Землятрус душы

Не сакрэт, што большасць злачынстваў на бытавой глебе ўчыняюцца менавіта ў стане алкагольнага ап’янення. Па словах аднаго з пісьменнікаў, “алкаголь – гэта павадок для д’ябла, які водзіць сваю ахвяру, як Марка па пеклу. І толькі моцныя духам знаходзяць у сабе сілы абарваць гэтую повязь і вярнуцца да жыцця”. Фігуранты гісторыі, якую маем намер расказаць, на жаль, так і не здолелі пазбавіцца ад аркана, які накінула на іх зладзейка з наклейкай. А мо проста не спрабавалі гэта зрабіць? Так ці інакш, але менавіта гарэлка стала каталізатарам у вялікай сямейнай трагедыі.

У апошні час Генадзь (гэта і іншыя імёны зменены, а ўсе супадзенні выпадковыя. – Заўв. аўтараў) часта сыходзіў з дому. Родныя здагадваліся: знаходзіў сабе кампаніі і піў. Потым вяртаўся, адлежваўся і зноў шукаў дарогу да гарэлкі. Так паступова малады чалавек набыў моцную залежнасць ад алкаголю, нідзе не працаваў, пабываў у ЛПП, страціў спакой і парадак у душы: ужо не звяртаў увагі на просьбы і ўшчуванні родных, канфліктаваў з бацькам… На жаль, і гаспадар дома – Рыгор – не стаў для сына ўзорам цвярозых паводзін, таксама браўся за чарку. Праўда, агрэсіі на гэтай глебе не праяўляў, яго душэўны землятрус заставаўся для навакольных нябачным.

Здавалася, так будзе працягвацца вечна: выпілі – працверазіліся, выпілі – працверазіліся...

Вось і ў той дзень, які стаў для сям’і чорным, бацька і сын ладзілі застолле разам. Чарка па чарцы, і распачалася спрэчка. Незадаволенасць, крыўды, прэтэнзіі… Падстава для гэтага была: напярэдадні сын у чарговы раз вярнуўся з “паходу” і разлічваў крыху ачуняць у бацькавым доме.

Так, славесныя перабранкі ўзнікалі паміж мужчынамі і раней, але пасля эмацыянальнага “кіпежу” бакі заціхалі і разыходзіліся. А на гэты раз здарылася непапраўнае.

Сведкамі трагедыі сталі падлеткі – унук гаспадара дома і яго сябар. Следчым хлопцы расказалі, што адбылося на іх вачах. Па іх словах, Генадзь сядзеў на кухні, калі туды зайшоў бацька. Апошні стаў выказваць сыну прэтэнзіі, як яны зразумелі, за нанесеную незадоўга да гэтага абразу. І ўжо праз хвіліну абодва нецвярозыя мужчыны стаялі насупраць адзін аднаго. У руках старэйшага з’явіўся нож, лязо якога ён накіраваў у бок Генадзя. Той зрабіў крок насустрач, і калі адлегласць паміж абудвума скарацілася, бацька рэзка нанёс удар…

Прыехала “хуткая дапамога”, якую выклікалі відавочцы трагедыі. Пацярпелага даставілі ў бальніцу, дзе ён праз паўтары гадзіны памёр.

Бацька не адмаўляў у судзе: так, ён нанёс сыну ўдар нажом, але намеру забіваць не меў. Магчыма, не крывіў душой, раскайваўся. Ды толькі жыццё не кінастужка, назад не адматаеш…

Маці загінулага хлопца не апраўдвала абвінавачанага – свайго былога мужа, але і не нападала на яго ў парыве эмоцый. Несумненна, яе сэрца моцна балела: што ні кажы – страціла сына. Між тым жанчына ведала, адкуль “вырасла” бяда: сын даўно глядзеў на белы свет праз дно шклянкі, гарэлка змяніла яго сутнасць, погляды, паводзіны.

Органы папярэдняга расследавання, а потым і суд узважана падышлі да разгляду рэзананснай крымінальнай справы, далі сваю ацэнку трагічным падзеям. Рыгор быў прызнаны вінаватым у асабліва цяжкім злачынстве – наўмысным проціпраўным пазбаўленні жыцця другога чалавека. На падставе ч.1 арт. 139 Крымінальнага Кодэкса РБ яму было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды на працяглы тэрмін з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Дзмітрый ГАЙДУКЕВІЧ, намеснік пракурора раёна.

Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!