службы занятасці і раённай камісіі.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!