Запісанае застанецца…

Не проста ўразіла, а балюча разанула па сэрцы нядаўна агучаная статыстыка: у Шчучынскім раёне зараз пражываюць усяго шэсць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Адыходзіць у нябыт самае мужнае пакаленне нашых сучаснікаў.

 

Міжволі ўзгадваецца, як напрыканцы 70-х нам, старшакласнікам Ражанкаўскай сярэдняй школы, выкладчыкі мовы і літаратуры давалі заданне наведаць удзельніка вайны, распытаць аб ягоным баявым шляху і напісаць паводле гэтых успамінаў сачыненне. Ці не ў тых першых спробах правесці інтэрв’ю з чалавекам няпростага лёсу, імкненні “разгаварыць” яго, зразумець ягоную душу і пачаўся мой шлях у журналістыку? Запомнілася, што людзі, якія прайшлі суровымі дарогамі вайны, у той час жылі амаль ці не ў кожным доме, самааддана працавалі на заводзе і іншых прадпрыемствах нашага мястэчка. І хоць не вельмі ахвотна згаджаліся яны гаварыць пра вайну, аднак пры асабліва настойлівым перакананні падзяліцца сваімі, тады досыць свежымі і ад таго яшчэ больш балючымі, успамінамі з моладдзю, усё ж ішлі насустрач.

 

А вось свайго ўласнага дзядулю – Яраслава Дзмітрыевіча Сяргея, які адправіўся на фронт летам 1944-га, адразу пасля вызвалення ад акупантаў роднай вёскі Лычкаўцы, так і не здолела я “раскруціць” на падрабязны расказ, аб чым вельмі шкадую. Ведаю толькі, што атрымаў ён цяжкае раненне пры штурме Кёнігсберга, быў узнагароджаны медалём “За адвагу”, але ўрачы ў ваенным шпіталі віншавалі яго не з гэтай нагоды, а з … паўторным днём нараджэння.
Запомнілася, калі нашаму дзядулю як інваліду Вялікай Айчыннай вайны ад дзяржавы быў “выдзелены” прыгожы сіненькі “Запарожац”, і ўся вёска дружна прыходзіла на дзедаў хутар, каб падзівіцца на легкавік – такі нерэальна рэдкасны на простым сялянскім падворку ў часы татальнага дэфіцыту тавараў. Сярод хатніх рарытэтаў і сёння захоўваюцца некалькі паласатых “сподачкаў” ад прыгожага чайнага сервіза, які калгас імя Суворава падарыў майму дзядулі-ветэрану з нагоды чарговага юбілею Перамогі. Калі трапляе ў рукі той паласаты посуд (вось яна – магічная сіла любога падарунка!), усялякі раз зноў і зноў успамінаю і дзядуліну ўсмешку ў пшанічнага колеру вусы, і гонар простага селяніна за тое, што яго ваенны шлях не забылі аднавяскоўцы, і тыя паважлівыя адносіны да ветэранаў, якімі славілася і сёння славіцца наша Беларусь.

 

 Колькі іх, неверагодных, але праўдзівых гісторый, мне давялося выслухаць за гады журналісцкай работы ад маіх герояў! Многія з гэтых аповедаў на ўсё жыццё ўрэзаліся ў памяць і ўжо ніколі “не адпусцяць”. Неяк на гадзінку ранкам завітала з блакнотам да франтавой медсястры Галіны Іванаўны Пагарэлавай на вуліцу Пушкіна ў Шчучыне, а выйшла з яе кватэры толькі вечарам – узрушаная ад пачутага, з уражаннем, што не проста ўспаміны пачула, а нібыта праглядзела шматсерыйны вострасюжэтны баявік пра вайну, дзе перад вачыма паўсталі эпізоды рызыкоўных аперацый, выбухі, бамбёжкі, шквальны агонь, дзе жыцці людзей літаральна віселі на валаску. І былі гэта героі не кіношныя – героі рэальныя: з іх абвостранымі пачуццямі, прагай жыцця, верай у Перамогу.

 

Перагортваю старонкі старых блакнотаў, якія захоўваю ў асабістым архіве дзясяткі год, бо не падымаецца рука развітацца са згусткам занатаваных тут дыялогаў, чалавечых эмоцый і рэальных падзей. Вось усяго фрагмент гутаркі з чалавекам, якога даўно няма ў зямным жыцці, а ягоны расказ і сёння пранікае ў душу. Іван Апанасавіч Церабілка з Вялікіх Бярозаўцаў дзяліўся са мной самым незабыўным для яго ваенным эпізодам, дарэчы, зусім не звязаным з боем. Заданне было атрымана за два дні да наступлення на Берлін. Патрабавалася, здавалася б, нерэальнае: за ноч узвесці мост праз бурлівую раку. Цяжкую, знясільваючую работу салдаты выконвалі, стоячы па пояс у сцюдзёнай вадзе. І гэта таксама быў гераізм – не меншы за той, дзе рызыкавалі жыццём, гарэлі ў танку або целам закрывалі амбразуру. А калі работа была выканана, хтосьці з вышэйшых чыноў выказаў асцярогу, што мост не вытрымае нагрузак. “Тады наш камандзір добраахвотна вызваўся стаяць пад мостам, пакуль па тым будзе перапраўляцца тэхніка, – расказваў Іван Апанасавіч. – І калі ўсе машыны праехалі, наш капітан выйшаў з абсалютна сівой галавой, хоць да гэтага меў чарнявую шавялюру…”

 

Вось так кавалася Перамога – адна на ўсіх. А самы доўгачаканы і векапомны дзень, як і ваенны шлях, у кожнага свой. “Нас, цяжкапараненых, цягнік вёз у шпіталь, і раптам мы ўбачылі неба ў жоўтых, аранжавых, зялёных, чырвоных бліскавіцах, – расказваў Іван Уладзіміравіч Аліхвер з Каменкі. – Устрывожыліся не на жарт, не можам уцяміць, што адбываецца. Няўжо гітлераўцы атакуюць новымі відамі зброі? На бліжэйшым прыпынку медсястра спытала ў чалавека, які імкліва нёсся да вагона, што здарылася? Ён з усяе моцы крыкнуў нам: “Перамога!” і ўпаў на зямлю без усялякіх сіл. Аказваецца, ён доўга бег, пераадолеў з дзясятак кіламетраў, каб прынесці на чыгуначную станцыю гэту добрую вестку.”
…Люблю перагортваць старыя блакноты. З іх старонак гучаць для мяне галасы з мінулага, галасы самой гісторыі. Як добра, што запісанае застаецца…

 Таццяна СТУПАКЕВІЧ.