Заўжды на сувязі з “Дзянніцай”

 

Ветэран працы Ганна Феліксаўна Аляхновіч ужо на адпачынку. Вольнага часу хапае, з камп’ютарам даўно на “ты”, таму інфармацыю ахвотна чэрпае з інтэрнэту. Аднак ад папяровай версіі любімай газеты і не думае адмаўляцца. Аляхновічы чытаюць “Дзянніцу” ўсёй сям’ёй – ад першага радка і да апошняга.

 

– Ну як гэта – не выпісаць сваю раёнку? – здзіўляецца галава сямейства. – Без газеты нібы чагосьці не стае ў доме.

 

Ганна Феліксаўна з задавальненнем узгадвае сваё першае знаёмства са Шчучынскай раённай газетай – на той час “Савецкай вёскай”. Сама яна родам з вёскі Ліпічанка, дзе жыў і нават сябраваў з яе бацькамі вядомы грамадскі карэспандэнт Іван Санікевіч. Рэдкі нумар абыходзіўся без яго публікацыі. У сваіх допісах селькор-самародак расказаў, лічы, пра ўсіх сваіх аднавяскоўцаў, бо ў кожным знаходзіў адметныя вартасці. Нядзіўна, што “Савецкая вёска” карысталася ў жыхароў Ліпічанкі вялікай папулярнасцю.

 

А вось уладкаваўшыся пасля заканчэння школы на працу, дзяўчына ў сваіх пяшчотных руках штодзень трымала ўжо сотні газет!

 

– Мяне прынялі на наш “галоўпаштамт” у якасці сарціроўшчыка паштовых адпраўленняў і перыядычнага друку, – з настальгіяй успамінае Ганна Феліксаўна. – Пошта знаходзілася насупраць сучаснага магазіна “Амі”. Будынка таго ўжо няма. Памятаю, як да дзвярэй пад’язджаў паштовы грузавік з Мінска, да верху набіты свежай перыёдыкай. А нам трэба было размеркаваць гэта газетнае мора па сельскіх аддзяленнях сувязі, якіх па раёне налічвалася каля чатырох дзясяткаў. “Савецкую вёску” выпісвалі, лічы, у кожным доме. І літаральна кожны экзэмпляр праходзіў праз мае рукі.

 

Добрасумленная і зацікаўленая ў прафесійным развіцці маладая супрацоўніца хутка рухалася па службовай лесвіцы, завочна атрымлівала адукацыю, стварыла сям’ю, выхоўвала дзетак… Як толькі ўмудралася ўсюды паспяваць? Ганне Аляхновіч дапамагалі такія рысы характару, як мэтанакіраванасць, настойлівасць, жаданне вучыцца, самаўдасканальвацца, не стаяць на месцы. Напрыклад, займаючы пасаду аператара па якасці, а потым і інжынера па нарміраванні працы, Ганна Феліксаўна сама распрацоўвала нарматывы і стандарты, назубок ведала статыстыку, пешшу разам з паштальёнамі абхадзіла ўсе хутары і вёсачкі Шчучыншчыны. Магла з лёгкасцю сесці на веласіпед або, “прагаласаваўшы”, дабрацца на спадарожнай машыне ў аддалены куточак раёна, дзе жылі падпісчыкі. А самай папулярнай газетай, як вядома, была і застаецца свая раёнка.
У 90-х Ганна Феліксаўна працавала ўжо эканамістам, а калі адбылася рэарганізацыя і ад прадпрыемства аддзялілася электрасувязь, Г.Ф. Аляхновіч прапанавалі пасаду намесніка начальніка раённага вузла паштовай сувязі.

 

– Узначальваў тады нашу арганізацыю Антон Баляслававіч Собаль – кіраўнік вельмі адказны, патрабавальны, але сапраўдны прафесіянал. Працаваць было вельмі цікава, – дзеліцца перажытым жанчына. – Наш РВПС першым у Гродзенскай вобласці ўкараняў у практыку работы перасоўныя аддзяленні сувязі. Як альтэрнатыва закрытым з-за нерэнтабельнасці невялікім аддзяленням да вяскоўцаў прыязджала аказваць паслугі “пошта на колах”. Сёння гэтым нікога не здзівіш, а тады ўсё выглядала як ноу-хау.
За высокі прафесіяналізм, шматгадовую і добрасумленную працу ў галіне Ганна Феліксаўна Аляхновіч была ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства сувязі “Заслужаны сувязіст Беларусі”.

 

Хутка ляцяць гады, але не адпускаюць успаміны пра напружаныя працоўныя будні, як і раней, радуюць сустрэчы з калегамі.

 

– Калісьці па сваім службовым абавязку я актыўна займалася пытаннямі падпіскі газет, і ў гэтай справе старалася служыць прыкладам для іншых, таму “Дзянніца” заўжды была ў нашым доме. І сёння яна дапамагае быць у курсе ўсіх падзей: прыемна чытаць аб прадстаўніках свайго пакалення, знаёміцца са слаўнымі справамі маладых сучаснікаў. За тое, што газета мае “чалавечы твар”, мы яе і цэнім, – падагульняе гутарку наша верная падпісчыца.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!