Загадчык участка саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Валерый Янкоўскі быў адзначаны медалём “За працоўныя заслугі”

Загадчык вытворчага ўчастка РУСП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава” Валерый Янкоўскі быў адзначаны медалём “За працоўныя заслугі”. Высокую ўзнагароду яму ўручыў прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка па даручэнні Прэзідэнта краіны.
Працоўны стаж Валерыя Пятровіча налічвае больш за 40 гадоў, большасць з якіх ён прысвяціў менавіта саўгасу “Вялікае Мажэйкава”. Сам Валерый Янкоўскі родам з вёскі Зенявічы Васілішкаўскага сельсавета. Пасля вучобы ў Гурнофельскай школе паступіў у Навагрудскі сельгастэхнікум. Па размеркаванні паехаў на працу ў Круглянскі раён Магілёўскай вобласці. Потым былі два гады службы ў войску і вяртанне на родную Шчучыншчыну, у Астрыну, адкуль у 1987 годзе перайшоў працаваць у Вялікае Мажэйкава. Акрамя таго, Валерый Янкоўскі завочна скончыў Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут.
– Шмат чаго змянілася ў сельскай гаспадарцы за гэтыя гады, – расказвае Валерый Пятровіч. – Павялічылася эфектыўнасць працы. Але найбольшыя змены адбыліся ў тым, што ў наш час усё менш становіцца механізатараў і іншых работнікаў. Гэта і нядзіўна, бо з кожным годам памяншаецца насельніцтва вёсак. Таму тэндэнцыі зараз такія, што тэхніка паступова замяняе людзей. Зараз мы маем сучасныя моцныя трактары, камбайны і касілкі, таму і атрымліваецца з кожным годам павышаць паказчыкі.
Як адзначыў наш суразмоўца, мінулы год стаў даволі паспяховым для саўгаса “Вялікае Мажэйкава”. Аграрыі добра спрацавалі, павялічылі паказчыкі па вытворчасці збожжа і рапсу ў параўнанні з мінулым годам і прыбавілі па малаку.
– Быў рады, што мяне заўважылі і адзначылі ўзнагародай, – гаворыць Валерый Янкоўскі. – Атрымаць медаль і паціснуць руку прэм’ер-міністру, вядома ж, прыемна. Але разам з тым трэба памятаць, што медаль – гэта ўзнагарода ўсяго калектыву нашага прадпрыемства. Ні для каго не сакрэт, што сельская гаспадарка – гэта калектыўная праца. Адпаведна дасягненні і высокія паказчыкі трэба лічыць агульнай заслугай усіх нашых работнікаў, якія штодня працуюць на карысць сваёй Радзімы.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.