Задаць пытанне, падзяліцца праблемай

пажадалі шэсць жыхароў раёна, якія патэлефанавалі сёння на “прамую лінію” намесніку старшыні Шчучынскага райвыканкама Аляксею Валянцінавічу Садоўскаму.

Тэматыка зваротаў традыцыйна класічная: якасць шляхоў зносін і камунальных паслуг. У зацікаўленых дыялогах з прадстаўніком улады ўдзельнічалі пераважна вяскоўцы. Асаблівую актыўнасць праявілі падчас “прамой лініі” жыхары ражанкаўскага рэгіёна.

Так, жыхарка аграгарадка Ражанка хоча бачыць больш зручнай для праезду дарогу ад чыгункі да дома №32 па вуліцы Шчучынскай. Па словах жанчыны, гэтаму ўчастку патрэбен рамонт. Яна звярталася з гэтым пытаннем у сельвыканкам, але адказу чамусьці не атрымала. Другая яе зямлячка патэлефанавала А.В. Садоўскаму, каб звярнуць увагу на неабходнасць абгарадзіць скрыні для збору бытавых адходаў, устаноўленыя паміж дамамі №2 і №4 усё па той жа вуліцы Шчучынскай.

Прагучаў званок і з аграгарадка Балічы. Заяўніца расказала, што 12 кароў, якія знаходзяцца ва ўласнасці мясцовых жыхароў, у пошуках травы вымушаны пераадольваць да чатырох кіламетраў, бо ранейшае месца пашы, па словах жанчыны, сельгаспрадпрыемства апрацавала хімікатамі. “Відаць, трэба дачасна пераводзіць жывёлу на стойлавае ўтрыманне”, -- непакоіцца жанчына. І агучвае просьбу ад усіх гаспадароў буронак: “Каб на наступны год пад выпас пакінулі тое ж, блізкае да вёскі месца…”.

Няма цяпла ў доме №14 па вуліцы Першамайскай у Орлі, бо, па сцвярджэнні гаспадыні адной з кватэр, у батарэях сабралася паветра. Маўляў, спецыялісты РУП ЖКГ не могуць ліквідаваць праблему, паколькі дом не знаходзіцца на балансе іх прадпрыемства.

Як запэўніў А.В. Садоўскі, балансаўтрымальніка гэтага жылля папросяць выйсці з ценю і даручаць яму выканаць абавязкі па абслугоўванні жылога будынка.

А вось жыхарку вуліцы Камуністычнай г.п. Жалудок не задавальняюць абуладкаваныя на праезджай частцы штучныя няроўнасці. Здавалася б, зроблена добрая справа: хуткасць руху транспарту абмежавана, уровень бяспекі ля пешаходных пераходаў павысіўся… Але заяўніца стаіць на сваім: пры праездзе сельгастэхнікі з грузам жыхары суседніх дамоў адчуваюць дыскамфорт, а значыць, варта перанесці “ляжачых паліцэйскіх” у іншае месца.

У гэтай сітуацыі будуць разбірацца сельвыканкам і адпаведныя службы, запэўніў намеснік старшыні райвыканкама.

Набрала нумар тэлефона “прамой лініі” і жыхарка Шчучына, якая папрасіла падсыпаць участак дарогі ў раёне вуліц Акадэмічная і Рачная.

А.В. Садоўскі ўважліва аднёсся да ўсіх зваротаў: яны будуць накіраваны для разгляду і рэагавання ў адпаведныя службы і арганізацыі. Заяўнікі атрымаюць адказы.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!